Яна 6 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Просьле гэтага пайшоў Ісус за мора Ґалілейскае Тыверады.
Пасля гэтага адышоў Ісус на той бок Галілейскага, ці Тыверыядскага, мора.
І вялікі груд пайшоў за Ім, бо бачылі знакі, што Ён чыніў над хворымі.
А ўспед за ім ішло шмат народу, бо бачылі Яго цуды, якія рабіў над хворымі.
Ісус жа ўзышоў на гару і там сядзеў з вучанікамі Сваімі.
Ісус жа ўзышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
Бліжылася ж Пасха, сьвята юдэйскае.
Блізка ж была Пасха, іудзейскае свята.
Тады Ісус, узьняўшы вочы Свае й пабачыўшы, што вялікі груд ідзець да Яго, кажа Піліпу: «Скуль мы купім букаткаў, каб яны маглі есьці?»
Ісус, падняўшы вочы і ўбачыўшы, што шмат народу ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе б нам купіць хлябоў, каб яны паелі?»
Казаў жа гэта, прабуючы іх, бо ён ведаў, што маніўся ўчыніць.
Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы таго, бо ведаў Сам, што будзе рабіць.
Піліп адказаў Яму: «Букаткаў за дзьвесьце дынароў ня стане ім, каб кажны зь іх крыху дастаў».
Адказаў яму Піліп: «На дзвесце дынарыяў не стане ім хлеба, каб кожны [што] трошкі ўзяў».
Кажа Яму адзін із вучанікаў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пётры:
Кажа Яму адзін з Яго вучняў, Андрэй, брат Сімана Пятра:
«Ё дзяцюк тут, што мае пяць ячных букаткаў і дзьве рыбкі, але што гэта на так шмат?»
«Ёсць тут хлапец, што мае пяць ячных хлябоў і дзве рыбкі; але што гэта на такое мноства?»
Ісус сказаў: «Загадайце, каб людзі ўзьляглі». Было шмат травы на тым месцу. Дык людзі ўзьляглі ў ліку каля пяцёх тысячаў.
Сказаў. Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было шмат травы на тым месцы. І ўзлягло мужчын лікам з пяць тысяч.
Ісус, узяўшы букаткі і ўчыніўшы падзяку, раздаў вучанікам, а вучанікі лежачым; і таксама рыбкі, колькі хацелі.
А Ісус узяў хлябы і, уздаўшы падзяку, раздаў тым, што ўзлягалі, таксама і з рыбак, колькі яны хацелі.
І, як пад’елі, кажа вучанікам Сваім: «Зьбярыце тыя кавалкі, што засталіся, каб нічога не загінула».
А як наеліся яны, кажа Ён Сваім вучням: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не згінула».
Яны зьберлі й напоўнілі двананцаць поўных кашоў кавалкамі зь пяцёх букаткаў, што засталіся ў тых, каторыя елі.
І сабралі яны і напоўнілі дванаццаць кашоў тымі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў едакоў.
Тады людзі, бачачы знак, што Ісус учыніў, казалі: «Гэта запраўды прарока, каторы меў прыйсьці на сьвет».
Тады людзі, убачыўшы цуд, які зрабіў Ён, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, які павінен прыйсці ў свет».
Ісус; жа, ведаючы, што маніліся прыйсьці і няць Яго, каб пастанавіць за караля, ізноў адыйшоў на гару адзін.
Ісус жа, даведаўшыся, што збіраюцца прыйсці і забраць Яго, каб зрабіць царом, зноў пайшоў на гару Сам адзін.
Як жа настаў вечар, вучанікі Ягоныя зышлі над мора
А як надышоў вечар, спусціліся Яго вучні да мора
І, увыйшоўшы ў струг, плылі на другі бок мора, да Капернауму. І ўжо сьцямнела, і Ісус ня прыходзіў да іх.
і, уступіўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а яшчэ не прыходзіў да іх Ісус.
Мора ж хвалявалася, бо веяў вялікі вецер.
І мора, калі ўзняўся вялікі вецер, узбурылася.
Адплыўшы каля дваццаць пяцёх або трыццаць стадаў, яны абачылі, што Ісус ішоў па мору і бліжыўся да стругу, і спалохаліся.
І вось як яны прайшлі на вёслах стадый з дваццаць пяць ці з трыццаць, бачаць Ісуса, што ідзе па моры і набліжаецца да лодкі, і яны спалохаліся.
Але Ён сказаў ім: «Гэта Я, ня бойцеся».
Ён жа кажа ім: «Гэта Я; не бойцеся».
І ўзялі Яго ахвотна да стругу, і зараз струг быў на месцу, куды яны ськіраваліся.
Тады яны хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен зараз жа прыстаў да зямлі, у якую ехалі.
Назаўтрае груд, што стаяў на другім баку мора, абачылі, што ня было іншага струга, апрача таго, у каторы ўвыйшлі вучанікі Ягоныя, і што Ісус ня ўвыйшоў у струг з вучанікамі Сваімі, але вучанікі Ягоныя адплылі адны.
На другі дзень натоўп, што стаяў на тым баку мора, убачыў, што другога чоўна, апроч аднаго, там не было і што Ісус не ступаў у човен разам са Сваімі вучнямі, але Яго вучні ад’ехалі адны.
Іншыя, адылі, лодкі прыплылі з Тыверады блізка да тога месца, ідзе елі хлеб, як дзякі ўчыніў Спадар.
А з Тыверыяды прыбылі чоўны блізка да таго месца, дзе елі хлеб пасля Гасподняй падзякі.
Затым, як груд абачыў, што там ня было Ісуса ані вучанікаў Ягоных, увыйшлі ў струг і прыбылі да Капернауму, шукаючы Ісуса.
Калі ўбачыў натоўп, што ні Ісуса там няма, ані Яго вучняў, ступілі яны ў чоўны і прыехалі ў Капернаум, шукаючы Ісуса.
І, знайшоўшы Яго на другім баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?»
І, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыбыў?»
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Запраўды, запраўды кажу вам: вы шукаеце Мяне не затым, што бачылі знакі, але затым, што елі з букаткаў і пад’елі.
У адказ ім Ісус сказаў: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму што паелі хлябоў і наеліся.
Працуйце не на ежу, каторая гіне, але на ежу, што застаецца да жыцьця вечнага, каторую Сын Людзкі дасьць вам; бо на Ім паклаў пячаць Ацец, Бог».
Старайцеся не аб спажыве, што гіне, а аб спажыве, што застаецца на вечнае жыццё, якое дасць вам Чалавечы Сын; бо Яго вызначыў Бог Бацька».
Дык сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб спраўляць справы Божыя?»
Тады яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб тварыць справы Божыя?»
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта ё справа Божая, каб вы верылі ў Таго, каго Ён паслаў».
У адказ Ісус сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы ўверавалі ў Таго, Каго Ён паслаў».
Яны ж сказалі Яму: «Што ж за знак чыніш, каб мы бачылі й верылі Табе? што Ты дзееш?
Тады яны сказалі Яму: «Дык што за знак падасі, каб мы ўбачылі і ўверавалі ў Цябе? Што робіш?»
Айцове нашы елі манну на пустыні, як напісана: "Даў ім хлеб ізь неба есьці"».
Нашы бацькі елі манну ў пустэльні, як напісана: «Хлеб з неба даў ім есці».
Тады Ісус сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: не Масей даў вам хлеб ізь неба, але Ацец Мой даець вам праўдзівы хлеб ізь неба;
Сказаў жа ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Не Майсей хлеб з неба вам даў, але Мой Бацька хлеб праўдзівы дае вам з неба.
Бо хлеб Божы ё тый, што зыходзе зь неба і даець жыцьцё сьвету».
Бо хлеб Божы ёсць Той, Хто сходзіць з неба і дае жыццё свету».
І сказалі Яму: «Спадару, давай нам хлеба гэтага заўсёды».
А яны сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэты хлеб!»
Ісус сказаў ім: «Я хлеб жыцьця; хто прыходзе да Мяне, ніяк ня будзе прагці, і хто вера ў Мяне, ніколі ня будзе сьмягці.
Ісус жа сказаў ім: «Я — хлеб жыцця! Хто да Мяне прыходзіць — не будзе знаць голаду, а хто ўверуе ў Мяне — не будзе прагнуць ніколі.
Але Я сказаў вам, што вы й бачылі Мяне, і ня верыце.
Але Я сказаў вам, што вы і бачылі [Мяне], ды не веруеце.
Усе, што даець Імне Айцец, да Мяне прыйдзе, і прыходзячага да Мяне ня выжану вон,
Усё, што дае Мне Бацька, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, я не выкіну вон,
Бо Я зышоў зь неба не каб чыніць волю Сваю, але волю таго, хто паслаў Мяне.
бо Я зышоў з неба не дзеля таго, каб тварыць Сваю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
І гэта ё воля таго, хто паслаў Мяне, каб із усяго, што Ён даў Імне, нічога ня згубіць, але ўскрысіць апошняга дня;
Гэта ж воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але ўваскрасіў бы тое ў апошні дзень.
Бо гэта ё воля Айца Майго, каб кажны, што бача Сына і вера ў Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўскрышу яго апошняга дня».
Бо гэта воля Майго Бацькі, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыццё, і ўваскрашу яго Я ў апошні дзень».
Юдэі наракалі на Яго за тое, што Ён сказаў: «Я хлеб, што зышоў зь неба».
Тады пачалі іудзеі наракаць на Яго, што сказаў: «Я — хлеб, што зышоў з неба»,
І казалі яны: «Ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, каторага айца й маці мы знаем? Як жа Ён кажа: "Я зышоў зь неба"?»
і казалі яны: «Ці гэты не Ісус, Іосіфаў сын, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён цяпер кажа: «Я зышоў з неба?»
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце мяжсобку.
Ісус у адказ сказаў ім: «Не наракайце між сабою.
Ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не пацягне яго Айцец Мой, што паслаў Мяне; і Я ўскрышу яго апошняга дня.
Ніхто не можа прыйсці да Мяне, капі Бацька, што паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень.
У прарокаў напісана: "І ўсі будуць навучаны Богам". Кажны, каторы чуў ад Айца і навучыўся, прыходзе да Мяне.
Напісана ў прарокаў: «І будуць усе навучаны Богам». Кожны, хто ад Бацькі пачуў і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
Не, каб хто бачыў Айца, апрача таго, каторы ё з Богам; Тый бачыў Айца.
Гэта не значыць, каб нехта Бацьку бачыў, толькі Той, Хто паходзіць ад Бога, Бацьку бачыў.
Запраўды, запраўды кажу вам: хто вера ў Мяне, мае жыцьцё вечнае.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Той, хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыццё.
Я хлеб жыцьця.
Я — хлеб жыцця.
Айцове вашы елі манну на пустыні і памерлі.
Вашы бацькі елі ў пустэльні манну і памерлі.
Гэта ё хлеб, што зыходзе зь неба; хто будзе есьці яго, не памрэць.
Гэта хлеб, што зыходзіць з неба, каб чалавек ад Яго спажыў і не памёр.
Я — хлеб жыцьця, што зышоў зь неба; калі хто будзе есьці гэты хлеб, будзе жыць на векі. Хлеб жа, каторы Я дам, ё цела Мае, каторае Я аддам за жыцьцё сьвету».
Я — жывы хлеб, што зышоў з неба: калі хто будзе спажываць ад гэтага хлеба, будзе жыць вечна, а хлеб жа, што Я дам, гэта цела Маё, якое Я дам за жыццё свету».
Тады Юдэі сьперачаліся мяжсобку, кажучы: «Як можа гэты даць нам цела есьці?»
Іудзеі ж спрачаліся між сабою, кажучы: «Як можа Ён даць нам спажываць цела?»
Дык Ісус сказаў ім: «Запраўды, запраўды кажу вам: калі не ясьце цела Сына Людзкога і ня п’іце крыві Ягонае, ня маеце жыцьця ў сабе.
Дык сказаў ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Калі вы не спажываеце цела Чалавечага Сына і не п’яце Яго крыві, не маеце жыцця ў сабе.
Хто есьць цела Мае і п’ець кроў Маю, мае жыцьцё вечнае, і Я ўскрышу яго апошняга дня;
Хто Маё цела спажывае і Маю кроў п’е, той мае вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
Бо цела Мае запраўды ё ежа, і кроў Мая запраўды ё піценьне.
Бо Маё цела — сапраўдная спажыва, а Мая кроў — сапраўднае пітво.
Хто есьць цела Мае і п’ець кроў Маю, перабывае ў Імне, і Я ў ім.
Хто Маё цела спажывае і Маю кроў п’е, той ува Мне трывае, І Я ў ім.
Як жывы Айцец паслаў Мяне, і Я жыву Айцом, таксама хто есьць Мяне, будзе жыць таксама Імною.
Як паслаў Мяне Жывы Бацька, і Я жыву Бацькам, так хто Мяне спажывае, будзе жыць Мною.
Гэта хлеб, што зышоў зь неба. Не як айцове елі й памерлі: хто есьць гэты хлеб, будзе жыць на векі».
Гэта хлеб, што з неба зышоў, не такі, які елі бацькі і памерлі; хто гэты хлеб спажывае, будзе жыць вечна».
Гэта сказаў Ён у бажніцы, вучачы ў Капернауме.
Гэта сказаў Ён, калі ў Капернауме навучаў у сінагозе.
Затым шмат хто з вучанікаў Ягоных, чуючы, казалі: «Цяжкое гэта слова! хто можа слухаць гэта?»
А шмат хто з Яго вучняў, пачуўшы гэта, сказаў: «Цяжкае гэтае слова. Хто можа слухаць Яго?»
Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучанікі Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: «Ці гэта ўражае вас?
Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што Яго вучні на гэта наракаюць, сказаў ім: «Ці гэта вас абурае?
Што ж, калі б вы абачылі Сына Людзкога ўзыходзячага туды, ідзе быў уперад?
А што, калі ўбачыце Чалавечага Сына, як узыходзіць туды, дзе Ён быў спярша?
Гэта дух, што ажыўляе; цела нічога не памагае. Словы, што Я кажу вам, ё дух і жыцьцё.
Дух дае жыццё, цела не прыносіць карысці. Словы, якія казаў Я вам, гэта дух і гэта жыццё.
Але з памеж вас ё некатрыя, што ня вераць». Бо Ісус спачатку ведаў, хто няверучыя, і хто ізрадзе Яго.
Але ёсць з вас такія, што не веруюць». Бо ведаў з самага пачатку Ісус, хто не веруе і хто выдасць Яго.
І сказаў: «Затым Я кажу вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі ня будзе гэта дана яму ад Айца».
І сказаў Ён: «Таму Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе дадзена яму ад Бацькі».
Адгэтуль шмат хто з вучанікаў Ягоных адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім.
З гэтага часу шмат хто з Яго вучняў адстаў і больш з Ім не хадзіў.
Тады Ісус сказаў двананцацём: «Ці вы таксама хочаце адыйсьці?»
Тады сказаў Ісус Дванаццаці: «Ці не хочаце і вы адысці?»
Сымон Пётра адказаў Яму: «Спадару, да каго мы пойдзем? Словы жыцьця вечнага Ты маеш,
Адказаў Яму Сіман Пятро: «Госпадзе, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця,
І мы ўверылі й пазналі, што Ты Сьвяты Божы».
і мы ўверавалі і пазналі, што Ты — Хрыстос, Божы Святы».
Ісус адказаў ім: «Ці не двананцацёх абраў Я вас, адзін із вас, адылі, дзявал».
Адказаў ім Ісус: «Ці не Я вас, Дванаццаць, выбраў? Ды адзін з вас д’ябал».
Сказаў жа празь Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты маніўся выдаць Яго, будучы адзін із двананцацёх.
А казаў Ён пра Юду, Сіманавага сына, Іскарыёта. Бо гэты меўся выдаць Яго, адзін з Дванаццаці.