Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Потым жа Ісус хадзіў па Ґалілеі, бо не хацеў хадзіць у Юдэі, бо Юдэі шукалі забіць Яго.
І пасля гэтага хадзіў Ісус па Галілеі; бо па Іудзеі Ён не хацеў хадзіць, таму што іудзеі шукалі Яго забіць.
І бліжэла юдэйскае сьвята Будкаў.
А набліжалася іудзейскае свята — стаўленне Буданоў.
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адгэтуль і йдзі да Юдэі, каб і вучанікі Твае бачылі ўчынкі Твае, каторыя Ты чыніш;
Тады Яго браты сказалі Яму: «Пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і Твае вучні ўбачылі ўчынкі Твае, што Ты робіш;
Бо ніхто ня робе нічога ў тайбе, і хоча сам быць ведамным; калі Ты чыніш гэтыя ўчынкі, зьявіся сьвету».
Бо ніхто нічога не робіць употай, а сам стараецца быць вядомым. Калі Ты гэта робіш, з’явіся свету».
Бо й браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
Бо і Яго браты не верылі ў Яго.
І кажа ім Ісус: «Мая пара яшчэ ня прышла, а вам заўсёды пара.
Кажа тады ім Ісус: «Мая пара яшчэ не надышла, а для вас заўсёды пара.
Сьвет ня можа ненавідзіць вас, але Мяне ён ненавідзе, бо Я сьветчу празь яго, што ўчынкі ягоныя ліхія.
Свет не можа ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што яго ўчынкі ліхія.
Вы ўзыйдзіце на гэта сьвята; Я яшчэ ня ўзыйду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ ня выпаўніўся».
Вы ідзіце на свята; Я яшчэ не пайду на гэтае свята, таму што мая пара яшчэ не прыспела».
Сказаўшы гэта ім, застаўся ў Ґалілеі.
І, сказаўшы гэта, Ён астаўся ў Галілеі.
Але як браты Ягоныя ўзышлі на сьвята, тады Ён таксама ўзышоў на сьвята, ня яўна, а як бы тойма.
Калі ж Яго браты пайшлі на свята, тады і Сам Ён пайшоў: не адкрыта, а [як бы] употай.
Юдэі ж шукалі Яго ў сьвята і казалі: «Ідзе Ён?»
Іудзеі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Той?»
І шмат было нараканьня на Яго памеж грудамі. Адныя казалі: «Ён добры», другія казалі: «Не, але зводзе груды».
І шмат гаманы было пра Яго ў народзе: адны казалі: «Ён добры», іншыя [ж] казалі: «Не, толькі зводзіць народ».
Ніхто, адылі, ня гукаў празь Яго яўна, баючыся Юдэяў.
Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго з-за боязі перад іудзеямі.
Але ўжо ў палавіцы сьвята Ісус увыйшоў у сьвятыню і навучаў.
А калі свята было ўжо на палавіне, увайшоў Ісус у святыню і вучыў.
І дзіваваліся Юдэі, кажучы: «Як знае Ён пісьмы, ніколі ня вучыўшыся?»
І здзіўляліся іудзеі, кажучы: «Як Ён ведае Пісанне, не вучыўшыся?»
Дык адказаў Ісус і сказаў: «Мая навука не Мая, але таго, хто Мяне паслаў.
У адказ ім Ісус сказаў: «Маё вучэнне не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто зыча чыніць волю Ягоную, тый даведаецца праз гэту навуку, ці ад Бога яна, ці Я сам ад Сябе кажу.
Калі хто хоча Яго волю чыніць, той даведаецца пра вучэнне, ад Бога яно, ці Я ад Сябе Самога кажу.
Хто гукае сам ад сябе, шукае славы свае; а хто шукае славы таго, хто паслаў Яго, Тый праўдзівы, і няма несправядлівасьці ў Ім.
Хто гаворыць ад самога сябе, той уласнай славы шукае; а хто славы шукае Таму, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няпраўды ў Ім няма.
Ці ня даў вам Масей права? і ніхто не дзяржыць права. Чаму шукаеце забіць Мяне?»
Ці не Майсей вам даў Закон? Ды і ніхто з вас не выконвае Закона. За што вы шукаеце забіць Мяне?»
Адказаў груд: «Нячысьціка маеш; хто шукае забіць Цябе?»
Адказаў народ: «Дэман у Табе; хто Цябе шукае забіць?»
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адзін учынак, і ўсі вы дзівуецеся.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адзін учынак Я зрабіў, і вы ўсе здзіўляецеся.
Масей даў вам абразаньне, — не каб яно было ад Масея, але ад айцоў, — і вы ў сыботу абразаеце чалавека.
Майсей даў вам абразанне, — хоць яно не ад Майсея, але ад бацькоў, — вы і ў суботу абразаеце чалавека.
Калі чалавек прыймае абразаньне ў сыботу, каб ня быў узрушаны закон Масеяў, чаму на Мяне злуецеся, што Я цэлага чалавека ўздаравіў у сыботу?
Калі чалавек прымае абразанне ў суботу, каб не быў парушаны Закон Майсееў, чаму на Мяне злуяцеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
Ня судзіце подле выгляду, але судзіце суд справядлівы».
Не судзіце з выгляду, але судзіце справядлівым судом».
Тады некатрыя зь Ерузалімцаў сказалі: «Ці ня гэта Тый, Каторага шукаюць забіць?
Казалі тады некаторыя з ерусалімлян: «Ці не Той гэта, Каго шукаюць забіць?
І вось, Ён гукае яўна, і нічога ня кажуць Яму. Ці старцы запраўды прызналі, што гэты ё Хрыстос?
І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць. Няўжо даведаліся начальнікі, што гэта сапраўды Хрыстос?
Але праз гэтага мы ведаем, скуль Ён: Хрыстос жа, як прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, скуль Ён».
Але ж мы ведаем Гэтага, адкуль Ён. А калі Хрыстос прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».
І загукаў Ісус у сьвятыні, вучачы а кажучы: «І знаеце Мяне, і ведаеце скуль Я; але Я прышоў ня Сам ад Сябе, а Тый, што паслаў Мяне, ё праўдзівы, каторага ня знаеце.
Усклікнуў тады ў святыні Хрыстос, навучаючы і кажучы: «І ведаеце Мяне і ведаеце, адкуль Я; але Я прыйшоў не ад Самога Сябе, ды праўдзівы ж Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце;
Я знаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне».
Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».
І шукалі няць Яго, і ніхто не наклаў рукі свае на Яго, бо яшчэ ня прышла гадзіна Ягоная.
І шукалі схапіць Яго, ды ніхто не паклаў на Яго рукі, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
Але шмат із груду ўверылі ў Яго й казалі: «Ці Хрыстос, як прыйдзе, учыне знакоў балей за тыя, што Гэты ўчыніў?»
З натоўпу ж многія ўверавалі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо болей створыць цудаў, чым Гэты стварыў?»
Пачулі фарысэі гэтыя дзейкі цішком празь Яго ў гурбе, і паслалі фарысэі а найвышшыя сьвятары паслугачоў, няць Яго.
Пачулі фарысеі гэтыя погаласкі пра Яго ў натоўпе, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг, каб схапіць Яго.
Тады Ісус сказаў: «Яшчэ малы час Я з вамі, і пайду да Тога, Хто паслаў Мяне.
Сказаў тады Ісус: «Яшчэ нядоўга пабуду Я з вамі і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне.
Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці».
Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце пайсці».
Дык Юдэі гукалі адны адным: «Куды Ён пойдзе, што мы ня знойдзем Яго? Ці не маніцца Ён ісьці да расьцярушэньня памеж Грэкаў і навучаць Грэкаў?
Сказалі тады іудзеі адзін аднаму: «Куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не збіраецца Ён ісці да высяленцаў сярод грэкаў і навучаць грэкаў?
Што за слова, каторае Ён сказаў: "Будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і йдзе буду Я, вы ня можаце прыйсьці"?»
Што за слова, якое Ён сказаў: «Будзеце шукаць Мяне і не знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы не зможаце пайсці?»
Апошняга дня вялікага сьвята Ісус стаяў і гукаў, кажучы: «Хто сьмягне, ідзі да Мяне й напіся.
У апошні ж, вялікі дзень Свята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі прагне хто з вас, хай ідзе да Мяне і п’е.
Хто вера ў Мяне, як сказана ў Пісьме, "Рэкі жывое вады пацякуць із улоньня ягонага"».
Хто веруе ў Мяне, як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з яго ўлоння».
А гэта сказаў Ён праз Духа, Каторы мелі адзяржаць тыя, што верылі ў Яго, бо Духа на іх ня было яшчэ, бо Ісус ня быў яшчэ ўслаўлены.
Гэта ж Ён сказаў пра Духа, што павінны былі атрымаць тыя, што веравалі ў Яго. Бо яшчэ не было на іх Духа, таму што Ісус яшчэ не быў праслаўлены.
Тады з груду, пачуўшы гэтае слова, казалі: «Гэта запраўды тый прарока».
Тады з натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок».
Другія казалі: «Гэта Хрыстос». Іншыя гукалі: «Ціж із Ґалілеі прыйдзе Хрыстос?
Іншыя казалі: «Гэта Хрыстос». А іншыя яшчэ: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
Ці не сказала Пісьмо, што Хрыстос прыйдзе з насеньня Давідавага і ізь сяла Бэтлеему, скуль Давід быў?»
Ці не ў Пісанні сказана, што ад патомства Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?»
Дык быў падзел у грудзе што да Яго.
І пачаўся з-за Яго разлад у натоўпе;
Некатрыя ж зь іх зычылі няць Яго, але ніхто не наклаў рукі на Яго.
А некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рук.
Дык паслугачыя прышлі да найвышшых сьвятароў а фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Дык прыйшлі паслугачы да першасвятароў і фарысеяяў і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
Паслугачыя адказалі: «Ніколі чалавек ня гукаў так, як Гэты Чалавек».
Адказалі паслугачы: «Ніколі так не казаў чалавек [як Гэты чалавек]».
І фарысэі адказалі ім: «Нягож і вы зьведзены?
І адказалі ім фарысеі: «Няўжо і вас звялі?
Ці хто із старцоў уверыў у Яго альбо з фарысэяў?
Хіба хто-небудзь з начальнікаў ці з фарысеяў увераваў у Яго?
Але гэты груд, каторы ня знае Права, пракляты ён».
Але гэты натоўп не ведае Закону, пракляты ён».
Кажа ім Мікадым, тый, што прыходзіў да Яго ўперад, будучы адзін ізь іх:
Кажа ім Мікодым, што прыходзіў да Яго раней і быў адзін з іх:
«Ці судзе Права наша чалавека, ня выслухаўшы яго ўперад і не даведаўшыся, што ён робе?»
«Хіба наш Закон судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спярша і не даведаўшыся, што ён робіць?»
Адказалі й сказалі Яму: «Ці й ты не з Ґалілеі? Скумай і глядзі, што ніякі прарока не паўстаець із Ґалілеі».
У адказ сказалі яму: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што з Галілеі прарок не прыходзіць».
І пайшлі да дамоў сваіх.
І пайшоў кожны ў свой дом.