Яна 19 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Дык тады ўзяў Пілат Ісуса і біў Яго пугамі.
Тады ўзяў Пілат Ісуса і бічаваў.
І жаўнеры, зьвіўшы карону зь церня, узлажылі на галаву Яму, і адзецьце шкарлатнае накінулі на Яго,
І воіны, сплёўшы карону з церняў, усклалі Яму на галаву і ў пурпуровае адзенне апранулі Яго,
І падходзілі да Яго, і казалі: «Здароў, Каролю Юдэйскі!» І білі Яго па відзе.
і падыходзілі да Яго і казалі: «Няхай жыве Цар Іудзейскі!» І білі Яго ў твар.
А Пілат вышаў ізноў вонкі і кажа ім: «Гля, я выводжу Яго да вас, каб вы даведаліся, што я ніякае віны не знаходжу ў Ім».
І зноў Пілат выйшаў на двор і кажа ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я ніякай віны не знаходжу ў Ім».
Тады вышаў Ісус вонкі ў цярнёвай кароне і ў шкарлатным адзецьцю. І кажа ім Пілат: «Во Чалавек!»
Выйшаў тады Ісус надвор у цярновай кароне і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось Чалавек!»
Як жа абачылі Яго найвышшыя сьвятары а паслугачыя, яны закрычэлі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Пілат кажа ім: «Вазьміце Яго й укрыжуйце, бо я не знаходжу віны ў Ім».
Калі ж убачылі Яго першасвятары і служкі, яны закрычалі: «Укрыжуй! Укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім ніякай віны».
Адказалі яму Юдэі: «Мы маем Закон, і подле Закону Ён мае памерці, бо выдаваў Сябе за Сына Божага».
Адказалі Яму іудзеі: «У нас ёсць Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, таму што зрабіў Сябе Сынам Божым».
Як Пілат пачуў гэтае слова, ён больш зьлякаўся.
Калі пачуў Пілат гэтае слова, ён яшчэ больш спалохаўся,
І ўзноў увыйшоў да ратушы, і кажа Ісусу: «Скуль Ты?» Але Ісус ня даў яму адказу.
і ўвайшоў у прэторыю зноў і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Ісус жа адказу не даў яму.
Дык Пілат кажа яму: «Ня гутарыш із імною? альбо Ты ня ведаеш, што я маю ўладу выпусьціць Цябе і маю Ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Кажа тады Яму Пілат: «Мне Ты не адказваеш? Хіба не ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»
Ісус адказаў: «Ты ня меў бы над Імною ніякае ўлады, калі б ня было дана табе з вышы; затым тый, хто Мяне выдаў табе, большы грэх мае».
Адказаў яму Ісус: «Ты не меў бы нада Мною ніякай улады, каб табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў табе, большы грэх мае».
Адгэтуль Пілат шукаў выпусьціць Яго. Юдэі ж крычэлі, кажучы: «Калі ты Гэтага выпусьціш, ты ня прыяцель цэсару. Кажны, што выдаець сябе за караля, гукае супроці цэсара».
З гэтага часу Пілат шукаў адпусціць Яго. Але іудзеі закрычалі, кажучы: «Калі ты Гэтага адпусціш, ты не друг кесару. Кожны, хто робіць сябе царом, паўстае супроць кесара».
Тады Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовае седава, на месца званае Літостротос, а пагэбрэйску Ґаббата
І вось Пілат, пачуўшы гэтыя словы, вывеў Ісуса надвор і сеў на ўзвышэнне, на месца, званае «Каменным памостам», а па-яўрэйску «Гаввафа».
Была ж прыгатова да Пасхі, каля шостае гадзіны. І кажа ён Юдэям: «Во Кароль ваш!» Але яны закрычэлі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!»
Была ж пятніца перад Пасхаю, каля шостай гадзіны. І кажа ён іудзеям: «Вось Цар ваш».
Пілат кажа ім: «Караля вашага ўкрыжую?» Найвышшыя сьвятары адказалі: «Няма ў нас караля, адно цэсар».
Тады закрычалі яны: «Далоў, далоў, укрыжуй Яго!» Адказалі першасвятары: «Няма ў нас цара, акрамя кесара».
Тады ён выдаў Яго ім, каб быў укрыжаваны.
Тады ён выдаў Яго ім на ўкрыжаванне. І ўзялі Ісуса,
І ўзялі Ісуса, і павялі. І Ён вышаў, нясучы крыж Свой на месца званае Чарэпнішча, пагэбрэйску Ґолґота,
і, несучы Сабе крыж, Ён выйшаў на месца, званае Чарапавішча, якое па-яўрэйску завецца «Галгофа»,
Ідзе Яго ўкрыжавалі і зь Ім двух іншых паабапал Яго, а Ісуса пасярэдзіне.
дзе Яго ўкрыжавалі і з Ім двух іншых, па абодва Яго бакі, пасярэдзіне ж Ісуса.
Пілат жа напісаў і напіс і памясьціў на крыжу. Было ж напісана: «Ісус Назарэцкі, Кароль Юдэйскі».
І зрабіў надпіс на дошцы Пілат і паставіў на крыжы. Было ж напісана: «Ісус Назарэй, Цар Іудзейскі».
І гэты напіс шмат хто зь Юдэяў чытаў, бо блізка места было тое месца, ідзе Ісус быў укрыжаваны, і было напісана пагэбрэйску, пагрэцку а палацінску.
Гэты надпіс на дошцы прачыталі многія з іудзеяў, таму што блізка было ад горада тое месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, і было напісана па-яўрэйску, па-рымску, па-грэцку.
Тады найвышшыя сьвятары казалі Пілату: «Ня пішы "Кароль Юдэйскі", але што Ён сказаў: "Я Кароль Юдэйскі".»
І казалі Пілату першасвятары Іудзейскія: «Не пішы «Цар Іудзейскі», але што Ён сказаў: «Я Цар Іудзейскі».
Пілат адказаў: «Што я напісаў, напісаў».
Адказаў Пілат: «Што я напісаў, тое напісаў».
Жаўнеры ж, як укрыжавалі Ісуса, узялі адзецьце Ягонае і зрабілі чатыры часьці, кажнаму жаўнеру часьць, і туніку; была ж туніка ня сшытая, цэлая вытканая із самага верху.
Воіны ж, калі ўкрыжавалі Ісуса, узялі Яго адзенне і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму воіну па частцы, і хітон. Быў жа хітон не шыты, а тканы суцэльна ад самага верху.
І сказалі яны адзін аднаму: «Не дзярыма яе, але кіньма на жэрабя на яе, чыя яна будзе»; каб споўнілася Пісьмо: «Падзялілі адзецьці Мае мяжсобку і на адзежу Маю кінулі на жэрабя». Жаўнеры гэта зрабілі.
Сказалі яны адзін аднах: «Не будзем ірваць яго, але кінем на яго жэрабя, чый будзе». Каб збылося Пісанне [якое кажа:] «Падзялілі адзенне Маё між сабою і на шаты мае кінулі жэрабя». Воіны гэта рабілі,
Стаялі ж ля крыжа Ісусавага Маці Ягоная а сястра Маці Ягонае, Марыя Клеопова, а Марыя Магдалена.
Стаялі ж пад крыжам Ісуса Яго Маці і сястра Яго Мацеры Марыя Клеопава і Марыя Магдаліна.
Ісус абачыўшы Маці Сваю а вучаніка, блізка стаячага, каторага Ён мілаваў, кажа Маці: «Жонка, во сын Твой».
Ісус жа, убачыўшы Маці і вучня, што паблізу стаяў, якога Ён любіў, кажа Мацеры: «Жанчына, вось Твой сын».
Потым кажа вучаніку: «Во Маці твая». Адгэнуль узяў вучанік Яе да дому свайго.
Пасля кажа вучню: «Вось твая Маці». І з таго часу ўзяў вучань да сябе.
Просьле гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсе зьдзеялася, кажа, каб споўнілася Пісьмо: «Сьмягну».
Пасля гэтага Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, кажа, каб збылося Пісанне: «Прагну».
Была ж там судзіна, поўная воцту. Тады яны, напоўніўшы губку воцтам і абклаўшы гізопам, падалі да вуснаў Ягоных.
Стаяла тут пасудзіна, поўная воцату. Тады наклаўшы на ісоп губку, поўную воцату, паднеслі да Яго вуснаў.
І як паспытаўся Ісус воцту, Ён сказаў: «Сталася!» І, сьхінуўшы галаву, выдаў дух.
І калі паспытаў Ісус воцату, Ён сказаў: «Збылося». І, схіліўшы галаву, аддаў дух.
А як была прыгатова, Юдэі, каб целы не заставаліся на крыжу ў сыботу, — бо дзень тае сыботы быў вялікі, — папрасілі ў Пілата, каб зламіць у іх галёнкі й зьняць.
А таму што была пятніца, то іудзеі, каб целы не аставаліся на крыжы ў суботу, бо дзень той суботы быў дзень вялікі, папрасілі Пілата перабіць у іх галёнкі і зняць іх.
Дык прышлі жаўнеры, і ў першага зламілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага зь Ім.
І вось прыйшлі воіны і ў першага перабілі галёнкі, і ў другога, укрыжаванага з Ім.
Прышоўшы ж да Ісуса, яны, як абачылі, што Ён ужо памер, не ламілі ў Яго галёнак,
Падышоўшы да Ісуса, яны, калі ўбачылі, што Ён памёр ужо, не перабівалі яму галёнкаў,
Але адзін із жаўнераў дзідаю прабіў Яму бок, і якга вышла кроў і вада.
але адзін з воінаў дзідаю пракалоў Яму бок, і выступіла адразу ж кроў і вада.
А тый, што бачыў гэта, сьветча, і сьветчаньне ягонае праўдзівае, і ён ведае, што праўдзівае кажа, каб вы верылі.
І хто бачыў, засведчыў, і праўдзівае яго сведчанне, і ён ведае, што праўду гаворыць, каб і вы верылі.
Бо гэта сталася, каб споўнілася Пісьмо: «Косьць Ягоная ня будзе зломлена».
Бо адбылося гэта, каб спраўдзілася Пісанне: «Яму косці ламаць не будуць».
І ўзноў іншае Пісьмо кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі».
І яшчэ другое Пісанне кажа: «Будуць глядзець на Таго, Каго пракалолі».
А просьле гэтага Язэп із Арымафеі, што быў патайным вучанікам Ісусавым із боязьні Юдэяў, прасіў у Пілата ўзяць цела Ісусава; і дазволіў Пілат. Дык ён прышоў і ўзяў цела Ісусава.
А пасля таго Іосіф з Арымафеі (былы вучань Ісуса, але патаемны, бо баяўся іудзеяў) папрасіў Пілата, каб узяць Ісусава цела. І дазволіў Пілат. Прыйшоў той і ўзяў Яго цела.
Прышоў жа й Мікадым, — што ўпяршыню прыходзіў да Ісуса ночы, — нясучы мешанку зь міры й алёю каля сту хунтаў.
Прыйшоў жа і Мікодым, што ў першы раз прыходзіў да Яго ўначы і прынёс сумесь са смірны і алоя каля ста фунтаў.
Дык узялі яны цела Ісусава, і паклалі Яго ў палотны з пахамі, і завязалі, як гэта ё звычаем у Юдэяў хаваць.
Узялі яны Ісусава цела і ахуталі Яго палатном з гэтымі духмянасцямі, як звычайна хаваюць іудзеі.
Быў жа гарод на тым месцу, ідзе Ён быў укрыжаваны, а ў гародзе гроб новы, у каторым ніхто яшчэ ня быў пахаваны.
Быў жа сад на тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны і ў садзе новая грабніца, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены.
Дык там, дзеля прыгатовы юдэйскае, бо гроб быў блізка, пахавалі Ісуса.
Дык вось там, дзеля пятніцы іудзейскай, бо грабніца была блізка, паклалі Ісуса.