Яна 3 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Быў жа чалавек із фарысэяў, імя ягонае Мікадым, старац юдэйскі.
 
Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.

Ён прышоў да Ісуса ночы й сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты вучыцель, прышлы ад Бога, бо ніхто ня можа чыніць такіх знакоў, якія Ты чыніш, калі ня будзе Бога зь ім».
 
Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».

Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа бачыць гаспадарства Божага».
 
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».

Мікадым кажа Яму: «Як можа людзіна нарадзіцца, будучы стары? нягож можа ён другі раз увыйсьці ў вулоньне маці свае, каб нарадзіцца?»
 
Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»

Ісус адказаў: «Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады й Духа, ня можа ўвыйсьці ў гаспадарства Божае.
 
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.

Народжаныя зь цела ё цела; а народжаныя з Духа ё дух.
 
Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.

Ня дзівуйся, што Я сказаў Табе: "Маеце нарадзіцца нанава".
 
Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.

Вецер вее, ідзе хоча, і гук яго чуеш, але ня ведаеш, скуль прыходзе й куды йдзець. Гэтак кажны, народжаны з Духа».
 
Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».

Мікадым адказаў і сказаў Яму: «Як гэта можа быць?»
 
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»

Ісус адказаў і сказаў яму: «Ты вучыцель Ізраеляў і ня ведаеш гэтага?
 
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?

Запраўды, запраўды кажу табе: мы кажам тое, што ведаем, і сьветчым праз тое, што бачылі, але вы сьветчаньня нашага ня прыймаеце.
 
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.

Калі Я сказаў вам земнае, і вы ня верыце; як паверыце, калі скажу вам нябёснае?
 
Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?

І ніхто ня ўзышоў на неба, адно хто зышоў зь неба, Сын Людзкі, Каторы ёсьць у небе.
 
І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.

І як Масей узьняў гада на пустыні, так мае Сын Людзкі быць узьняты,
 
І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,

Каб кажны, што ўвера ў Яго, меў жыцьцё вечнае.
 
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо так умілаваў Бог сьвет, што Сына Свайго адзінароднага Ён аддаў, каб кажны, хто вера ў Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
 
Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.

Бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет спасёны быў перазь Яго.
 
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.

Хто вера ў Яго, ня будзе суджаны; а хто ня вера, ужо засуджаны, бо ня ўверыў у імя адзінароднага Сына Божага.
 
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

«Гэта ж ё суд, што сьвятлінл прышла на сьвет, але людзі ўмілавалі цямноту балей за сьвятліню; бо ўчынкі іхныя былі благія.
 
Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.

Бо кажны, што робе ліха, ненавідзе сьвятліні і ня йдзець да сьвятліні, каб ня былі ганены ўчынкі ягоныя.
 
Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.

Але хто чыне праўду, ідзець да сьвятліні, каб учынкі ягоныя выявіліся, што ў Богу ўчынены яны».
 
А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».

Просьле гэтага прышоў Ісус а вучанікі Ягоныя да зямлі Юдэйскае, і там Ён жыў зь імі, і хрысьціў.
 
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.

А Яан тамака хрысьціў у Еноне, ля Саліму, бо там было шмат вады; і яны прыходзілі, і хрысьціліся.
 
Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,

Бо Яан ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
 
бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.

І ўзьнікла сьпярэчка памеж вучанікаў Яанавых і Юдэяў праз ачышчэньне.
 
І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.

І прышлі да Яана, і сказалі яму: «Раббі, Тый, што быў із табою за Ёрданом, праз Каторага ты сьветчыў, гля, Ён хрысьце, і ўсі прыходзяць да Яго».
 
І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».

Яан, адказуючы, сказаў: «Ня можа людзіна, ўзяць нічога, калі ня дана ёй ізь неба.
 
Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.

Вы самы Імне пасьветчыце, што Я сказаў: "Я ня Хрыстос, але што Я пасланы перад Ім".
 
Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.

Хто мае княгіню маладую, тый князь малады; а прыяцель князеў, што стаіць і слухае яго, вельма цешыцца з голасу князявага. Дык радасьць мая споўнілася.
 
Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.

Ён мае расьці, а я меншаць.
 
Яму трэба расьці, а мне — малець».

Хто прыходзе з вышы, Тый над усімі. Хто паходзе ізь зямлі, ё земны, і гукае, як земны. Хто прыходзе зь неба, ё над усімі.
 
Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,

Што Ён бачыў а чуў, праз тое сьветча; і ніхто ня прыймае сьветчаньня Ягонага.
 
і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.

Хто прыняў сьветчаньне Ягонае, тый прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
 
Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.

Бо тый, каго паслаў Бог, кажа словы Божыя; бо ня мераю даець Бог Духа.
 
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.

Айцец мілуе Сына і ўсе даў у руку Ягоную.
 
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.

Хто вера ў Сына, мае жыцьцё вечнае; але хто ня вера ў Сына, не абача жыцьця, але гнеў Божы перабывае на ім».
 
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.