Да Эфэсянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дзеці, слухайце пабожна бацькоў сваіх, бо гэта справядліва.
 
Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць.

Шануй бацьку твайго і матку — гэта першае прыказанне з азарочаннем:
 
«Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:

каб табе добра шчасьціла ды каб доўга жыў на зямлі.
 
«каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі».

А і вы, бацькі, не радзрадняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у послусе ды пабожным уразумлянні.
 
І вы, бацькі́, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым.

Слугі, будзьце паслухмянымі сваім гаспадаром сёсьветным з боязьзю й пашанай у прастаце сэрца вашага, моў Хрыстусу,
 
Слу́гі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста,

не для вока толькі служачы й прыпадабання людзям, але як Хрыстусавы слугі, шчыра выконваючы волю Божую,
 
не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджа́юць, але як слу́гі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы́,

ахвотна паслугуйце, як Богу, а ня людзям;
 
з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям,

сьведамыя таго, што кажны, ці слуга ці вольны, за выкананае дабро атрымае сваё ад Госпада.
 
ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны.

І вы, гаспадары, рабеце ім тое самае, лагодзьце суровасьць, памятаючы, што як над імі, так і над вамі ёсьць Усегаспадар на небе, ў якога няма прыстароннасьці да асобаў.
 
І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча.

На апошку, браты, мацнейце вы Госпадам і магутнасьцю сілы ягонай;
 
Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго.

прыадзеньцеся ў зброю Божую, каб маглі вы даць адпор хітрунствам дзьябла;
 
Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,

мы бо змагаемся не проці крыві й цела, а проці зьверхніцкіх моцаў, проці сьветаўлады цемры гэтага веку, проці духаў назласьці ў паднебных прасторах.
 
бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.

Вось чаму вазьмеце ўсезброю Божую, каб у ліхім дню маглі вы процістаяць і, ўсё перамогшы, устаяць.
 
Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць.

Стойце, восьжа, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю й ахінуўшыся броняй справядлівасьці,
 
Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці,

ды абуўшы ногі ў гатовасьць дабравешчання міру-згоды;
 
і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой,

а надусё вазьмеце шчыт веры, якім здолееце гасіць усе вагністыя стрэлы ліхога;
 
і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушы́ць усе распаленыя стрэлы злога.

і прылбіцу збаўлення вазьмеце, і меч духоўны, якім ёсьць слова Божае.
 
І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае.

Малецеся заўсёды ў духу ўсякай формай малітвы і благання; таго пільнуючыся вытрывала, просячы за ўсіх сьвятых
 
Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых

дый за мяне, каб, як адкрыю мае вусны, дана мне была мова да сьмелага абвяшчання тайніцы Эванэліі,
 
і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эва́нгельля,

для якое паольства я выконываю ў аковах, каб я гаварыў аб ёй адважна, як мне належыцца.
 
дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць.

А каб і вы ведалі што дзеецца зы мною ды што раблю, аб гэтым усім паведаміць вас Тыхік, брат мілы і слуга верны ў Хрыстусе,
 
А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе,

якога я паслаў да вас натое, каб вы даведаліся аб нас ды каб пацешыў сэрцы вашыя.
 
якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.

Спакой братом і любасьць зь вераю ад Бога Айца і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
 
Супакой брата́м і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

Ласка з усімі непахісна любячымі Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Амэн.
 
Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн.