1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык вось, калі Хрыстус цярпеў за нас целам, то і вы узбройцеся тоюж думкай, хто бо целам цярпіць, перастае грашыць,
 
Дык калі Хрыстус цярпеў за нас Целам (на Целе), дык і вы ўзбройцеся тою самою думкаю, што хто цярпеў целам, перастаў грашыць,

каб рэшту быцьця ў целе ўжо не для похацяў чалавечых жыць, але для волі Божай.
 
каб астатак жыцьця (часу) у целе пражыць не для страсьцяў людзкіх, але для волі Божай.

Даволі бо ўжо было мінулага часу для насычэння паганскай жадобы тым, што бадзяліся ў бэстыяльскай распусьце, п’янстве, абжорстве й нясуразным балванахвальстве;
 
Даволі, што ўжо ў мінулы час (ранейшы час) жылі вы (спаганялі вы) па звычаю (волі) паганаў: у разбэшчанасьці, страсьцях, у злоўжаваньні віна, абжарстве, п'янстве і агідным ідалахвальстве.

таму-то яны й дзівяцца, што не квапіцеся занурацца зь імі ў балоце распусты, ды языком бэсьцяць вас;
 
Дзеля таго яны дзівяцца, што вы ня топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты ды таму блага аб вас гавораць (блявузгаюць).

але незабаўна адкажуць перад Тым, што мае прыйсьці судзіць жывых і мяртвых.
 
Яны здадуць справаздачу Таму, Хто гатоў (мае прыйсьці) судзіць жывых і памёршых.

Натое-ж бо і для мяртвых была аглашаная Эванэлія, каб яны асуджаныя водля свае чалавецкасьці ў целе, жылі водля Бога ў Духу.
 
Таму была вяшчана Эвангелія нават і памёршым, каб яны, хоць асуджаны на целе як людзі, жылі б духам па волі Божай.

Дый блізкі канец усяму. Будзьце, восьжа, агляднымі ды не драмеце — малецеся.
 
Усім ужо блізкі канец. Дык будзьце растаропнымі і трэзвымі, каб маглі маліцца.

А больш за ўсё майце шчырую любасьць адзін да другога, любасьць бо шмат грахоў прысланяе (Прып. 10:12).
 
Асабліва мейце пастаянную любоў між сабой, бо любоў закрывае (касьце) многа грахоў.

Адны другім без нарокаў будзьце гасьціннымі,
 
Будзьце адны другім без нараканьня гасьціннымі.

прыслужнымі, кажны водля атрыманага дару — як добрыя разьмяркоўнікі шматякіх ласкаў Божых.
 
Будзьце ўслужлівымі адны другім, тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя гаспадары (раздаўцы) шматлікай ласкі Божай.

Калі гаворыць хто — гавары як словы Божыя; прыслужвае хто — служы па сіле з праканання, што яе Бог дае, каб славіўся Ён праз Езуса Хрыстуса, Якоу хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.
 
Калі хто прамаўляе (мае дар мовы) — хай гэта будуць словы Божыя. Калі хто паслугуе — хай паслугуе моцай дадзенай яму Богам, так, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Езуса Хрыста. Яму хвала і моц у вякі вечныя.

Найдаражэйшыя, ня будзьце неабытымі з гартуючым вас агнём спакусы, бы зь нечым дзівосным здарыўшымся вам;
 
Дарагія! Не дзівецеся, што паліць вас агонь, на выпрабаваньне ён вашае, як бы што нечаканае напаткала,

але, будучы супольнікамі Хрыстовых цярпенняў, радуйцеся, каб і тады, як аб’явіцца хвала, ягона, радаваліся й весяліліся.
 
але на сколькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеньнях Хрыстовых, цешцеся, каб у аб'яве Ягонай Хвалы — цешыліся вы з радасьцю.

Калі вас бэсьцяць за імя Хрыстусава, дык шчасце вам, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас.
 
Калі зьневажаюць вас у імя Хрыста — вы шчасьлівыя, бо Дух хвалы і Божы на вас супачывае.

Абы толькі хто з вас не цярпеў як забойца, ці як злыдзень, або злодзей і пасягаючы на чужое;
 
Хай ніхто з вас не цярпіць як забойца, або злодзей, або ліхотнік, або сквапнік на чужое.

а калі — як хрысьціянін, дык ня стыдзіся, але хвалі Бога за гэткае ймя.
 
Калі ж цярпіць як хрысьціянін, хай не саромецца, але хай хваліць Бога ў гэтым імю.

Прышла бо пара, каб начаўся суд ад Божага дому; калі-ж перш — ад нас, то якіж канец будзе тых, што не пакараюцца Божай Эванэліі?
 
Такі бо час, каб суд распачаўся ад Божага дому. Калі найперш ад нас, дык які канец будзе тых, што ня слухаюць Божай Эвангеліі?

Бо калі праведнік ледзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе акажуцца?
 
А калі справядлівы заледзь будзе збаўлены, дык дзе ж апынецца бязбогі і грэшнік?

Дык і церпячыя з Божай волі хай праз добрыя учынкі паручаюць душу сваю вернаму Стварыцелю.
 
Дык тыя, што цярпяць згодна з воляй Божай, паручаюць свае душы вернаму Тварцу, бо добра жылі.