2 да Карынфянаў 6 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Мы-ж, як памагаючыя, даём напамін вам, каб атрымоўваную ласку Божую не ударэмніваць.
Мы, як супрацоўнікі (Божыя), перасьцерагаем вас, каб вы не марнавалі ласкі Божай,
Кажа бо: ў часе дагодным я выслухаў цябе, а ў дню збаўлення памог табе. Цяпер вось час прыятлівы, цяпер вось дзень збаўлення.
бо Ён кажа: "У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог цябе". Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня!
Нікому ні ў чым не даём згоршання, каб ня была зганена паслуга нашая;
Не даючы нікому магчымасьці горшыцца, каб не глуміліся з служэньня (нашага),
але у ва ўсім выяўляем сябе, як слуг Божых, у вялікай цярплівасці, у бядзе, у журбе, у прыгнобе;
мы ў-ва ўсім выяўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, ва ўцісках,
пад сьцёбаннем, у вязьніцах, у закалотах, у працы, у няспанні ды постах;
пад ударамі, у вязьніцах, у бунтах, у трудах, у недаспаньнях, у пастах,
у чыстасьці, у дабраведзе ды дабрадушнасьці, ў Сьвятым Духу ды шчырай любасьці;
у чыстасьці, у мудрасьці, у вялікадушшы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
у слове праўды, у моцы Божай, із зброяй справядлівасьці у правіцы ды левіцы;
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,
у чэсьці ды ў ганьбе, у добрай ды благой славе, як зводнікі аднак праўдамоўныя;
у пашане і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе; нібы ашуканцы, але праўдамоўныя,
як няведамыя, але добра знаныя, нібы-то ўміраючыя, ды ўсё жывыя; як караныя ды не замораныя;
быццам няведамыя, а ўсё ж добра вядомыя,быццам уміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,
як сумныя, а заўсёды вясёлыя; як убогія, а многіх узбагачаючыя, нічога ня маючыя ды ўсім валадаючыя.
як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маюць, а ўсім валодаючыя.
Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карынтыйцы, сэрца нашае расшырылася.
Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карыньцяне, нашае сэрца расшырылася.
Вам ня цесна у нас, цесната — у сэрцах вашых.
Вам ня цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.
Дзеля ўзаемнасьці — гавару як да сыноў — расшырэцеся і вы.
Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, як да сваіх дзяцей гавару: адкрыйцеся і вы.
Не ўпрагайцеся ў ярмо зь нявернымі; якое бо судзейніцтва справядліўства зь беззаконнем? Або што супольнае між сьвятлом і цемраю?
Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?
Ці што за хаўрус Хрыстуса з Бэліялем, а — вернага зь няверным?
Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веручага з няверучым?
І што за ўзаеміны Божай эклезіі з балванамі? Мы-ж сьвятыня Бога Жывога, як сам Бог сказаў: «Пасялюся ў іх і хадзіціму сярод іх ды буду Богам іхнім, а яны Мне будуць народам. (Лев. 25:16)»
Або якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсьць сьвятыня Бога жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.
Таму выйдзьце з-паміж іх і адлучэцеся — кажа Госпад — і не дакранайцеся нячыстага нічога, а Я прыму вас;
Таму выйдзіце з-паміж іх і адлучыцеся ад іх, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нічога нячыстага, і Я вас прыйму,
ды Айцом буду вам, а вы будзеце Мне сынамі й дочкамі — кажа Усёмагутны Госпад.
і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, — кажа Госпад Усемагутны."