2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Паведамляем вам, браты, аб той ласцы, якою Бог абдзяліў Макэдонскія эклезіі:
 
Паведамляем вам, браты, пра тую ласку, якую Бог даў цэрквам Македонскім,

сярод бо цяжкога допусту горкіх турботаў поўнасьцю захавалі пагоду духа, а іх скрайнюю ўбогасьць абагацілі радульнаю скромнасьцю;
 
як у цяжкім выпрабаваньні прыгнёту захавалі вялікую радасьць і як скрайняя беднасьць іхняя выявілася багацьцем прастаты.

яны дабраахвотныя водле сілы ды й цераз сілу — я ў гэтым сьветка ім, —
 
Яны, сьведчу, па магчымасьці ды па-над магчамасьць дабраахвотна

яны вельмі прасілі нас ласкі ды удзейніцтва іх ў паслузе сьвятым;
 
дужа прасілі нас дазволіць ім супрацоўнічаць з намі ў дапамозе сьвятым.

і ня толькі тое, чаго мы спадзяваліся, але й самых сябе аддалі найперш Богуспадару, а пасьля й нам з Божае волі;
 
І яны па-над наша спадзяваньне ахвяравалі сябе саміх найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

таму мы й прасілі Тытуса, каб як зачаў, дык гэтак і давяршыў у вас і гэтае добрае дзела.
 
Дзеля таго мы прасілі Ціта, каб як ён гэта ўжо пачаў, так і завяршыў гэтую ласку і ў вас.

А як у-ва ўсім адзначаецеся — у веры, у мове, у ведзе, у дбайнасьці, а датаго й любасьцю вашаю да нас, — дык трэба вам адзначацца і ў гэтай ласцы, дабрадзейнасьці.
 
І як вы ва ўсім былі шчодрымі, у веры, у слове, у ведах, ва ўсякай руплівасьці, у любові сваёй да нас, каб і ў гэтым былі шчодрымі.

Не кажу гэтага загадна, але карыстаючы з дбайнасьці іншых, выпрабоўваю шчырасьць і вашай любасьці.
 
Кажу гэта не як загад, але хочучы выпрабаваць на ўзор іншых руплівасьць і вашае любові.

Бо-ж знаеце ласку Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што будучы багатым, дзеля вас абяднеў, каб вы разбагацелі ягонай убогасьцю.
 
Вы бо ведаеце ласку Госпада нашага Езуса Хрыста, каторы, будучы багатым, дзеля нас стаўся бедным, каб сваёю беднасьцю нас узбагаціць.

Даю вам на гэта раду, гэта бо карыснае вам, якія ня толькі рабіць, але й намервацца першыя пачалі шчэ зь леташняга году.
 
І я вам даю гэту параду, бо гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі ня толькі рабіць, але і хацець.

Цяпер-жа сьцьвярдзеце чынам, каб, як із гарачай шчырасьцю намерваліся, так і давяршылі з таго, што маеце.
 
Давядзіце цяпер гэту справу да канца, каб, чым ахвотна хацелі падзяліцца, тое споўнілі паводле магчымасьці.

Бо калі ёсьць ахвота даць, дык яна прыемная мераю таго, што хто мае — не таго, чаго ня мае.
 
Калі бо ёсьць ахвота, яна выяўляецца не па тым, чаго хто ня мае, але па тым, хто што мае.

Бо-ж не натое даецца, каб іншым долю аблягчыць, а сабе пагоршыць, але, каб была роўнасьць.
 
Бо не вымагаецца, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.

Цяпер ваш збытак хай пакрые іхнюю нястачу, каб таксама іхні збытак мог калісь пакрыць вашую нястачу, каб была роўнасьць;
 
Хай цяпер ваша лішніца (дапоўніць) іхнюю нястачу, каб таксама іхняя лішніца дапоўніла вашую нястачу, каб так была роўнасьць,

як напісана: «Хто зыбраў многа, ня меў лішніцы, і хто — мала, ня меў нястачы» (Выйсь. 16:18).
 
як напісана: "Хто сабраў многа, ня меў лішніцы, а хто мала — ня меў нястачы".

богу падзяка, што разбудзіў у сэрцы Тытуса гэткую самую аб вас дбайнасьць;
 
Дзякуй Богу, які ў сэрцы Ціта абудзіў такую руплівасьць пра вас.

бо і просьбу маю прыняў, але і з уласнае дбайнасьці ахвочае сам пайшоў к вам.
 
Ён ня толькі выслухаў маю просьбу, але, будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

Зь ім паслалі мы такжа і брата, ў ва ўсіх эклезіях хвалёнага за Эванэлію,
 
Разам з ім паслалі мы брата, каторы славіцца за абвяшчэньне Эвангельля па ўсіх цэрквах,

ды й ня толькі тое, але ён выбраны ад эклезіяў нам на спадарожніка у гэтай дабрадзейнай справе, якой мы дабраахвотна служым на хвалу самому Богуспадару і ў адпаведнасьць старанням вашым,
 
і ня толькі гэта, але ён цэрквамі прызначаны быць таварышам нашага падарожжа ў гэтай ласцы, якою мы служым на хвалу нашага Госпада адпаведна нашым намаганьням,

высьцярагаючыся, каб нам хто не дакараў із-за таго багацьця ахвяр, здаваных на наш загад;
 
высьцерагаючыся, каб нам хто не дакараў дзеля такога мноства ахвяраў, даручаных нашаму распараджэньню.

мы бо дбаем аб добрасьці ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.
 
Бо мы дбаем аб дабро ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.

Мы выслалі зь імі такжа і брата нашага, дбаласьць якога шмат у чым выпрабавалі, які цяпер зь вялікага даверу да вас яшчэ болей дбалы.
 
І паслалі мы з імі брата нашага, дбайнасьць якога шмат у чым выпрабавалі, і каторы цяпер яшчэ больш стараны дзеля вялікага спадзяваньня на вас.

Што да Тытуса, то гэта — мой таварыш і дапаможны супрацоўнік у вас; ды што да братоў, дык гэта высланнікі эклезіяў — слава Хрыстуса. —
 
Што да Ціта, дык ён — мой таварыш і трудзіцца разам са мною дзеля вас, а браты нашыя — пасланцы цэркваў, слава Хрыста.

дайце-ж ім доказ вашае любасьці ды нашае хвальбы вамі — ў вабліччы эклезіяў.
 
Дык пакажыце ім сваю любоў, каб мы не надарма хваліліся вамі перад цэрквамі.