2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Мы бо ведаем, што як дом, хаціна, гэтага зямнога жыльля нашага разваліцца, дык маем ад Бога жыльлё ў небе, дом ня рукамі будаваны, вечны, ў небе.
 
Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зьнішчэе, то маем ад Бога дом не рукамі зроблены, вечны ў небе.

Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, прагнучы атуліцца памешканнем нашым нябесным;
 
Таму мы і ўздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае нябеснае прыстанішча,

толькіб нам і атуліўшыся, не знайсьціся нагімі.
 
калі толькі будзем адзетыя, а не без адзеньня.

Пакуль знайходзімся ў гэтым утуллі, дык тужым гаруем, бо ня хочам растуляцца, але новым атуляцца, каб сьмяротнае жыцьцём было ухлынена.
 
Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца ў новае адзеньне, каб тое, што сьмяротнае, ахоплена было жыцьцём.

На гэтаж і стварыў нас Бог ды даў нам задатак Духа.
 
На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.

Заўсёды восьжа мы поўныя надзеі, ведаючы, што прабываючы ў целе, мы жывём по-за Богам —
 
Дзеля таго мы заўсёды ў добрым настроі, хоць ведаем, што пакуль жывём ў целе, мы далёкія ад Госпада.

бо ходзім у веры, а не ў бачанні, —
 
Тут бо жывём вераю, а не агляданьнем.

надзеемся тады і маем добрую волю лепш выйсьці з бадзяння ў целе і асяліцца у Госпада.
 
Мы, аднак, жывём надзеяй ды маем добрую волю лепш пакінуць цела і стануць у прысутнасьці Госпада.

Дзеля гэтага стараемся рупна, ці жывучы зь Ім, ці по-за Ім, быць Яму мілымі;
 
І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.

усе бо мы мусім зьявіцца на суд Хрыстуса, каб кажны атрымаў тое, на што заслужыў у целе: добрае, ці благое.
 
Усе бо мы мусім стануць перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму заплату за добрыя, ці ліхія ўчынкі, дакананыя ў целе.

Ведаючы тады, што такое боязь Госпада, стараемся праканаць людзей, а прад Богам у нас усё ёсьць яўнае; і спадзяюся, што няма нічога тайнага ў нас і для вашых сумленняў.
 
Дык ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам усё ў нас адкрыта. Спадзяюся, што і для сумленьняў вашых мы адкрытыя.

Не каб мы зноў сябе самых вам выстаўлялі, але даём спосаб хваліцца намі, каб вы маглі проціставіцца тым, што выхваляюцца вонкавасьцю, а ня сэрцам.
 
Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць, але каб даць вам магчымасьць пахваліцца намі, каб маглі вы што сказаць людзям, што хваляцца абліччам, а ня тым, што ў сэрцы.

Бо ці мы з сябе выходзім, дык для Бога, ці мы скромныя, дык для вас.
 
Бо калі мы не ў сабе, дык для Бога; а калі ў цьвярозым розуме, дык дзеля вас.

Любасьць бо Хрыстуса даймае нас, мяркуючых сабе: калі адзін умёр за ўсіх, тады ўсе ўмярлі;
 
Бо любоў Хрыста прынукае нас, разважаючых, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.

Ён жа умёр за ўсіх, каб жывыя ўжо не для сябе жылі, але для умёршага за іх ды згробуўсталага.
 
І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, хто за іх памёр і ўваскрос.

Таму вось адцяпер мы не знаем ужо нікога водле цела, а калі зналі Хрыстуса паводле цела, то цяпер ужо гэткім Яго не знаем.
 
Таму і мы ад гэтага часу ня ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста ведалі паводле цела, дык ужо цяпер ня ведаем (Яго ў такі спосаб).

Дык хто у Хрыстусе, той новае стварэнне; старое мінула, настала вось усё новае.
 
Бо хто ў Хрысце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася усё новае.

А ўсё ад Бога, які праз Хрыстуса пагадзіў нас із Сабою і даў нам службу пагаднення;
 
Усё ж ад Бога, які пагадзіў нас з сабою праз Хрыста, і даў нам служэньне паяднаньня,

бог бо ў Хрыстусе зьмірыў сьвет із Сабою, ня лічачыся з праступкамі іх (людзей), і ўзлажыў на нас слова пагаднення.
 
бо вось Бог у Хрысьце пагадзіў сьвет з сабою, не ўлічваючы ім злачанстваў іхніх, ды даручыў нам слова прымірэньня.

Мы тады за Хрыстуса пасланства выконываем, якбы сам Бог праз нас напамін даваў; у імя Хрыстуса заклінаем вас — пагадзецеся з Богам.
 
Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім: Пагадзіцеся з Богам!

Таог бо, Каторы ня знаў граху, Ён зрабіў для нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім сталіся справядліўцамі перад Богам.
 
Бо Ён Таго, хто ня ведаў грэху, учыніў занас грэхам, каб мы ў Ім сталіся справядлівасьцю Божай.