Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 1999
Таму вось, браты мае найдаражэйшыя ды найжаданьшыя, радасьць мая і карона мая, трывайце гэтак ва Усеспадару, наймілейшыя!
Гэтак, браты мае найдаражэйшыя і вельмі пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, умілаваныя.
Прашу Эводыю, прашу й Сынтыхэн быць аднадумнымі ва Усеспадару;
Эводыю прашу і Сынтыхею ўмольваю гэтак сама думаць у Госпадзе.
дый цябе прашу, верны супрацоўніку, памагай ім, яны бо працавалі для Эванэліі зы мною і Клемэнтам ды іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
Таксама і цябе прашу, блізкі супрацоўніку, дапамагай ім, бо яны са мною працавалі для Эвангельля разам з Клемансам і іншымі памочнікамі маімі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцьця.
Радуйцеся ва Усеспадару заўсёды, йшчэ раз кажу вам, радуйцеся!
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды. Яшчэ раз кажу: Радуйцеся!
Скроманасьць ваша ўсім людзям хай будзе ведамай: Госпад блізка ёсьць.
Ціхасьць вашая хай будзе вядомай усім людзям. Госпад блізка.
Ня турбуйцеся ні аб чым, а патрэбы вашыя Богу паручайце ў малітвах і падзячных благаннях;
Не турбуйцеся ні аб чым, але ў кожнай малітве і просьбе з падзякаю выяўляйце жаданьні вашыя Богу.
і спакой Божы, перавышаючы ўсякае ўяўленне, сьцерагчыме сэрцы й думкі вашыя ў Хрыстусе Езусе.
І супакой Божы, які вышэй за ўсякае разуменьне, хай сьцеражэ сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Езусе.
І наастанку, браты, усё, што праўдзівае, што чыстае, што справядлівае, усё, што сьвятое, што любае, што шанаблівае, калі якая цнота, ці што пахвалы годнае — майце у думцы.
Урэшце, браты, што толькі ёсьць праўдзівае, што толькі чэснае, што толькі справядлівае, што толькі чыстае, што толькі вартае любові, што толькі добрай славы, ці якое што добрае, ці што пахвальнае, — пра тое думайце.
Чаго навучыліся, што перанялі, чулі й бачылі ў ва мне — тое спаўняйце і Бог супакою будзе з вамі.
І тое рабіце, чаго вы ад мяне навучыліся, што атрымалі, што пачулі і што бачылі; і Бог супакою будзе з вамі.
Я вельмі быў рад ва Усеспадару, што вашы старанні аба мне зноў ажылі ў вас, як калісь, тоьлкі ня было для іх дагоднасьці.
Дужа ўзрадаваўся я ў Госпадзе, што вы урэшце парупіліся шчыра пра мяне, як раней думалі, але былі ў клопатах.
Кажу гэта не дзеля нястачы, бо я навучыўся задавольвацца тым, што маю:
Не кажу я гэтага з прычыны недахопу, бо я навучыўся жыць так, як здарыцца.
умею быць і ў паніжэнні, умею і ў дастатку, ўсяго і ў ва ўсім: і насычацца і галадаваць, жыць у дастатку і ў нястачы.
Умею і ў прыніжэньні (жыць), умею і ў дастатку: усяго і ў-ва ўсім навучыўся: і мець дастатак і нястачу, і наесьціся, і галадаць.
Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.
Усё магу ў Тым, які ўзмацняе мяне.
Вы аднак зрабілі добра, дзелячы зы мною мае турботы.
Аднак жа добра вы зрабілі, успамагаючы бяду маю.
І вы, Філіпійцы, ведаеце самы, што на пачатку эвангэлізацыі, калі я выйшаў з Макэдоніі, акрамя вас адных, ні адна эклезія не брала удзелу ні ў даванні, ні ў прыйманні;
Вы ж, Філіпяне, ведаеце, што на пачатку (абвяшчэньня) Эвангельля, калі я пакінуў Македонію, ні адна з цэркваў, апрача вас, не ўзяла ўдзелу у даваньні і прыйманьні;
вы і ў Тэсслёніку раз і другі высылалі мне на патрэбу.
вы і ў Тэсалоніку раз ці два прысылалі на мой ужытак.
Ня тое, каб я шукаў дарункаў, я бо шукаю полду, што множыцца на вашую карысьць.
Не шукаю я дарункаў, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашую карысьць..
Я маю ўсяго ўдостань; у мяне даволі ўсяго адкалі атрымаў ад Эпафрадыта пасланае вамі: пахі чароўныя, ахвяру Богу мілую.
Хапае мне ўсяго, і нават лішне забясьпечаны, атрымаўшы ад вас праз Эпафрадыта тое, што вы прыслалі, салодкі пах, ахвяру прыемную, мілую Богу.
За гэта Бог мой хай заспакоіць усе патрэбы вашыя водле свайго багацьця ў хвале, ў Хрыстусе Езусе.
Хай жа Бог мой споўніць усякае вашае жаданьне паводле багацьця свайго ў хвале, у Хрысьце Езусе.
А Богу й Айцу нашаму хвала на вякі вечныя! Амэн.
Богу ж і Айцу нашаму хвала на вякі вечныя. Амэн.
Прывітайце кажнага сьвятога ў Хрыстусе Езусе. Вітаюць вас браты, што зы мною.
Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Езусе. Вітаюць вас браты, якія тут са мною.
Вітаюць вас усе сьвятыя, асабліва тыя з цэзарскага дому.
Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, якія з дому цэзара.
Ласка Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса хай будзе з усімі вамі. Амэн.
Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.