1 Пятра 3 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Таксама і вы жанкі будзьце адданымі сваім мужом, каб навет тые зь іх, што ня вераць слову (Эванэліі), сужыцьцём жонак сваіх здабываныя былі бяз слова,
 
Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак далучыліся [да веры] без слова,

гледзячы на вашае чыстае богабаязнае паступанне.
 
аглядаючы вашае чыстае, поўнае страху [Божага] жыццё.

Ня моднае укладанне валос, не абвешванне сябе золатам ці вынайдаванымі ўборамі, хай вас ухарашае,
 
Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні,

але — высокавартасная прад Богам — чалавечная сэрдэчнасьць сукрытая у ненарушна-спакойным і лагодным духу.
 
але схаваны ў сэрцы чалавек у непахіснай мірнасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых.

Гэтак-жа прыхарашалі сябе калісь і сьвятыя, на Бога надзейныя, жанчыны, мужом сваім падданыя.
 
Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам,

Так Сара паслушная была Абрагаму, спадаром яго называючы, а вы стаяцеся ейнымі дочкамі, калі дабро дзееце, не пачуваючыся прымушанымі.
 
як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дочкі, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот.

Такжа і вы мужы ў разумным сужыцьці з жаночай слабейшай натурай, аказвайце ім пашану як суспадкаемніцам жыцьцяласкі, каб ня было вам перашкодаў у малітвах.
 
Так жа і вы, мужы, у супольным жыцці лічыцеся разумна з жанчынай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым.

Урэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачуваючыя, браталюбныя, міласэрныя, пакорныя;
 
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, пакорныя,

не адплачвайце злом за зло, ані зьнявагай за зьнявагу, а наадварот — багаслаўце, вы бо на тое пакліканы, каб багаслаўленства унасьледзіць.
 
не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, бласлаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб атрымалі ў спадчыну блаславенне.

Бо хто хоча жыцьцё любіць ды шчасьлівыя дні аглядаць, хай паўстрымлівае свой язык і вусны ад благое мовы;
 
«Бо хто хоча любіць жыццё ды аглядаць шчаслівыя дні, хай стрымлівае язык ад зла і вусны, каб не гаварылі падступна;

хай староніць ад благога, а дабро творыць, хай шукае згоды й да яе імкнецца;
 
няхай адступіцца ад зла і робіць дабро, хай спаганяе супакой ды ідзе за ім.

бо вочы Госпада над праведнымі, а вушы — над малітвамі іхнімі, абліччаж Госпадава — супроць злыдняў (Пс. 33:13−17).
 
Бо вочы Госпадавы на справядлівых, і вушы Яго на просьбы іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць зло».

І хтож зробіць вам злошкоднасьць, калі вы будзеце рупіцца аб дабры?
 
І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?

Каліб і пацярпець давялося за праўду, дык вы шчасьлівыя. Ня бойцеся пагрозаў і ня журэцеся.
 
А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся,

Хрыста Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых будзьце гатовы заўсёды кажнаму, вымагаючаму ад вас апраўдання вашай жыцьцянадзейнасьці, даць адказ;
 
Госпада Хрыста асвячайце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовыя абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас.

але з багавейнай лагоднасьцю, маючы добрае сумленне, каб злыдзеньствам, якім вас чэрняць, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрыстусе.
 
У спагаднасці і страху [Божым] беражыце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць,  былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысце.

Лепш бо цярпець, добра паступаючы, калі такая воля Божая, чым — блага;
 
Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло.

і Хрыстус-жа памёр за нашы грахі, справядлівець за несправядлівых, каб нас прывясьці к Богу; усьмерчаны целам, але ажылы духам (Рымл. 5:6; Жыд.),
 
Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб вас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але аджыўшы Духам;

навет і прабываючым у цямніцы духом зыйшоў прапаведваць.
 
у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы,

Калісь былі гэта духі няверныя, што за часаў Ноя пры будове Аркі — ў якой ледзь восем асоб ад вады ўратавалася — надужывалі Божую цярплівасьць.
 
якія калісьці пры будове аркі Ноя, у якой нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады, былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя.

Гэтая вада і вас сяння збаўляе праз хрост, які сабой запавяшчала, не абмыцьцём цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, згробуўстаннем Езуса Хрыстуса,
 
На падабенства таго і вас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб добрым сумленні, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,

Які — перамогшы сьмерць, каб зрабіць нас спадкаемнікамі жыцьця вечнага — ўзыйшоў у неба й сядзіць праваруч Бога-Айца, паддаўшы сабе анёлы і ўлады і сілы.
 
Які ўзышоў у неба і сядзіць  праваруч Бога, падпарадкаваўшы Сабе анёлаў, і ўлады, і магуцці.