1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык вось, калі Хрыстус цярпеў за нас целам, то і вы узбройцеся тоюж думкай, хто бо целам цярпіць, перастае грашыць,
 
Калі ж Хрыстос цярпеў целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю, што той, хто церпіць целам, адыходзіць ад граху,

каб рэшту быцьця ў целе ўжо не для похацяў чалавечых жыць, але для волі Божай.
 
каб той час, што застаўся для жыцця ў целе, пражыць не для пажаданняў людскіх, але для волі Божай.

Даволі бо ўжо было мінулага часу для насычэння паганскай жадобы тым, што бадзяліся ў бэстыяльскай распусьце, п’янстве, абжорстве й нясуразным балванахвальстве;
 
Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы вы, дзеля выканання волі паганаў, жылі ў раскошы, пажаднасцях, у злоўжыванні віном, абжорстве, п’янстве і ў агідным балванахвальстве.

таму-то яны й дзівяцца, што не квапіцеся занурацца зь імі ў балоце распусты, ды языком бэсьцяць вас;
 
Дзеля таго яны дзівяцца, што вы не топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.

але незабаўна адкажуць перад Тым, што мае прыйсьці судзіць жывых і мяртвых.
 
Яны здадуць справаздачу Таму, Хто прыгатаваны на тое, каб судзіць жывых і мёртвых.

Натое-ж бо і для мяртвых была аглашаная Эванэлія, каб яны асуджаныя водля свае чалавецкасьці ў целе, жылі водля Бога ў Духу.
 
Таму неслі добрую вестку нават мёртвым, каб яны, хоць суджаныя целам па-людску, жылі духам па-божаму.

Дый блізкі канец усяму. Будзьце, восьжа, агляднымі ды не драмеце — малецеся.
 
Канец усяго ўжо наблізіўся. Дык будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах.

А больш за ўсё майце шчырую любасьць адзін да другога, любасьць бо шмат грахоў прысланяе (Прып. 10:12).
 
Перад усім майце заўсёды нязменную любоў між сабою, бо любоў закрывае многа грахоў.

Адны другім без нарокаў будзьце гасьціннымі,
 
Будзьце адны да другіх без наракання гасціннымі.

прыслужнымі, кажны водля атрыманага дару — як добрыя разьмяркоўнікі шматякіх ласкаў Божых.
 
Служыце адны другім тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Божай.

Калі гаворыць хто — гавары як словы Божыя; прыслужвае хто — служы па сіле з праканання, што яе Бог дае, каб славіўся Ён праз Езуса Хрыстуса, Якоу хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.
 
Калі хто прамаўляе, хай гаворыць як словы Божыя; калі хто паслугуе, хай паслугуе сілай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Ісуса Хрыста: Яму слава і валадаранне ў векі вечныя. Амін.

Найдаражэйшыя, ня будзьце неабытымі з гартуючым вас агнём спакусы, бы зь нечым дзівосным здарыўшымся вам;
 
Дарагія! Не дзівіцеся агню, які дзеля выпрабавання вам з’явіўся, як бы што нечаканае вас напаткала,

але, будучы супольнікамі Хрыстовых цярпенняў, радуйцеся, каб і тады, як аб’явіцца хвала, ягона, радаваліся й весяліліся.
 
але, наколькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб’яўленні славы Яго цешыліся вы з весялосцю.

Калі вас бэсьцяць за імя Хрыстусава, дык шчасце вам, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас.
 
Калі зневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасныя, бо Дух славы і Бога на вас супачывае.

Абы толькі хто з вас не цярпеў як забойца, ці як злыдзень, або злодзей і пасягаючы на чужое;
 
Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або зайздроснік чужому.

а калі — як хрысьціянін, дык ня стыдзіся, але хвалі Бога за гэткае ймя.
 
Калі ж церпіць як хрысціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтае імя.

Прышла бо пара, каб начаўся суд ад Божага дому; калі-ж перш — ад нас, то якіж канец будзе тых, што не пакараюцца Божай Эванэліі?
 
Бо час, каб суд распачаўся ад дома Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што не слухаюць Божага Евангелля?

Бо калі праведнік ледзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе акажуцца?
 
І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбожны і грэшнік дзе апынецца?»

Дык і церпячыя з Божай волі хай праз добрыя учынкі паручаюць душу сваю вернаму Стварыцелю.
 
Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцы, робячы дабро.