1 Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак далучыліся [да веры] без слова,
2 аглядаючы вашае чыстае, поўнае страху [Божага] жыццё.
3 Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні,
4 але схаваны ў сэрцы чалавек у непахіснай мірнасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых.
5 Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам,
6 як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дочкі, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот.
7 Так жа і вы, мужы, у супольным жыцці лічыцеся разумна з жанчынай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым.
8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, пакорныя,
9 не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, бласлаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб атрымалі ў спадчыну блаславенне.
10 «Бо хто хоча любіць жыццё ды аглядаць шчаслівыя дні, хай стрымлівае язык ад зла і вусны, каб не гаварылі падступна;
11 няхай адступіцца ад зла і робіць дабро, хай спаганяе супакой ды ідзе за ім.
12 Бо вочы Госпадавы на справядлівых, і вушы Яго на просьбы іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць зло».
13 І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?
14 А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся,
15 Госпада Хрыста асвячайце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовыя абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас.
16 У спагаднасці і страху [Божым] беражыце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць, былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысце.
17 Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло.
18 Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб вас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але аджыўшы Духам;
19 у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы,
20 якія калісьці пры будове аркі Ноя, у якой нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады, былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя.
21 На падабенства таго і вас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб добрым сумленні, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,
22 Які ўзышоў у неба і сядзіць праваруч Бога, падпарадкаваўшы Сабе анёлаў, і ўлады, і магуцці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст Пётры, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.