Мацьвея 6 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Высьцерагайцеся даваць субожыну вашу перад людзьмі, каб яны бачылі вас, ато ня будзеце мець нагароды ад Айца вашага, што ёсьць у небе.
 
Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе.

Дык ты, калі абдараеш, ня трубі перад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў бажніцах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю заплату.
 
І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.

А ты, як робіш дарэнне, хай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
 
Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,

каб дарэнне тваё было ў скрытнасьці, і Айцец твой, які бачыць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе [яўна].

І калі моліцеся, ня будзьце, як крывадушнікі, якія любяць у бажніцах і на вуглох вуліц стоячы маліцца, каб іх людзі бачылі; сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю нагароду.
 
І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

А ты як молішся, ўвайдзі ў сьвятліцу сваю і, зачыніўшы дзьверы, маліся да Айца твайго ў скрытнасьці і Айцец твой, які бачыць утоенае, аддасьць табе.
 
А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе [яўна].

А молячыся не гаварэце лішне, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць выслуханы.
 
А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.

Ня будзьце падобны да іх, бо ваш Айцец ведае, чаго вам трэба, перш, чым у яго папросіце.
 
Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.

Малецеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё,
 
А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,

прыдзі валадарства Тваё, будзь Твая воля, як у небе, так і на зямлі.
 
прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.

Хлеба нашага штодзеннага дай нам сяння.
 
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;

і адпусьці нам віны нашы, як і мы адпушчаем вінаватым нашым
 
і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым;

і ня ўводзь нас у пакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
 
і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. [Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў.]

Бо калі вы адпусьціце людзям віну іхнюю, то і вам адпусьціць Айцец ваш нябесны праступкі вашы.
 
Бо калі вы адпусціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, адпусціць вам.

А калі не даруеце людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
 
Але калі вы не адпусціце людзям, то і Айцец ваш не адпусціць грахоў вашых.

А як посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, гмырлівыя, бо яны насупліваюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Папраўдзі кажу вам, яны дасталі нагароду сваю.
 
Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

А ты, калі посьціш, намасьць галаву сваю ды абмый твар свой,
 
А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой,

каб ня людзям паказацца посьцячым, але Айцу свайму, які ёсьць у скрытнасьці, і Айцец твой, што відзіць у скрытнасьці, аддасьць табе.
 
каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе [яўна].

Ня збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа і моль з’ядае, ды дзе зладзеі падкопваюць і крадуць,
 
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.

але збірайце скарбы ў небе, дзе ані іржа, ані моль ня глуміць і дзе зладзеі не крадуць.
 
Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.

Бо дзе скарб твой, там і сэрца тваё.
 
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

Светачам цела твайго ёсьць тваё вока. Калі вока тваё будзе шчырае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
 
Свяцільня цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.

А калі вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Дык калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемрай, то якая-ж вялікая будзе сама цемра?
 
А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?

Ніхто ня можа двом паном служыць, бо або аднаго ненавідзеціме, а другога любіціме, або да аднаго прыхінецца, а другога зняхаіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
 
Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.

Вось чаму і кажу вам: ня журэцеся аб жыцьці вашым што будзеце есьці, ані аб целе вашым у вошта адзецца. Ці-ж душа не важнейшая за пажыву, а цела за адзежу?
 
Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела — за адзенне?

Паглядзеце на птушкі нябесныя, што ня сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у сьверні, адыж Айцец ваш нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня варты многа болей за іх?
 
Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?

Дый хто з вас можа сваёю турботай дадаць да ўласнага ўзросту адзін локаць?
 
Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?

І аб адзенні нашто турбавацца? Гляньце на лілеі ў полі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
 
А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.

а я вам кажу, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй ня быў гэтак адзеты, як адна з іх.
 
А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.

Калі-ж палявую траву, якая сяння ёсьць, а заўтра кідаецца ў печ, Бог так адзяе, то куды болей вас малаверных?
 
Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.

Дык не клапацецеся, кажучы: «Што будзем есьці, або што будзем піць, ці ў вошта адзявацімемся?»
 
І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”

бо ўсяго гэтага пагане шукаюць. Дый Айцец ваш ведае, што ўсяго гэтага вам патрэба.
 
Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.

Дык шукайце перш валадарства Божага й справядлівасьці яго, а гэнае ўсё будзе вам дададзена.
 
Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.

Вось-жа ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашні дзень сам аб сабе турбавацімецца. Хопіць на кожын дзень свае бяды.
 
І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова дню свайго ліха.