Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Калі-ж-зыйшоў з гары, пайшла за ім вялізная грамада.
 

І вось запракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Усеспадару, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 

Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і кажа: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.
 

І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не расказвай, але йдзі пакажыся сьвятару ды ахвяруй дар, які загадаў Майзей, на пасьветчанне ім.
 

Калі-ж увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго
 

і кажучы: Усеспадару, слуга мой ляжыць дома спараліжаваны й цяжка мучыцца.
 

І сказаў яму Езус: Я прыйду й аздараўлю яго.
 

А сотнік, адказваючы, гавора: Усеспадару, я ня варт, каб ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі словам і аздаравее слуга мой.
 

Бо і я чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабою вояў, і кажу аднаму: «Ідзі» — і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі» — і ён прыйходзіць, ды слузе майму: «Рабі гэта» — і ён робіць.
 

А, пачуўшы Езус, здзівіўся й сказаў да тых, што йшлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я гэткае вялікае, веры ў Ізраэлю.
 

І кажу вам, што многія прыйдуць з усходу ды засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,
 

а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 

І сказаў Езус сотніку: Ідзі, як ты ўверыў, так табе хай і станецца. І ачуняў слуга ў тую гадзіну.
 

А як прыйшоў Езус у дом Пятра, убачыў цешчу ягону, ляжачую ў гарачцы,
 

і дакрануўся да ейнай рукі й пакінула яе гарачка, і яна устала й паслугоўвала ім.
 

Калі-ж настаў вечар, шмат напрыводзілі да яго абянтэжаных злым духам. І выганяў духаў словам ды аздараўляў хворых усіх,
 

каб споўнілася, што было сказана праз Ізаю прарока, які кажа: «Ён прыняў нашы немачы й насіў нашыя хваробы» (53:4).
 

Відзячы-ж навокал сябе шмат народу, загадаў Езус пераплыць на другі бок мора.
 

І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцелю, пайду за табою, куды-б ты ні пайшоў.
 

І сказаў яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе галавы прытуліць.
 

Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Усеспадару, дазволь мне перш пайсьці й пахаваць бацьку майго.
 

А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.
 

І калі ён увайшоў у лодку, паўходзілі за ім і вучні ягоныя.
 

І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж лодку хвалі залівалі, а ён спаў.
 

Тады прыступілі да яго вучні і збудзілі яго, кажучы: ратуй нас Усеспадару, гінем!
 

І кажа ім Езус: Чаго вы гэтак баіцеся, малаверлівыя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору й зрабілася вялікая цішыня.
 

І, дзівячыся, людзі гаварылі: Хто ён такі, што і вятры і мора слухаюць яго?
 

Калі-ж пераплыў на другі бераг у краіну Гэразэнаў, насустрэч яму выбеглі з магілаў два маючыя дзябальства, вельмі лютыя, так што ніхто не адважваўся прайходзіць тою дарогай.
 

І вось яны закрычалі: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перадчасна мучыць нас?
 

А недалёка ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
 

Дык чэрці прасілі яго: Калі згэтуль нас выганяеш, пашлі нас ў гэны гурт сьвіней.
 

І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж, выйшаўшы, ўвайшлі ў свінне. І вось усенькі гурт кінуўся стрымгалоў у мора і захлынуўся вадою.
 

Пастухі-ж паўцякалі й, прыйшоуўшы ў горад, расказалі аб усім ды аб тых, што мелі нячысьцікаў.
 

І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу ды, ўбачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхніх рубяжоў.