Мацьвея 13 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

У той дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.
 

І зыйшліся да яго вялікія грамады, так што ён увайшоў у човен і сеў, а ўся грамада стаяла на беразе.
 

І шмат гавырыў ім у прыповесьцях, кажучы: Вось выйшаў, што сее, сеець.
 

І калі ён сеяў, адны упалі пры дарозе, і наляцелі птушкі паднебныя ды падзяўблі іх.
 

А іншыя упалі на месца камяністае, дзе ня мелі шмат зямлі; і незабаўна узыйшлі, зямля бо была няглыбокая.
 

Калі-ж узыйшло сонца, павялі і, ня маючы кораня, пасохлі.
 

Іншыя-ж упалі ў цярнінў, і разбуяла цярніна ды заглушыла іх.
 

Іншыя-ж упалі на добрую землю і далі плод: адно соты, другое шэсьцьдзесяты, іншае трыццаты.
 

Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
 

І прыступіўшыся вучні сказалі яму: Нашто гаворыш ім у прыповесьцях?
 

Ён у вадказ сказаў ім: Затым, што вам дадзена пазнаць тайніцы валадарства нябеснага, а ім ня дадзена.
 

Бо хто мае, таму дасцца й прыбавіцца, а хто ня мае, ў таго адымецца й тое, што мае.
 

Дзеля таго гавару да іх у прыповесьцях, што гледзячы ня бачаць і слухаючы ня чуюць ды не разумеюць.
 

І збываецца на іх прароцтва Ізаія (6:9−10), які кажа: «Слухам слухацімеце й не зразумееце, і зрокам глядзецімеце й ня ўбачыце.
 

Агрубела бо сэрца гэтага народу і вушамі з натугаю чуюць ды заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма ды не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам ды не навярнуцца, каб я не аздаравіў іх».
 

Вашыя-ж вочы шчасьлівыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.
 

Бо сапраўды кажу вам, што многія прарокі й справядліўцы жадалі бачыць, што вы відзіце й ня бачылі, ды чуць што вы чуеце й ня чулі.
 

Вось-жа паслухайце прыповесьці пра сяйбіта,
 

Да ўсякага. хто слухае слова аб валадарсьцьве й не разумее, прыходзіць Злы і вырывае што пасеена ў ягоным сэрцы: гэта той што пасеены пры дарозе.
 

А хто пасеены на месцы камяністым, гэта той, што слухае слова і зараз-жа з радасьцю прыймае яго,
 

але ня мае карэння ў сабе, ёсьць нясталы, дык як прыходзіць бяда, напасьць за слова, зараз горшыцца.
 

А пасеенае ў цярніне, гэта той, хто слухае слова, адыж турботы гэтага сьвету й мана багацьця заглушае слова й робіцца яно бясплодным.
 

Пасеена-ж на добрай зямлі, гэта той, хто слухае слова і разумее, ён-то й плод прыносіць — і дае адно соты, другое шэсьцьдзесяты, а іншае трыццаты.
 

Другую прыповесьць падаў ім, кажучы: Валадарства нябеснае сталася падобным да чалавека, які пасееў добрае насенне на сваім полі.
 

Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг ягоны, насееў кукалю між пшаніцаю ды пайшоў.
 

Калі-ж узрасло збожжа і прынясло плод, тады паказаўся й куколь.
 

Прыйшоўшы-ж слугі гаспадара сказалі яму: Спадару, ці-ж ты ня добрае насенне пасееў на сваім полі? Адкуль-жа ўзяўся куколь?
 

Кажа ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. Слугі-ж сказалі яму: хочаш, пойдзем і выпалем яго.
 

А ён гавора: Не, каб часам выбіраючы куколь, вы ня павырывалі разам і пшаніцы.
 

Пакінце расьці абое аж да жніва, а ў пару жніва скажу жанцом: Збярэце перш куколь і вязэце яго ў вязкі, каб спаліць, а пшаніцу злажэце ў гумно маё.
 

Іншую прыповесьць расказаў ім, кажучы: Падобна валадарства нябеснае да зернеці гарчычнага, якое чалавек узяў і пасееў на сваім полі.
 

Яно, праўда, найменшае з усяго насення, але як вырасьце, бывае большым за ўсе агародніны і робіцца дзеравам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і жывуць у ягоным гальлі.
 

Іншую прыповесьць дадаў ім: Валадарства нябеснае падобнае да рошчыны, якую жанчына ўзяўшы ўлажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісьне.
 

Усё гэтае гаварыў Езус да грамадаў у прыповесьцях, і бяз прыповесьцяў не гаварыў ім,
 

каб спраўдзілася, што было сказана праз прарока, які кажа: «Адчыню ў прыповесьцях вусны мае, выкажу скрытае ад стварэння сьвету» (Пс. 77:2).
 

Тады, адправіўшы народ, увайшоў у дом. І прыступілі да яго вучні ягоныя, кажучы: Раз’ясьні нам прыповесьць аб кукалі на полі.
 

Ён-жа ў адказ гавора ім: Той, хто сее добрае насенне ёсьць Сын чалавечы.
 

А поле — гэта сьвет, добрае-ж зерне — гэта сыны валадарства, а куколь — сыны благога.
 

Вораг-жа, што насееў яго — гэта дзябал, а жніва — гэта канец сьвету, жанцы — гэта анелы.
 

Вось-жа як збіраюць куколь і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні сьвету.
 

Пашле Сын чалавечы сваіх анёлаў і збяруць з яго валадарства ўсе згаршэнні й тых, што робяць нягоднасьць,
 

і ўкінуць іх у печ агню, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 

Тады справядліўцы заззяюць, як сонца, ў валадарсьцьве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
 

Падобнае валадарства нябеснае да скарбу, схаванага ў полі, які чалавек знайшоўшы прыкрывае і з радасьці ад гэтага йдзе ды прадае ўсё, што мае й купляе гэнае поле.
 

Зноў-жа падобнае валадарства нябеснае да чалавека купца, які шукае добрых пэрлаў.
 

Знайшоўшы-ж адну дарагую пэрлу, пайшоў і прадаў усё што меў ды купіў яе.
 

Яшчэ падобнае валадарства нябеснае да неваду, закіненага ў мора й загарнуўшага ўсякага роду рыбы;
 

калі ён быў поўны, выцягнулі яго, і пасеўшы на беразе, выбралі добрую ў пасудзіны, а дрэнную выкінулі вон.
 

Гэтак будзе пры сканчэнні сьвету: выйдуць анелы і выдзяляць благіх спасярод справядлівых
 

ды ўкінуць іх у печ вагністую; там будзе плач і ськрыгот зубоў.
 

Ці вы зразумелі ўсё гэта? Кажуць яму: Так.
 

Сказаў ім: Дзеля таго кожны кніжнік, навучаны аб каралеўсьцьве нябесным, падобны ёсьць да чалавека гаспадара, які дастае із свае скарбніцы новае і старое.
 

І сталася, калі Езус скончыў гэтыя прыповесьці, адыйшоў адтуль.
 

І прыйшоўшы ў сваю бацькаўшчыну, навучаў іх у іхніх бажніцах, так што дзівіліся й казалі: Адкуль гэтая мудрасьць у яго ды цуды?
 

Ці-ж ён ня сын цесьляра? Ці-ж Матка ягона не завецца Марыя і браты яго: Якуб і Язэп і Сымон і Юда?
 

А сёстры ягоныя ці-ж ня ўсе ў нас? Дык адкуль у яго ўсё гэта?
 

І бянтэжыліся да яго. Езус-жа сказаў ім: Прарок ня бывае без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне яго ды ў доме ягоным.
 

І ня здзееў там шмат цудаў дзеля няверы іхняй.