Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Гэрада, вось Мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім
 

і кажуць: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.
 

Пачуўшы гэта кароль Гэрад, стрывожыўся, а з ім увесь Ерузалім.
 

І сабраўшы ўсіх старшых святараў і кніжнікаў народу, даведваўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.
 

Яны-ж сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2).
 

«І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ня меншы спаміж княстваў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе правадыр, што кіраваціме народ мой Ізраэльскі».
 

Тады Гэрад тайком паклікаўшы Мудрацоў, рупна выведаў ад іх час з’яўлення ім зоркі.
 

І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце й распытайце добра аб дзіцяці і, калі знойдзеце, паведамце мне, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.
 

Яны, выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, йшла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы ня супынілася над мейсцам, дзе было дзіця.
 

А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасцю.
 

І, ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; ды адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзідла й мірру.
 

І, атрымаўшы адказ у сьне, каб не вярталіся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
 

Калі-ж яны ад’ехалі, вось анел Божы з’явіўся ў сьне Язэпу, кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго ды ўцякай у Егіпет і будзь там дакуль не скажу табе; бо Гэрад шукаціме дзіцяці, каб загубіць яго.
 

Ён, устаўшы, ўзяў уначы дзіцятка й матку ягону ды пайшоў у Егіпет.
 

І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які гавора (Оз. 11:1): «З Егіпту паклікаў я сына майго».
 

Тады Гэрад, бачачы, што мудрацы звялі яго, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў ўсіх дзяцей, што былі ў Бэтлееме ды ў ва ўсіх аколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў ад мудрацоў дапытаўся.
 

Тады збылося запавешчанае праз прарока Ерэмія (31−15), кажучага:
 

«Голас быў чутны ў Раме, пляць наўзрыд вялікі; Рахэля галосячая па дзецях сваіх не хацела суняцца, бо іх нямашака».
 

Па смерці-ж Гэрада, вось анел Госпадаў з’явіўся ў сьне Язэпу ў Егіпце
 

й кажа: Устань, вазьмі дзіцятка й матку ягону ды йдзі ў зямлю Ізраэляву, памярлі бо тыя, што шукалі душы дзіцяці.
 

Ён устаўшы, ўзяў дзяцятка й матку ягону ды прыйшоў у зямлю Ізраэляву.
 

Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архэляй на месцы бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды йсці й, перасцярэжаны ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.
 

І, прыйшоўшы, аселіўся ў месьце, званым Назарэт, каб споўнілася запавешчанае праз прарокаў: Назарэем будзе звацца. (Судз. 13:5).