Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2003

1 Яна 5 1-ы ліст Яна 5 разьдзел

1 Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, Які нарадзіў, любіць і Таго, Хто з Яго нарадзіўся.
2 З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і выконваем Яго пастановы,
3 бо любоў да Бога ў тым, каб мы выконвалі пастановы Яго, а пастановы Яго не цяжкія,
4 бо кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае свет; а вось перамога, што перамагае свет: вера нашая.
5 А хто перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы!
6 Ісус Хрыстос ёсць Той, Хто перайшоў праз ваду і кроў; не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І ёсць Дух, які дае сведчанне, бо Дух ёсць праўда.
7 Бо трое даюць сведчанне:
8 Дух, вада і кроў, і гэтыя трое ёсць у адным.
9 Калі мы прымаем сведчанне людзей, дык сведчанне Божае большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў аб Сыне Сваім.
10 Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сведчанне Бога. Хто не верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо не паверыў у сведчанне, якое даў Бог аб Сыне Сваім.
11 А сведчанне такое, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё ў Сыне Яго.
12 Той, хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына, не мае жыцця Божага.
13 Пра гэта напісаў я вам, каб вы ведалі, што маеце жыццё вечнае, — вы, якія верыце ў імя Сына Божага.
14 І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён слухае нас.
15 І калі ведаем, што Ён слухае нас, пра што б мы ні прасілі, дык ведаем, што мы маем права прасіць, чаго хочам ад Яго.
16 Калі хто бачыць, што брат яго грашыць грахом несмяротным, хай моліцца і дасць Бог яму жыццё, — маю на увазе таго, чый грэх несмяротны. Ёсць грэх смяротны; не кажу, каб за такога маліцца.
17 Кожнае беззаконне ёсць грэх, аднак ёсць грахі, што не на смерць.
18 Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца яго.
19 Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь свет апанаваны ліхім.
20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Таго, Хто праўдзівы; і мы ў Тым, Хто праўдзівы, у Сыне Яго Ісусе Хрысце. Ён праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.
21 Дзеткі, сцеражыцеся балванаў!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Яна, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.