1 Даручаю вам Фебу, сястру нашую, якая ёсць служкаю царквы, што ў Цэнхрах, дзе яна на паслузе,
2 каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.
3 Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,
4 якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,
5 а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.
6 Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для вас.
7 Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод апосталаў, якія перш за мяне былі ў Хрысце.
8 Прывітайце любага мне ў Госпадзе Ампліята.
9 Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.
10 Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з [дома] Арыстабула.
11 Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з [дома] Нарцыза, якія ў Госпадзе.
12 Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.
13 Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.
14 Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэрма, Патроба, Гэрму ды братоў, што разам з імі.
15 Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпу ды ўсіх святых, што разам з імі.
16 Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усіх цэрквы Хрыстовыя.
17 Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!
18 Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.
19 Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і простымі на ліхое.
20 Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса з вамі!
21 Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
22 Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст дзеля Госпада.
23 Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы.
24 Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.
25 Таму ж, Які мае магутнасць умацаваць вас паводле добрай весткі ды майго абвяшчэння Ісуса Хрыста, паводле адкрыцця таямніцы, даўнейшымі вякамі схаванай,
26 а цяпер аб’яўленай, і прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай усім народам для паслухмянасці іх у веры,
27 Адзінаму мудраму Богу праз Ісуса Хрыста, Якому слава навечна. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да Рымлянаў, 16 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.