Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Малахіі 2 Малахіі 2 разьдзел

1 І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае.
2 Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца.
3 Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою;
4 І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. —
5 Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё.
6 Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці.
7 Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў.
8 А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, —
9 таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону».
10 Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых?
11 Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога.
12 Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў.
13 І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай;
14 і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго.
15 Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі.
16 Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі.
17 Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Малахіі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017