Адкрыцьцё 5 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І ўбачыў я ў правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і зьверху, запячатаную сямю пячаткамі.
 
1 І ўбачыў я ў руцэ Седзячага на троне кнігу запісаную ўнутры і звонку запячатаную на сем пячацяў.

І ўбачыў я дужага анёла, які абвяшчаў голасам вялікім: «Хто годны разгарнуць кнігу і зьняць пячаткі яе?»
 
І ўбачыў магутнага Анёла, абвяшчаючага гучным голасам: "Хто дастойны раскрыць кнігу і зьняць яе пячаці?"

І ніхто ня мог ані ў небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і паглядзець у яе.
 
І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі раскрыць кнігу, ні на яе глянуць.

І я шмат плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу ці паглядзець у яе.
 
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным раскрыць кнігу і глянуць на яе.

І адзін са старостаў кажа мне: «Ня плач! Вось, Леў, Які з калена Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць кнігу і зьняць сем пячатак яе».
 
І адзін са старэйшын сказаў мне: "Ня плач, вось перамог Леў з пакаленьня Юды, расток Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячацяў".

І я ўбачыў, і вось, пасярод пасаду і чатырох жывёлаў, і пасярод старостаў Ягня стаіць, быццам забітае, Які мае сем рагоў і сем вачэй, што ёсьць сем духаў Божых, якія пасланыя на ўсю зямлю.
 
І ўбачыў я між тронам і чатырма жывёлінамі, пасярод старэйшын Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія з'яўляюцца сямю Духамі Божымі пасланымі на ўсю зямлю.

І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Які сядзеў на пасадзе.
 
І пайшло і ўзяло з правай рукі Седзячага на троне кнігу.

І калі ўзяў Ён кнігу, чатыры жывёлы і дваццаць чатыры старосты ўпалі прад Ягнём, маючы кожны гусьлі і чары залатыя, поўныя фіміяму, які ёсьць малітвы сьвятых,
 
А калі раскрыла кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягнём, кожны з іх маючы гарфу і залатыя чашы, поўныя пахнілаў, якія абазначаюць маленні сьвятых,

і сьпяваюць новы сьпеў, кажучы: «Ты годны ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо Ты быў забіты, і Ты Крывёю Сваёю адкупіў нас Богу з кожнага калена, і мовы, і племені, і народу,
 
і сьпявалі новую песьню, кажучы: "Дастойны Ты, Госпадзе, узяць кнігу і адчыніць пячаці яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Сваёй з усякага пакаленьня і мовы, і народа, і нацыі,

і зрабіў нас валадарамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі».
 
і ўчыніў нас валадарствам і духоўнікамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі.

І я ўбачыў і пачуў голас мноства анёлаў вакол пасаду, і жывёлаў, і старостаў; і лік іхні быў дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў і тысячы тысячаў,
 
Калі так глядзеў, пачуў вакруг трона, вакруг жывёлін і навокал старэйшын голас безьлічы анёлаў, а лік іх-тысячы тысяч,

якія гаварылі голасам вялікім: «Годны Ягня забіты ўзяць моц, і багацьце, і мудрасьць, і магутнасьць, і пашану, і славу, і дабраслаўленьне».
 
кажучых гучным голасам: "Дастойны Ты Ягня, што забіты быў, каб прыняць моц і багацьце, і мудрасьць, і сілу, паклон і хвалу, і падзяку".

І ўсякае стварэньне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, і ўсё, што ў іх, я чуў, як казала: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці — дабраслаўленьне, і пашана, і слава, і ўлада на вякі вякоў».
 
Тады пачуў я, як засьпявала ўсё стварэньне, што на небе і што на зямлі, і пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсьць: "Седзячаму на троне і Ягнятку хай будзе хвала і паклон, і слава, і валаданьне на векі вечныя".

І чатыры жывёлы казалі: «Амэн». І дваццаць чатыры старосты ўпалі і пакланіліся Таму, Які жыве на вякі вякоў.
 
А чатыры зьвяры-істоты казалі: Аман. І дваццаць чатыры старцы падалі на твар свой і кланяліся Жывучаму на векі вечныя.