Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае;
 
Пасьля гэтага бачыў я іншага анёла, які сходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасьці яго.

І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай,
 
І загаварыў магутным голасам: "Упаў, упаў вялікі Бабілон. Ён стаў паселішчам дэманаў і сховішчам усякае нячыстай сілы, і схаванкай усякай нячыстай птушкі.

бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе».
 
Бо ўсе народы пілі віно помсты яе разбэшчанасьці. І ўсе валадары зямлі з ёю чужаложылі, а купцы зямлі гэтае ўзбагачаліся з яе вялікага багацьця.

І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных;
 
І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: "Выйдзі з яе, народзе мой, каб ня стаўся ты ўдзельнікам яе праступкаў і каб разам не пацярпеў і караў яе.

бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя.
 
Бо падняліся грахі яе аж да неба і прыпомніў Госпад яе несправядлівасьць.

Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая.
 
Адгадзіце ёй, як і яна вам дадзена, і падвойце ёй удвайне за яе справы. У чашу, з якой яна вам дадзена, і падвойце ёй удвайне за яе справы. У чашу, з якой яна вас паіла, наліце ўдвайне.

Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: “Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу ня буду бачыць».
 
Колькі выносілася яна і раскашавалася, толькі дайце ёй і гарчыні, і мук, бо думала ў сваім сэрцы: сяджу на троне, як каралева і не з'яўляюся ўдавой, і не пазнаю гора.

Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які судзіць яе.
 
Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень кары яе і гора, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Бог, які судзіць яе будзе.

І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе,
 
І плакаць будуць і галасіць дзеля яе каралі зямлі, якіх з ёй распусьнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе.

стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі Бабілон, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!»
 
Стоячы далёка, ад страху яе мучэньняў будуць казаць: "Гора, гора, вялікі той горад Бабілон, сільны горад, у адну хвіліну прыйшоў суд на цябе".

І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купляе тавару іхняга,
 
А гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо ня купіць.

тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру,
 
Тавараў залатых і сярэбраных, і дарагіх каменьняў, і перлаў, і бісера і пурпуры, шоўку і шкарлатаў, рознага туевага дрэва і вырабаў са слановай косьці і ўсякіх прадметаў з найдаражэйшага дрэва і медзі, і жалеза, і мармура,

і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых.
 
цынамону і бальзаму, карэньняў, масьці і кадзілаў, віна, алівы, чыстай мукі і пшаніцы, жывёлы, авечак, коней і вазоў, нявольнікаў і душаў людзкіх.

«І плады пажаданьня душы тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага».
 
Фрукты, што радавалі сэрца тваё, прапалі для цябе. Усё тучнае і славутае зьнікла перад табой, і больш ужо яго не знайсьці.

І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы,
 
Гандляры гэтых тавараў, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк дзеля яе мук, плачучы і лямантуючы, і кажучы:

і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным камянём, і пэрламі,
 
"Бяда, бяда табе, вялікі горад, апранены ў вісон і пурпур, і шкарлат, багаты золатам, дарагімі аменьнямі і перламі.

бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!» І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк
 
Бач, у адну хвіліну пагінулі такія багацьці. Усе стырнавыя і перавозчыкі прыбярэжныя і матросы разам з тымі, што па моры плавалі, здалёк стоячы,

і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: «Што падобна да гораду вялікага?»
 
уздыхалі і гледзячы на пажар казалі: "Дзе ж другі такі, падобны да гэтага, горад?"

І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны!
 
І пасыпалі попелам галовы сабе і ахікалі, плачучы і галосячы, і казалі: "Гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багачамі. Мелі ж каралі на моры за скарбы яго. У адзін момант усё прапала!"

Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».
 
Цешцеся з яго нядолі неба і сьвятыя апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім.

І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: «Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго.
 
Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: "З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане.

І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе,
 
І гукі граючых на гусьлях і сьпевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і не пакажацца больш ні адзін мастак і ніякае мастацтва. Не пачуецца журчэньне жорнаў, і

і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.
 
не зазіхаціць у табе больш сьвятло лямпы. Галасоў закаханых больш у ім не пачуеш. Купцы ж твае былі вяльтожамі сьвету, усе народы былі затрутыя тваім ядам.

І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі».
 
Засталася ў ім кроў прарокаў і сьвятых ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі."