Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была сынагога Юдэйская.
 
Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыбылі ў Тэсалёніку, дзе Юдэі мелі сынагогу.

І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,
 
Па звычаю сваім Павал наведаў іх і праз тры суботы выясьніў ім Пісаньне,

паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».
 
даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з памёршых ды што: "Езус, якога я вам абвяшчаю, і ёсьць гэты Хрыстос".

І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.
 
І некаторыя з іх ды вялікая колькасць веручых Грэкаў, і нямала высокародных жанчын уверылі і далучыліся да Паўла і Сілы.

А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.
 
Тады завідныя Юдэі, узяўшы з рынку нягодных людзей, сабралі натоўп, і збунтавалі горад, і знайшлі дом Язона, ды шукалі іх, каб паказаць народу.

Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,
 
І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў перад палітархаў, крычучы: "Гэтыя людзі, каторыя бунтуюць увесь сьвет, прыйшлі таксама сюды,

а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.
 
і Язон іх прыняў. Яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, заяўляючы, што ёсьць іншы кароль — Езус".

І, чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,
 
Такім чынам узбурылі яны грамады і палітархаў, каторыя гэта слухалі;

але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.
 
і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.

Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.
 
Зараз жа ў начы браты выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў Юдэйскую сынагогу.

А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
 
Гэтыя былі больш шляхетныя, чым у Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасьцю ды штодзень разьбіралі Пісаньне, ці так гэта ёсьць.

Тады шмат з іх паверыла, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.
 
І многа з іх уверыла, а таксама высокародныя жанчыны Грэцкія ды ня мала мужчынаў.

Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.
 
Калі Юдэі з Тэсалёнікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Павал вясьціць слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы грамады і выклікаючы забурэньне.

Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
 
Тады браты безадкладна выправілі Паўла, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
 
Тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.

А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.
 
Чакаючы на іх у Атэнах, Павал абураўся ў духу, бачучы горад, аддадзены балванахвальству.

Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.
 
Таксама гутарыў у сынагозе з Юдэямі і з багабойнымі ды што дзень на плошчы з тымі, з каторымі сустракаўся.

Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.
 
Некаторыя з філёзафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: "Што хоча сказаць гэты баўбатун?" Іншыя ж: "Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў", бо абвяшчаў ім Езуса і ўваскрасеньне.

І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?
 
І узялі яго, і завялі ў Арэапаг, і запыталі: "Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэньне ты прапаведуеш ?

Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»
 
Бо нейкія нячутыя рэчы ўкладаеш ты ў нашыя вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць".

Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.
 
Усе ж Атэнцы і пражываючыя там прыхадні нічым іншым не займаюцца, як толькі каб гаварыць або слухаць нешта новае.

А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія! З усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.
 
Дык Павал, стаўшы сярод Арэапагу, сказаў: "Мужы Атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.

Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.
 
Праxодзячы вось ды аглядаючы вашыя сьвятыні, напаткаў аўтар, на каторым было напісана: "Невядомаму Богу". Дык Таго, каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,
 
Бог, каторы стварыў сьвет ды ўсё, што на ім, Госпад неба і зямлі, не пражывае ў сьвятынях, рукой людзей пабудаваных,

і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.
 
ды не патрабуе паслугі рук людзкіх, як быццам Яму чаго не стае, бо Ён сам дае ўсім жыцьцё і дыханьне, ды ўсё іншае.

Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,
 
Ён з аднаго чалавека вывеў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім вобліку зямлі, вызначаючы час і межы іхняга пражываньня,

каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,
 
каб шукалі Бога, можа, часам дакрануцца Яго і знойдуць Яго, бо Ён, па праўдзе, недалёка ад кожнага з нас.

бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.
 
Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: "Мы бо і род Ягоны".

Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці камяня, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.
 
Дык, будучы з роду Божага, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменя, разьбы мастака, або да твору розуму чалавечага.

Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,
 
І вось, зважаючы на часы няведаньня, Бог цяпер кліча ўсюды ўсіх людзей да навярненьня,

бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
 
таму што вызначыў дзень, у каторы будзе судзіць сьвет справядліва і праз аднаго чалавека, каторага на гэта прызначыў, і даўшы усім пэўнасьць, уваскрашаючы Яго з памёршых".

Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»
 
Пачуўшы пра ўваскрасеньне мёртвых, адны насьміхаліся, а іншыя казалі: "Паслухаем цябе пра гэта іншым разам".

І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.
 
І гэтак Павал пакінуў іх.

А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.
 
Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыяніс Арэапагіта ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.