Дзеі 28 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што востраў называецца Мэліта.
 
Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Мэліта.

Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзкасьць, бо, распаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа.
 
Тутэйшыя ж выявілі нам немалую людзкасьць; распалілі агонь дзеля таго, што падаў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было холадна.

А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай.
 
Калі Павал назьбіраў бярэмя ламачча і клаў на агонь, тады гадзіна, вылязшы ад гарычыні, прычапілася да ягонай рукі.

Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: «Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе».
 
Калі тутэйшыя ўбачылі гада, зьвісаўшага з ягонай рукі, гаварылі паміж сабой: "Гэты чалавек хіба забойца, бо хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць".

А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха.
 
А ён, абтросшы гада ў агонь, не дазнаў нічога благога.

Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён — бог.
 
Яны думалі, што ён пачне пухнуць, і раптам упадзе, і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога ня робіцца, зьмяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.

А ў тым месцы былі палі першага [чалавека] вострава, на імя Публій, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў.
 
Каля таго месца — маёнтак князя таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас і тры дні ўгашчаў.

Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго.
 
Бацька ж яго ляжаў хворы на трасца і крываўку. Павал пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.

Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на востраве прыходзілі, і былі аздароўленыя.
 
Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя на востраве ды былі аздароўлены.

І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна.
 
Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, заагледзілі нас ва ўсё, што нам было патрэбнае.

А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на востраве,
 
Па трох месяцах на Александрыйскім караблі пад знакам Дыяскураў, каторы зімаваў на востраве, мы адплылі.

і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся [там] тры дні.
 
Прыплыўшы ў Сыракузы, прабылі мы там тры дні.

Адтуль, плывучы ўздоўж [берагу], прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі,
 
Адтуль, плывучы ўздоўж узьбярэжжа, прыбылі мы ў Рэгію, і па адным дні, калі падуў паўдзённы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Пэтэолі.

дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым.
 
Тамака спаткалі братоў і па іх просьбе забавілі сем дзён. Наастатак прыбылі мы ў Рым.

Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
 
Тамтэйшыя браты, даведаўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіявае плошчы і Трох Гасьцініц. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі.

Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.
 
Калі ж прыбылі мы ў Рым, дазволена Паўлу было жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.

Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з Юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: «Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі Рымлянаў.
 
Па трох днях запрасіў Павал да сябе выдатнейшых з Юдэяў. І калі яны сабраліся, прамовіў да іх: "Мужы браты! Не зрабіў я нічога благога ані супраць народу, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліму ў рукі Рымлянаў,

Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнай віны на мне не было.
 
якія па допыце хацелі мяне выпусьціць, бо не было ў мяне нічога вартага кары сьмерці.

А як Юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць [суд] цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой.
 
Калі, аднак, Юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў адклікацца на цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свайго народу.

Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя».
 
Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзяваньня Ізраэля нашу гэтыя путы".

Яны ж сказалі да яго: «Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў пра цябе нічога злога.
 
А яны сказалі яму: "Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога не гаварыў аб табе благога.

Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герэзію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца».
 
Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай сэкце, што ўсюды працівяцца ёй".

Вызначыўшы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў.
 
І, назначыўшы яму дзень, вельмі многа прыйшло да яго на кватэру. І ён ім сьведчыў пра Каралеўства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх што да Езуса на падставе Майсеявага Закону і Прарокаў.

І адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі.
 
І адны верылі таму, што гаварыў, а другія ня верылі.

І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: «Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы:
 
І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адыйсьці. Тады Павал сказаў ім адно слова: "Добра Дух Сьвяты сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю:

“Ідзі да народу гэтага і скажы: 'Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце,
 
"Ідзі да народа гэтага і скажы ім: Слухам будзеце слухаць, і не зразумееце, і гледзячы глядзець будзеце, і ня ўбачыце.

бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх'.”
 
Бо агрубела сэрца народу гэтага, і вушамі слаба чуюць ды вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў".

Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць».
 
Дык ведайце, што гэта збаўленьне Божае пасланае паганам, і яны будуць слухаць".

І, як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак.
 
І як ён гэта сказаў, Юдэі выйшлі, зацята спрачаючыся між сабою.

А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,
 
Ён жа два круглых гады пражываў у сваёй нанятай кватэры і прыймаў усіх, хто да яго прыходзіў,

абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды.
 
абвяшчаючы Каралеўства Божае і вучачы пра Госпада Езуса Хрыста з усёй адвагай без перашкодаў.