Дзеі 18 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
Пасьля ж гэтага Павал, зыйшоўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.
Пасьля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.
І, знайшоўшы нейкага Юдэя, на імя Акіла, родам з Понту, і жонку ягоную Прыскілу, якія толькі што прыйшлі з Італіі дзеля загаду Кляўдыя ўсім Юдэям пакінуць Рым, прыстаў да іх.
Тут напаткаў ён нейкага Юдэя, імем Аквіля, родам з Понту, каторы з жонкаю Прысцыляй прыбыў нядаўна з Італіі, бо Кляўды выселіў з Рыму ўсіх Юдэяў, і прыйшоў да іх.
І як быў аднаго рамяства [з імі], заставаўся ў іх і працаваў, бо рамяство [іхняе] было майстраваньне намётаў.
Ведаў вось ён тое самае рамясло, таму абжыўся ў іх і працаваў; і майстравалі палаткі.
А кожную суботу ён вёў гутаркі ў сынагозе і пераконваў Юдэяў і Грэкаў.
І ў кожную суботу гутарыў у сынагозе ды пераконваў Юдэяў ды Грэкаў.
Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павал быў пануканы Духам сьведчыць Юдэям пра Ісуса Хрыста.
Па вяртаньні Сілы і Цімафея з Македоніі Павал выключна пасьвяціўся слову, сьведчачы Юдэям, што Езус ёсьць Хрыстос.
А як яны працівіліся і блюзьнілі, абтросшы адзеньне, ён сказаў да іх: «Кроў вашая на галаве вашай! Я чысты. Ад цяпер іду да паганаў».
А калі працівіліся і блюзьнілі, атрос сваё адзеньне ды сказаў ім: "Кроў вашая на вашу галаву! Я не вінаваты. Ад гэтае хвіліны пайду да паганаў".
І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў у дом нейкага [чалавека], на імя Юст, які пакланяўся Богу, дом якога быў пры самай сынагозе.
І перайшоў адтуль, і пасяліўся ў доме аднаго багабойнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сынагогай.
А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада разам з усім домам сваім, і шмат Карыньцянаў, слухаючы, паверылі і былі ахрышчаныя.
Начальнік жа сынагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада. І многа Карыньцянаў, слухаючы, уверыла і прыняло хрост.
Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ўначы: «Ня бойся, але гавары і не маўчы,
Ноччу Госпад прагаварыў да Паўла ў зьяве: "Ня бойся, але гавары і не маўчы,
бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым».
бо Я з табою і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа маю ў гэтым горадзе народу".
І жыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.
Дык застаўся і вясьціў ім слова Божае год ды шэсьць месяцаў.
А калі Галіён стаў праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна накінуліся на Паўла і павялі яго да судовага пасаду,
А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго на суд,
кажучы, што ён намаўляе людзей пакланяцца Богу насуперак Закону.
кажучы: "Ён нагаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону".
Калі ж Павал меўся расчыніць вусны, сказаў Галіён да Юдэяў: «Калі б сапраўды была нейкая крыўда ці злачынства, о Юдэі, я б меў прычыну цярпець вас.
Калі ўжо Павал меў адчыніць вусны, Галіён сказаў Юдэям: "Калі б быў які праступак або злачынства, о Юдэі, дык я заняўся б вамі.
Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу».
Але калі вы спрачаецеся пра словы і назовы ды пра ваш закон, дык самі разьбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў такіх справах".
І пагнаў іх ад судовага пасаду.
Затым выгнаў іх з суда.
А ўсе Грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судовым пасадам, Галіёна ж гэта ніколькі не клапаціла.
А ўсе (Грэкі) схапілі начальніка сынагогі Састэна і білі яго перад судом, але Галіён не зьвяртаў на гэта ўвагі.
А Павал, прабыўшы яшчэ даволі дзён, разьвітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла. У Кенхрэях ён абстрыг галаву, бо зрабіў шлюбаваньне.
А Павал, яшчэ даўжэйшы час прабыўшы ў Карыньце, разьвітаўся з братамі ды разам з Прысцыляй і Аквілям паплыў у Сырыю. А ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў шлюбаваньне.
І прыйшоў у Эфэс, і пакінуў іх, а сам, увайшоўшы ў сынагогу, вёў гутаркі з Юдэямі.
І дабраліся ў Эфэз, і там ён іx пакінуў, а сам пайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.
Калі ж прасілі яго застацца ў іх на шмат часу, ён не згадзіўся,
Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,
але разьвітаўся з імі, сказаўшы: «Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча». І вырушыў з Эфэсу.
але разьвітваючыся з імі, сказаў: "Вярнуся да вас, калі Бог захоча", і паплыў з Эфэзу.
І, зыйшоўшы ў Цэзарэі, узыйшоўшы і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыёхію.
Прыбыўшы ў Цэзарэю, зьлез на бераг, прывітаўся з царквою і направіўся ў Антыёхію.
І пабавіўшы [там] нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.
3абавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, падарожнічаючы праз Галятыю і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.
А нейкі Юдэй, на імя Апалёс, родам Александрыец, муж красамоўны, прыйшоў у Эфэс, а быў ён моцны ў Пісаньнях.
Адзін жа Юдэй, імем Апалёс, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісаньні, прыбыў у Эфэз.
Ён быў навучаны шляху Госпада і, палаючы духам, гаварыў і навучаў пра Госпада дакладна, ведаючы толькі хрышчэньне Янавае.
Ведаў ён дарогу Госпадаву і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Езуса, ведаючы толькі Янаў хрост.
І ён пачаў адважна гаварыць у сынагозе. Пачуўшы ж яго, Акіла і Прыскіла адклікалі яго і выклалі яму дакладней шлях Божы.
Ён пачаў адважна вучыць у сынагогах. Калі пачулі яго Прысцыля і Аквіля, забралі з сабой ды выясьнілі яму дакладней дарогу Божую.
А як ён хацеў пайсьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заклікаючы прыняць яго. Ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што былі паверыўшы праз ласку,
А калі задумаў ён ісьці ў Ахаю, то браты напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,
бо заўзята абвяргаў Юдэяў перад грамадою, паказваючы з Пісаньняў, што Ісус ёсьць Хрыстос.
бо адкрыта адкідаў цьверджаньні Юдэяў, даводзячы публічна з Пісаньня, што Езус ёсьць Хрыстос.