Дзеі 2 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999
І калі надыйшоў дзень Пяцідзясятніцы, былі ўсе аднадушна разам.
І калі спаўняўся дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым жа месцы.
І стаўся раптам шум з неба, быццам ад наляцеўшага гвалтоўнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.
І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя, і паселі на кожным з іх.
І паказаліся ім паасобна языкі як бы агнявыя і паселі на кожнага з іх.
І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі, як Дух даваў ім прамаўляць.
І напоўнены былі яны ўсе Духам Сьвятым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.
Былі ж у Ерусаліме спыніўшыся Юдэі, мужы пабожныя, з усякага народу пад небам.
А былі тады ў Ерузаліме пабожныя Юдэі з усіх народаў пад сонцам.
А як стаўся голас гэты, зыйшлося мноства і ўстрывожылася, бо кожны чуў, што яны гавораць ягонай мовай.
І калі ўзьняўся гэты шум, зьбеглася мноства людзей. І кожны быў зьдзіўлены, бо кожны чуў іх прамаўляючых у сваёй мове.
Усе ж дзівіліся і зьдзіўляліся, кажучы адзін аднаму: «Вось, усе гэтыя, што гавораць, ці ж не Галілейцы?
Аслупянелі яны і дзівіліся ды казалі: "Ці ж гэтыя усе, што прамаўляюць, не Галілейцы?
І як мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
Дык як жа мы кожны чуем у сваёй мове, у якой мы нарадзіліся.
Парты, і Мідзяне, і Эляміты, і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
Парты і Мэды, Эляміты і жыхары Мэсапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понту і Азіі,
Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і межаў Лібіі каля Кірэнэі, і прыйшоўшыя рымскія Юдэі, і празэліты,
Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыму,
Крыцяне і Арабы, — чуем іх, што гавораць нашымі мовамі пра веліч Божую?»
а таксама Юдэі і празэліты, Крыцяне і Арабы, чуем іх, што яны гавораць пра веліч Божую ў нашых мовах".
Дзівіліся ж усе і бянтэжыліся, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»
Зьдзіўляліся вось усе, і, не разумеючы гэтага, пыталіся адзін другога: "Што гэта значыць?"
А іншыя, насьміхаючыся, казалі, што яны напіліся маладога віна.
А іншыя насьмяхаліся і казалі: "Хіба яны напіліся маладога віна".
Пётар жа з Адзінаццацьцю, устаўшы, узьняў голас свой і прамовіў да іх: «Мужы Юдэйскія і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта вядома, і выслухайце словы мае,
Тады Пётар, стаўшы з Адзінаццацю, падняў голас свой і сказаў ім: "Мужы Юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і выслухайце словы мае!
бо яны ня п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ трэцяя гадзіна дня.
Гэтыя бо людзі ня п'яныя, як вы думаеце, бо (яшчэ) трэцяя гадзіна дня,
Але гэта ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля:
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:
“І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — выльлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; і юнакі вашыя будуць бачыць відзежы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
"І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — вылью Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашыя і дочкі; вашыя, і юнакі вашыя будуць бачыць зьявы, і старыя вашыя будуць сьніць сны.
І на слугаў Маіх і на служак Маіх выльлю ў тыя дні Духа Майго, і будуць прарочыць.
І на нявольнікаў Маіх і на нявольніц вылью у тыя дні Духа Майго, і будуць праракаваць.
І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе: кроў, і агонь, і куродым.
І пакажу цуды на небе, ўгары, ды знакі на зямлі, унізе, кроў і агонь, і стаўбы дыму.
Сонца пераменіцца ў цемру, і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпада, вялікі і слаўны.
Сонца абернецца ў цемру і месяц — у кроў перш, чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і слаўны.
І будзе: кожны, хто будзе клікаць імя Госпада, будзе збаўлены”.
І будзе: кожны, хто будзе прызываць імя Госпада, будзе збаўлены".
Мужы Ізраільцяне, выслухайце гэтыя словы: Ісуса з Назарэту, Мужа, зьяўленага між вамі Богам моцамі, і цудамі, і знакамі, якія рабіў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце,
Мужы Ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Езуса,мужа засьведчанага для вас Богам моцамі, цудамі і знакамі, каторыя Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,
Яго, паводле вызначанай рады і прадбачаньня Божага выдадзенага, вы, узяўшы і рукамі беззаконьнікаў прыбіўшы цьвікамі, забілі.
Яго вось, паводле вызначанага рашэньня і огляда Божага выдадзенага, вы, рукамі беззаконных укрыжаваўшы, забілі.
Яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, таму што немагчыма было, каб Ён быў стрыманы ёю.
Але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы з мукаў сьмерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.
Бо Давід кажа пра Яго: “Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
Бо Давід кажа пра Яго: "Бачыў я перад сабой Госпада заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.
Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё, і ўзрадаваўся язык мой, нават і цела маё супачыне ў надзеі,
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё, і ўзвесяліўся язык мой, і цела маё супачываць будзе з надзеяй.
бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
Бо не пакінеш душы маёй у пекле, ды не дасі Сьвятому Твайму бачыць зьнішчэньне.
Ты даў мне ведаць шлях жыцьця; Ты напоўніш мяне радасьцю перад абліччам Тваім”.
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцьця, Ты напоўніш мяне радасьцяй ад аблічча Твайго".
Мужы браты! Належыцца мне сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, і магіла ягоная ў нас да гэтага дня.
Мужы браты, дазвольце сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сёньняшняга дня.
А як быў ён прарок і ведаў, што прысягай прысягнуў яму Бог з плоду паясьніцы ягонай паводле цела паставіць Хрыста і пасадзіць на пасадзе ягоным,
Як прарок ён ведаў, што Бог кляўся і прысягнуў яму, што плод паясьніцы яго засядзе на пасадзе яго,
прадбачачы, ён гаварыў пра ўваскрасеньне Хрыста, што не пакінутая душа Ягоная ў пекле, і цела Ягонае ня бачыла парахненьне.
і, прадбачачы, прадказаў уваскрасеньне Хрыста, што Ён не застанецца ў пекле, ды што цела Яго ня ўбачыць зьнішчэньня.
Гэтага Ісуса ўваскрасіў Бог, і ўсе мы — сьведкі гэтага.
Гэтага вось Езуса ўваскрасіў Бог, а мы ўсе — сьведкі гэтага.
Дык узьнесены правіцаю Бога і ўзяўшы ад Айца абяцаньне Сьвятога Духа, Ён выліў тое, што вы цяпер бачыце і чуеце.
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны ды атрымаў ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога і выліў Яго, як вы бачыце гэта самі і чуеце.
Бо Давід не ўзыйшоў у неба, а ён кажа: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,
Бо Давід не ўзыйшоў у неба, аднак кажа: "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
пакуль не палажу непрыяцеляў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
Дык няхай упэўнена ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў і Госпадам, і Хрыстом Яго, Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».
Дык хай цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі, Бог устанавіў Госпадам і Хрыстом".
Пачуўшы гэта, яны былі ўражаныя ў сэрцы і сказалі да Пятра і рэшты апосталаў: «Што нам рабіць, мужы браты?»
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пятра і іншых апосталаў: "Дык што маем мы рабіць, мужы браты?"
Пётар жа прамовіў да іх: «Навярніцеся, і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і возьмеце дар Сьвятога Духа.
Пётар сказаў ім: "Пакайцеся, і хай кожны з вас прыйме хрост у імя Езуса Хрыста на адпушчэньне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Сьвятога.
Бо абяцаньне для вас, і для дзяцей вашых, і для ўсіх, якія далёка, каго пакліча Госпад, Бог наш».
Бо вам належыцца абяцанае і дзецям вашым, ды ўсім далёкім, каго пакліча Госпад, Бог наш".
І іншымі шматлікімі словамі сьведчыў і ўпрошваў, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага пакаленьня скрыўленага».
І многімі іншымі словамі сьведчыў і напамінаў, кажучы: "Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага".
Дык тыя, што прыхільна прынялі словы ягоныя, былі ахрышчаныя, і ў той дзень дадалося каля трох тысячаў душ.
Дык тыя, каторыя прынялі яго словы, былі ахрышчаны. І ў той дзень далучылася каля трох тысячаў душ.
І трывалі яны ў вучэньні апосталаў, і ў супольнасьці, і ў ламаньні хлеба, і ў малітвах.
І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах.
Быў жа страх на кожнай душы, і шмат цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў.
І страх ахапіў кожную душу, бо апосталы чынілі многа знакаў і цудаў.
А ўсе, якія мелі веру, былі разам, і мелі ўсё супольнае.
Усе тыя, што ўверылі, прабывалі разам ды ўсё мелі супольнае,
І прадавалі маёмасьць і ўласнасьць, і дзялілі паміж усімі, хто якую меў патрэбу.
і прадавалі маёмасьць і ўласнасьць ды дзялілі паміж усіх тых, што мелі патрэбу.
І кожны дзень аднадушна трываючы ў сьвятыні і ламаючы хлеб у дамах, прыймалі ежу ў весялосьці і лагоднасьці сэрца,
І штодзень аднадушна прабывалі ў сьвятыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасьці і прастаце сэрца,
хвалячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. А Госпад штодня дадаваў да царквы тых, што былі збаўленыя.
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народу. Госпад жа штодзень дадаваў тых, што мелі быць збаўлены.