Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,
 
І сталася, калі Апалёс прабываў у Карыньце, Павал, прайшоўшы вышэйшыя ваколіцы, прыйшоў у Эфэз ды напаткаў нейкіх вучняў,

сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».
 
і спытаў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі прынялі веру?" А яны яму: "Мы нават ня чулі, што ёсьць Дух Сьвяты".

І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».
 
"Дык які вы хрост прынялі?" — спытаўся, а яны адказалі: "Хрост Янаў".

А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».
 
Тады Павал сказаў: "Ян хрысьціў хростам навяртаньня, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, хто прыйдзе па ім, значыць у Езуса".

Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.
 
Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Езуса.

І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.
 
І калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты зыйшоў на іх, і гаварылі мовамі і праракавалі.

А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.
 
Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчынаў.

Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, ведучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.
 
Затым увайшоў у сынагогу і адважна навучаў, і праз тры месяцы гутарыў і пераконваў пра Каралеўства Божае.

А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана.
 
Калі аднак некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад грамадамі, дык адлучыўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тыранаса.

Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.
 
Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі мелі магчымасьць слухаць слова Госпадава.

І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,
 
І Бог чыніў такжа цуды праз рукі Паўла,

так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.
 
так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі.

А некаторыя з вандроўных экзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».
 
Дык некаторыя падарожныя эгзарцысты Юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Езуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: "Заклінаю вас праз Езуса, каторага вясьціць Павал".

Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.
 
Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Скевы, першасьвятара Юдэйскага.

А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы. А вы хто будзеце?»
 
А ліхі дух адказаў ім: "Езуса ведаю і Паўла ведаю, а вы што за такія?"

І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.
 
І кінуўся на іх чалавек, апанаваны ліхім духам, паваліў усіх ды пабіў так, што голыя і пакалечаны ўцяклі з таго дому.

Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
 
І даведаліся пра гэта ўсе Юдэі і Грэкі, пражываючыя ў Эфэзе, ды страх ахапіў ўсіх, і славілі імя Госпада Езуса.

І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,
 
І многа веручых прыходзіла, вызнаваючы і выяўляючы ўчынкі свае.

і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.
 
Многа такжа з тых, каторыя займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і аблічылі цану іх у пяцьдзесят тысяч сярэбранікаў.

З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпада.
 
Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.

А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».
 
Споўніўшы ўсё гэта, Павал намераваўся ў Духу прайсьці праз Македонію і Ахаю ды ісьці ў Ерузалім, кажучы: "Наведаўшы гэтыя краіны, напраўлюся і Рым паглядзець".

Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.
 
Дык выслаў у Македонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.

У гэты ж час сталася хваляваньне немалое з прычыны шляху [Госпада],
 
У той час сталася немалое забурэньне з прычыны дарогі (Госпадавай).

бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак,
 
Адзін сераброўнік, імем Дэмэтар, які вырабляў серабраныя фігуры Артэміды і гэтым даваў добра зарабляць рамесьнікам,

сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт.
 
сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамясла і сказаў: "Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла нам дабрабыт.

І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль у-ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.
 
Але бачыце і чуеце, што ня толькі у Эфэзе, але блізу ва ўсёй Азіі гэты Павал пераканаў ды зьвёў шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, што зроблены рукамі.

А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».
 
Дык пагражае небясьпека, што ня толькі нашае рамясло ўпадзе, але і сьвятыня вялікай багіні Артэміды за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена велічы".

Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»
 
Калі гэта пачулі, дужа ўзлаваліся і пачалі крычаць: "Вялікая Артэміда Эфэская!"

І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.
 
І замяшаньне ахапіла увесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, таварышаў Паўла, кінуліся аднадушна ў тэатар.

А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.
 
Калі ж Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пусьцілі яго.

І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.
 
Таксама некаторыя прыхільныя яму начальнікі паслалі да яго з просьбай, каб ён не ішоў у тэатар.

Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
 
А там адны крычалі адно, а іншыя — другое, сабраньне бо было бурлівае, і многія ня ведалі, чаго сабраліся.

А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.
 
З натоўпу быў выведзены Александар, якога выпіхалі Юдэі. Александар даў знак рукою, і хацеў апраўдацца перад народам.

Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»
 
Калі ж даведаліся, што ён — Юдэй, то закрычалі ўсе ў адзін голас і каля двух гадзін крычалі: "Вялікая Артэміда Эфэская!"

Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?
 
І калі (гарадзкі) пісар супакоіў грамады, сказаў: "Эфэсцы! Ці ёсьць чалавек, каторы ня ведае, што горад Эфэз славіць вялікую Артэміду і што фігура яе Зэўсам спушчана?

А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.
 
Гэтаму нельга запярэчыць, таму павінны вы супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.

Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае.
 
Прывялі вы гэтых людзей, каторыя ані не зьневажалі, ані не блюзьнілі на багіню нашу.

Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.
 
А калі Дэмэтар і яго рамесьнікі маюць супраць некага справу, дык на рынку праводзяцца суды, і ёсьць праконсулы; хай адны другіх вінавацяць.

А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.
 
А калі чаго іншага дамагаецеся, вырашаеца гэта законна на скліканым сходзе.

Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякай прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».
 
Пагражае бо нам абвінавачаньне адносна сягоньняшняга забурэньня, бо няма ніякае прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча". І па гэтых словах распусьціў сабраньне.

І, сказаўшы гэта, распусьціў збор.