Другі закон 18 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Сьвятары лявіты, усё калена Левія, ня будуць мець ані часткі, ані спадчыны ў Ізраілі. Будуць жывіцца з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА і са спадчыны Ягонай.
 

Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо ГОСПАД — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.
 

І гэта будзе належаць сьвятару ад народу, які складае ахвяры. Калі [складаюць у ахвяру] вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, сківіцу і страўнік.
 

Аддасі яму пяршыны збожжа твайго, віна твайго, алівак тваіх і пяршыны [воўны] ад стрыжкі авечак тваіх.
 

Бо яго выбраў ГОСПАД, Бог твой, з усіх каленаў тваіх, каб ён стаяў на служэньні ў імя ГОСПАДА, Бога твайго, ён і сыны ягоныя ў-ва ўсе дні.
 

Калі лявіт, які жыве ў адной з брамаў тваіх з усяго Ізраіля, як прыхадзень пойдзе і прыйдзе паводле жаданьня душы сваёй у месца, якое выбраў ГОСПАД,
 

і будзе служыць у імя ГОСПАДА, Бога свайго, як усе браты ягоныя лявіты, якія там на службе перад абліччам ГОСПАДА,
 

няхай [атрымлівае] для спажываньня частку, роўную з іншымі, акрамя [прыбытку] з продажу бацькоўскага [дому] свайго.
 

Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, не вучыся рабіць брыдоты народаў гэтых.
 

Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто сына свайго або дачку праводзіць праз агонь, ці глядзіць на аблокі, ці займаецца варажбой ці чараваньнем,
 

ці займаецца заклёнамі, пытаецца ў духаў [памёршых] або выклікае памёршых.
 

Бо агідны для ГОСПАДА кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.
 

Беззаганным будзь перад ГОСПАДАМ, Богам тваім.
 

Бо тыя народы, у зямлю якіх ты ўваходзіш, слухаюць тых, хто глядзіць на аблокі ці займаецца варажбой; гэтага не дазваляе табе ГОСПАД, Бог твой.
 

Прарока як мяне ўзьніме табе з братоў тваіх ГОСПАД, Бог твой; Яго слухайце.
 

Паводле ўсяго, што прасіў ты ў ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, у дзень супольнага сходу, калі ты казаў: “Не магу болей слухаць голас ГОСПАДА, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
 

І сказаў мне ГОСПАД: “Слушна тое, што яны сказалі.
 

Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, [падобнага] табе, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён прамовіць да іх усё, што Я загадаю Яму.
 

І станецца, што кожнага, які ня будзе слухаць словаў Маіх, якія будзе прамаўляць Прарок той у імя Маё, Я пакараю.
 

А прарок, які адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў яму, каб ён казаў, або які будзе прамаўляць у імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці”.
 

А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Як я магу даведацца, што словы гэтыя ГОСПАД не прамаўляў?”,
 

калі прарок прадказаў у імя ГОСПАДА, а ня сталася так, і ня споўнілася, гэта ня тое слова, якое прамовіў ГОСПАД, але ў пыхлівасьці сваёй гэта прамовіў прарок. Ня бойся яго.