Амоса 6 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Гора бесклапотным на Сыёне і тым, якія спадзяюцца на гару Самарыі, якія прызначаныя пачаткам народаў, да якіх прыйшоў дом Ізраіля!
Гора бяспечным на Сіёне і даверлівым на гары Самарыйскай, прызначаным быць першымі над народамі, да якіх прыходзіць дом Ізраэля!
Зыйдзіце ў Кальнэ і пабачце, а адтуль ідзіце да Хамат-Раббы і зыйдзіце ў Гат Філістынскі. Ці вы лепшыя за валадарствы гэтыя? Ці мяжа іхняя большая за мяжу вашую?
Ідзіце ў Хальнэ і паглядзіце, а адсюль ідзіце ў Эмат вялікі, ды зайдзіце ў Гет Філістынскі. Ці ж вашы лепшыя за гэтыя валадарствы або ці абшырнейшыя абсягі вашы за іх абсягі?
Вы лічыце далёкім дзень ліхі і набліжаецеся да пасаду гвалту.
Вы, якія дзень ліха лічыце далёкім, ды чыніце, каб наблізілася валадарства гвалту.
Вы ляжыце на ложку з косьці слановай, і качаецеся на засланых посьцілках, і ясьцё авечак з чарады і цялятаў з аборы.
Яны вылежваюцца на ложах з косці слановай і разлягаюцца на дыванах сваіх, ядуць ягнят са статка і цялят з пасярод пашы.
Вы брынкаеце на гусьлях, як Давід, прыдумляеце сабе інструмэнты музычныя.
Падпяваючы на гук псалтэрыёна, як Давід, прыдумляюць сабе інструменты грання.
Вы п’іцё віно куфлямі і мажацеся найлепшымі масьцямі, але не смуткуеце з прычыны загубы Язэпа!
П’ючы віно з чар, намашчаюцца лепшым алейкам, а ніколькі не сумуюць над падзеннем Язэпа.
Дзеля гэтага яны пойдуць у палон на чале палонных, і будзе аддалена банкетаваньне ад тых, якія качаліся [ў раскошы]”.
Таму цяпер пойдуць у выгнанне на чале перасяленцаў, і спыніцца зборышча гуляк.
Прысягнуў Госпада ГОСПАД на душу Сваю, кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. Мне агідная пыхлівасьць Якуба, і Я ненавіджу палацы ягоныя; і Я выдам [ворагу] горад і тое, што напаўняе яго.
Прысягнуў Госпад Бог на душу сваю, Госпад Бог Магуццяў кажа: “Брыджуся Я пыхлівасцю Якуба ды ненавіджу яго палацы, і аддам горад ды ўсю яго маёмасць”.
І станецца, што калі ў адным доме застанецца дзесяць мужчынаў, і яны памруць.
А калі б засталіся дзесяць чалавек у адным доме, і яны памруць;
І возьме яго дзядзька ягоны, і спаліць яго, каб вынесьці косткі з дому, і скажа таму, хто ў сярэдзіне дому: “Ці ёсьць яшчэ [хто] ў цябе?” А той скажа: “Няма”. І ён скажа: “Маўчы, бо нельга ўзгадваць імя ГОСПАДА”;
і возьме іх сваяк іх, і спаліць іх, каб вынесці косці з дома; і скажа яму той, хто застаўся дома: “Ці ёсць яшчэ хто ў цябе?” І ён адкажа: “Няма”; ды скажа яму: “Маўчы”, бо нельга ўпамінаць імя Госпадавага.
Бо вось, ГОСПАД загадае і разаб’е дом вялікі ў руіны, а дом малы — у друз.
Бо вось, Госпад дасць загад і разваліць большы дом у руіны, а меншы дом у трэшчыны.
Ці бягуць коні па скале? Ці аруць [мора] на валах? Бо вы ператварылі суд у атруту і плады праведнасьці — у палын.
Ці бягуць коні па скалах, або ці арэцца мора валамі; вы ж замяняеце закон на атруту, а плод справядлівасці — на палын.
Вы радуецеся ў Лё-Дабар, і кажаце: “Ці ж ня сілаю сваёю мы здабылі сабе рогі?”
Яны цешацца з Лодэбар, яны кажуць: “Ці не сваёю сілаю здабылі мы сабе Карнаім?”
Але, вось, Я ўзьніму на вас, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, народ, і яны будуць уціскаць вас ад уваходу ў Хамат аж да ручая Арабы”».
“Вось жа, Я ўзбуджу супраць вас, доме Ізраэля, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — народ; і ён будзе прыціскаць вас ад уваходу ў Эмат аж да ручая Арабы”.