Да Піліпянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дык калі ёсьць якое пацяшэньне ў Хрысьце, калі ёсьць якая патоля любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць якая сардэчнасьць і міласэрнасьць,
 
І калі ёсць якое пацяшэнне ў Хрысце, калі ёсць якая патоля любові, калі ёсць якая супольнасць духа, калі ёсць спачуванне і міласэрнасць,

дапоўніце маю радасьць, каб вы тое самае думалі, тую самую любоў мелі, былі аднадушныя і аднадумныя,
 
напоўніце мяне радасцю, тое самае разумеючы, тую самую маючы любоў, будзьце аднадушныя і аднадумныя,

нічога ня [робячы] дзеля сварлівасьці ці дзеля пустое пахвальбы, але ў пакоры розуму шануючы адзін аднога як вышэйшых за сябе.
 
нічога не робячы праз перакорлівасць ці праз пустую славу, але ў пакоры адны другіх за вышэйшых прымаючы,

Не на сваё [толькі] няхай кожны зважае, але і на тое, што іншых.
 
не аб сабе толькі клапоцячыся, але кожны і аб іншых.

Бо няхай тое ў вас думаецца, што і ў Хрысьце Ісусе,
 
Бо тое хай у вас думаецца, што і ў Хрысце Ісусе,

Які, маючы постаць Бога, не лічыў захопам быць роўным Богу,
 
Які, маючы постаць Божую, не лічыў Сваім здабыткам роўнасць з Богам,

але прынізіў Сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся на падабенства людзей і знойдзены выглядам, як чалавек,
 
але прынізіў Самога Сябе, прымаючы постаць паслугача і стаўшыся на падобнасць людзей, і па знешнасці прызнаваны за чалавека;

панізіў Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
 
упакорыў Самога Сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і нават смерці крыжовай.

Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя,
 
Дзеля таго і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя, якое вышэй за ўсякае імя,

каб у імя Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных
 
каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, на зямлі і пад зямлёй,

і каб усякі язык вызнаваў, што Госпад Ісус Хрыстос у славу Бога Айца.
 
і каб кожны язык вызнаваў: «Ісус Хрыстос ёсць Госпад!», на славу Бога Айца.

Так што, улюбёныя мае, як вы заўсёды слухаліся, ня толькі, калі я прыходзіў, але шмат больш цяпер, у адсутнасьць маю, са страхам і трымценьнем зьдзяйсьняйце збаўленьне сваё,
 
Дык вось, дарагія мае, як заўжды былі вы паслухмянымі, не толькі ў маёй прысутнасці, але тым больш цяпер, калі я адсутнічаю, са страхам і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.

бо Бог ёсьць Той, Які дзейнічае ў вас паводле ўпадабаньня [Свайго], каб вы і хацелі, і дзейнічалі.
 
Бо з ласкавасці Сваёй Бог з’яўляецца ў вас прычынай і хацець, і дзейнічаць.

Усё рабіце без нараканьняў і хістаньняў,
 
Усё рабіце без наракання і хістання,

каб вы былі беззаганнымі і шчырымі дзецьмі Божымі, беззаганнымі сярод пакаленьня скрыўленага і сапсаванага, у якім вы сьвеціце, як сьвятло ў сьвеце,
 
каб вам быць без заганы і чыстымі, дзецьмі Божымі без віны паміж народа сапсаванага і крывадушнага, пасярод якога свеціце, як светачы ў свеце,

захоўваючы слова жыцьця, на пахвалу маю ў дзень Хрыстовы, што я не надарма бег і не надарма працаваў.
 
трымаючыся слова жыцця ў пахвалу маю ў дзень Хрыстоў, што я не дарма прабег і не дарма папрацаваў.

Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і служэньне веры вашай, я радуюся, і радуюся разам з усімі вамі.
 
Але калі я і ахвяруюся на ахвяру і паслугу вашай веры, цешуся і дзялюся радасцю з вамі ўсімі.

З гэтага самага і вы радуйцеся, і радуйцеся разам са мною.
 
З гэтага і вы цешцеся і цешцеся разам са мною.

А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас.
 
Маю надзею ў Госпадзе Ісусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб мог быць спакойны, даведаўшыся, што ў вас.

Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся.
 
Бо нікога не маю роўнага яму душою, хто б так шчыра рупіўся пра вас.

Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса.
 
Бо ўсе аб сваім клапоцяцца, а не аб тым, што Ісуса Хрыста.

А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эвангельля.
 
Спрактыкаванасць яго ведаеце, бо, як сын бацьку, так ён мне служыў у дабравешчанні.

Дык я спадзяюся паслаць яго неадкладна, як толькі даведаюся адносна сябе.
 
Такога, вось, спадзяюся паслаць, як толькі даведаюся, што ў мяне.

Бо я пэўны ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду.
 
Упэўнены я таксама ў Госпадзе, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.

Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і таварыша майго, а вашага пасланца і служыцеля ў патрэбе маёй,
 
Палічыў я неабходным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, і супрацоўніка, і супольніка змагання майго, вашага ж пасланца і дапаможцу ў маёй патрэбе,

бо ён жадаў [бачыць] усіх вас і тужыў, што вы пачулі пра нядужасьць ягоную.
 
бо ён тужыў па вас усіх і быў засмучаны, што вы чулі пра яго хваробу.

Бо ён быў хворы амаль сьмяротна; але Бог зьлітаваўся над ім, дый не над ім толькі, але і нада мною, каб ня меў я смутку да смутку.
 
Бо расхварэўся ён тут аж да смерці, але Бог пашкадаваў яго, і не толькі яго, але, па праўдзе, і мяне, каб я не меў смутку да смутку.

Дык я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго ізноў, узрадаваліся, і каб я ня быў засмучаны.
 
Дык я паслаў яго хутчэй, каб, убачыўшы яго, ізноў вы цешыліся і каб я не сумаваў.

Дык прыйміце яго ў Госпадзе з усякай радасьцю і гэтакіх мейце ў паважаньні,
 
Прыміце ж яго з усёй радасцю ў Госпадзе і майце яго ў пашане,

бо ён за справу Хрыстовую быў блізкі да сьмерці, ня дбаючы пра душу [сваю], каб дапоўніць нястачу служэньня вашага мне.
 
бо ён для справы Хрыстовай блізкі быў смерці, не дбаючы пра жыццё сваё, каб выканаць тое, чаго вам не хапала ў служэнні мне.