Марка 1 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М

 
 

Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
 

Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.
 

Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».
 

Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.
 

І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.
 

І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.
 

І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.
 

Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».
 

І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
 

І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа, як голуба, што зыходзіў на Яго.
 

І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
 

І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
 

І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушваны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.
 

А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага
 

і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце ў Эвангельле!»
 

І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.
 

І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
 

І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.
 

І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.
 

І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Заўдыя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.
 

І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.
 

І ўсе дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
 

І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,
 

кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»
 

Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»
 

І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
 

І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
 

І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль у-ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.
 

І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
 

Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
 

І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
 

А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;
 

і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.
 

І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.
 

І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.
 

І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],
 

і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».
 

А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».
 

І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
 

І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
 

Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
 

І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.
 

І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,
 

і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».
 

Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.