Мацьвея 11 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сталася, калі скончыў Ісус загадваць дванаццаці вучням Сваім, пайшоў адтуль вучыць і абвяшчаць у гарады іхнія.
І было-ж, — калі скончыў Ісус настаўленьні дванаццацём вучняў Сваіх, пайшоў адтуль навучаць і вешчаваць у местах іхных.
Ян жа, пачуўшы ў вязьніцы пра дзеяньні Хрыста, паслаў двух вучняў сваіх
Ян-жа, дачуўшыся ў вязьніцы пра дзеяньні Ісуса, паслаў двух вучняў сваіх;
сказаць Яму: «Ці Ты — Той, Які прыходзіць, ці чакаць нам іншага?»
Каб сказаць: — ці Ты Той, Хто павінен прыйсьці, ці чакаць нам іншага?
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ідзіце, паведаміце Яну, што чуеце і бачыце:
І сказаў ім Ісус у адказ: пайдзеце, скажэце Яну, што вы чуеце і бачыце.
сьляпыя бачаць і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім дабравесьціцца.
Сьляпыя празраюць, і кульгавыя ходзяць; пракажоныя ачышчаюцца, і глухія чуюць, памершыя ўваскрасаюць і ўбогія дабравесьцяць.
І шчасьлівы той, хто ня згоршыцца праз Мяне».
І шчасьлівы той, хто не зблазьніцца ўва Мне.
Калі ж тыя пайшлі, Ісус пачаў гаварыць да натоўпаў пра Яна: «Што глядзець хадзілі вы ў пустыню? Ці трысьціну, якую вецер хістае?
Калі-ж яны пайшлі, Ісус пачаў гаварыць народу пра Яна: чаго глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці трысьціну, ветрам хіляную?
Але што хадзілі вы ўбачыць? Ці чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Вось, тыя, што носяць мяккія шаты, знаходзяцца ў дамах валадарскіх.
Дык што глядзець хадзілі вы? ці чалавека у мяккае адзеньне ўбранага? але адзетыя ў мяккае адзеньне ў палацах царскіх знаходзяцца.
Але што хадзілі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Але чаго глядзець хадзілі вы? прарока? так, кажу вам, і больш, за прарока.
Бо ён ёсьць той, пра якога напісана: “Вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою”.
Бо ён той, пра каго напісана: — вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які прыгатуе шлях Твой прад Табою.
Сапраўды кажу вам: Сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Валадарстве Нябесным большы за яго.
Папраўдзе кажу вам: з народжаных ад жанчын не паўставаў вялікшы за Яна Хрысьціцеля, але найменшы ў Уладарстве Нябесным, вялікшы за яго.
Ад дзён Яна Хрысьціцеля дагэтуль Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца, і тыя, хто ўжывае сілу, захопліваюць яго.
Ад дзён-жа Яна Хрысьціцеля і дагэтуль Уладарства Нябеснае сілаю цярпеньня здабываецца і моцныя ў наважанасьці здабываюць яго.
Бо ўсе Прарокі і Закон прарочылі да Яна.
Бо ўсе прарокі і закон прараклі да Яна.
І калі маеце прыняць, ён ёсьць Ільля, якому належыць прыйсьці.
І, калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, каму належыць прыйсьці.
Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.
Хто мае вушы слухаць, няхай чуе.
З кім параўнаю пакаленьне гэтае? Яно падобнае да дзяцей, якія сядзяць на вуліцы і клічуць да таварышаў сваіх,
Да каго-ж прыпадобню род гэты? Падобен ён да дзяцей, якія пасеўшы на рынку, пераклікаюцца між сабою.
і кажуць: “Мы гралі вам на жалейцы, і вы не скакалі; мы галасілі, і вы ня плакалі”.
Прамаўляючы: мы вам на пішчалках гралі, а вы не танцавалі, — а мы вам жалобу сьпявалі, і вы ня плакалі.
Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць: “Дэмана мае”.
Бо вось прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е, і кажуць — ён злыдня мае.
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: “Вось, чалавек — абжора і п’яніца, сябра мытнікаў і грэшнікаў”. І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе».
Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е, і яны кажуць, — ядун і вінасмок, сябра мытнікаў і грэшнікаў; і апраўдана мудрасьць праз дзяцей яе.
Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш сталася цудаў Ягоных, за тое, што яны не навярнуліся:
Тады пачаў Ісус дакараць гарадам, у якіх найбольш дзеялася цудаў Ягоных, за тое, што не пакаяліся.
«Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, даўно б яны ў зрэбніцы і ў попеле навярнуліся.
Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! Бо, калі-б у Тыры і Сідоне дзеяліся цуды, якія зьдзеяліся ў вас, то даўно-б яны ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся.
Аднак кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень суду, чым вам.
Але кажу вам: лягчэй будзе Тыру і Сідону ў дзень судны, ніж вам.
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. Бо калі б у Садоме сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў табе, ён застаўся б да гэтага дня.
І ты, Капэрнауме, да неба ўзьняўшыся, да пекла ўпадзеш; бо калі-б у Садоме былі цуды, якія ў табе створаныя, то ён стаяў-бы да сёнешняга дня.
Аднак кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень суду, чым табе».
Але, кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, ніж табе.
У той час, адказваючы, Ісус сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам.
У той час, гаворачы далей, Ісус прамовіў: — слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўкрыў гэта ад прамудрых і разумных і адкрыў тое малым.
Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе.
Так, Войча, бо такое было Тваё Дабраволеньне.
Усё Мне аддадзена Айцом Маім, і ніхто не спазнаў Сына, акрамя Айца; і ніхто не спазнаў Айца, акрамя Сына і каму Сын пастанавіў адкрыць.
Усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня знае Сына, апрача Айца, і Айца ніхто ня знае, апрача Сына, і каму Сын адкрыць захоча.
Прыйдзіце да Мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я дам вам супачынак.
Прыйдзеце да Мяне ўсе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас.
Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорнага сэрца, і знойдзеце супачынак душам вашым.
Вазьмеце ношу Маю на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорнага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым,
Бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі».
бо ноша Мая добрая, і цяжар Мой лёгкі.