Да Габрэяў 10 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Бо Закон, які мае цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць [з імі].
Таму што закон, маючы цень будучых даброт, а не сам вобраз рэчаў, аднымі і тымі ж ахвярамі, якія кожны год пастаянна прыносяцца, ніколі не можа зрабіць даскана́лымі тых, што прыходзяць з імі.
Бо іначай перасталі б прыносіць іх, бо ўжо ня мелі б сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, аднойчы ачышчаныя.
Інакш перасталі б прыносіць іх, бо тыя, што выконваюць служэнне, будучы адзін раз ачы́шчанымі, не мелі б ужо ніякага ўсведамле́ння грахоў.
Але праз гэтыя [ахвяры] штогод узгадваецца пра грахі,
Наадварот, ахвяры нага́дваюць пра грахі штогод,
бо немагчыма, каб кроў валоў і казлоў забірала грахі.
бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў знішча́ла грахі.
Дзеля гэтага [Хрыстос], уваходзячы ў сьвет, кажа: «Ахвяры і дару Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў для Мяне.
Таму Хрыстос, уваходзячы ў свет, кажа: «ахвяры і прынашэ́ння Ты не пажада́ў, а ўгатава́ў Мне цела;
Цэласпаленьні і [ахвяры] за грэх Ты не ўпадабаў.
усеспале́нняў і ахвяр за грэх не ўпадаба́ў Ты.
Тады Я сказаў: “Вось, іду (на пачатку кнігі напісана пра Мяне) учыніць, Божа, волю Тваю”».
Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб вы́канаць волю Тваю, Божа».
Сказаўшы перш, што «ахвяры, і дару, і цэласпаленьняў, і [ахвяры] за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», а яны прыносяцца паводле Закону,
Сказаўшы перш, што «ні ахвяры, ні прынашэння, ні ўсеспаленняў, ні ахвяры за грэх, якія прыносяцца паводле закона, не пажада́ў і не ўпадаба́ў Ты»,
пасьля сказаў: «Вось, іду ўчыніць, Божа, волю Тваю». Касуе першае, каб паставіць другое.
Ён потым дадаў: «вось, іду, каб вы́канаць волю Тваю, Божа». Ён адмяня́е першае, каб пастанавіць другое.
Гэтай воляй мы асьвячоныя праз аднакротнае прынясеньне цела Ісуса Хрыста.
Па гэтай волі мы асвячо́ны прынашэ́ннем Цела Іісуса Хрыста раз назаўжды.
І ўсякі сьвятар штодня стаіць, спраўляючы служэньне і шматкроць прыносячы тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
І кожны свяшчэннік штодзень стаіць, слу́жачы і шмат разоў прыно́сячы адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі.
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
чакаючы яшчэ, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных.
чакаючы з таго часу, пакуль ворагі Яго будуць пакладзены «у падножжа ног Яго»;
Бо Ён адным дарам назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, якіх асьвяціў.
бо адным прынашэ́ннем Ён назаўсёды зрабіў даскана́лымі тых, хто асвяча́ецца.
Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты, бо пасьля прадказана:
Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо ска́зана:
«Вось запавет, які Я заключу з імі пасьля дзён тых, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў сэрцы іхнія, напішу іх і ў думках іхніх,
«вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае́ ў сэ́рцы іх, і ў думках іх напішу іх», а потым:
і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».
«і грахоў іх і беззаконняў іх не згадаю больш».
А дзе адпушчэньне грахоў, ужо непатрэбны дар за іх.
А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там не патрэбна прынашэ́нне за грэх.
Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню праз кроў Ісуса Хрыста,
Дык вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у свяцілішча дзякуючы Крыві Іісуса Хрыста, шля́хам новым і жывым,
шляхам новым і жывым, які Ён усталяваў для нас праз заслону, гэта ёсьць цела Сваё,
які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Плоць Сваю,
і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
і маючы Свяшчэнніка вялікага над домам Божым,
будзем падыходзіць са шчырым сэрцам, у поўні веры, пакрапіўшы сэрцы, [каб ачысьціць] ад сумленьня злога, і абмыўшы цела чыстай вадою.
будзем прыступа́ць са шчырым сэрцам, у паўнаце́ веры, ачы́сціўшы сэ́рцы ад ліхога сумле́ння і абмы́ўшы цела вадою чыстаю,
Будзем трымацца няўхільна вызнаньня надзеі, бо верны Той, Які абяцаў,
будзем трымацца вызна́ння надзеі непахíсна, бо верны Той, Хто абяцаў;
і будзем зважаць адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
і будзем ува́жлівымі адно да аднаго, заахво́чваючы да любові і добрых спраў;
не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы [ў яго], і тым больш, калі бачыце, што набліжаецца дзень той.
не будзем пакіда́ць сходу нашага, як гэта для некаторых стала звы́чаем, а будзем падтры́мліваць адно аднаго, і тым больш, чым бліжэй вы бачыце дзень той.
Бо калі мы самахоць грашым, атрымаўшы пазнаньне праўды, ужо не застаецца ахвяра за грахі,
Бо калі мы, атрыма́ўшы пазна́нне ісціны, па сваёй волі грашы́м, то ўжо больш няма ахвяры за грахі,
але нейкае жахлівае чаканьне суду і жару агню, які мае пажэрці супраціўнікаў.
а застае́цца нейкае страшнае чака́нне суду́ і лю́тасць агню́, гатовага пажэ́рці супраціўных.
Хто адкінуў Закон Майсея пры двух ці трох сьведках, бяз літасьці памірае.
Калі таго, хто адкінуў закон Маісееў, пры двух альбо трох све́дках, без літасці караюць смерцю,
Наколькі, думаеце, цяжэйшае кары варты той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою ён асьвячоны, за звычайную палічыў, і Духа ласкі зьняважыў?
наколькі ж цяжэ́йшага, думаеце вы, пакара́ння ва́рты будзе той, хто зневажа́е Сына Божага, і не прызнае́ за святыню Кроў запавету, якою быў асвячоны, і Духа благадаці абража́е?
Бо мы ведаем Таго, Які сказаў: «“Мне помста, Я аддам”, — кажа Госпад». І ізноў: «Госпад будзе судзіць народ Свой».
Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: «помста — Мая, Я адплачу́, кажа Гасподзь». І яшчэ: «Гасподзь будзе судзіць народ Свой».
Жахліва трапіць у рукі Бога Жывога!
Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
Узгадайце ж ранейшыя дні вашыя, калі вы, прасьветленыя, вытрывалі вялікае змаганьне пакутаў,
Успо́мніце ж ранейшыя дні вашы, калі вы, будучы прасве́тленымі, вы́стаялі ў вялікім подзвігу пакут,
ці то самі выстаўляныя на зьнявагі і зьдзекі, ці то стаўшыся супольнікамі тых, якія пераносяць такое.
ці самі падляга́ючы прылю́дным знява́гам і мукам, ці тое ж падзяля́ючы з іншымі;
Бо вы і маім путам спачувалі, і рабунак маёмасьці вашае з радасьцю прыймалі, ведаючы, што маеце для сябе ў небе маёмасьць лепшую, якая застанецца.
бо вы і маім кайдана́м спагада́лі, і рабава́нне сваёй маёмасці прыма́лі з радасцю, ведаючы, што ёсць у вас на нябёсах маёмасць лепшая і вечная.
Дык не пакідайце адвагі вашае, якая мае вялікую нагароду.
Дык не пакіда́йце спадзява́ння вашага, якому нале́жыць вялікая ўзнагарода.
Бо вам патрэбная цярплівасьць, каб, учыніўшы волю Божую, атрымаць абяцаньне.
Стойкасць патрэбна вам, каб, вы́канаўшы волю Божую, атрыма́ць абяца́нае;
Бо яшчэ крыху, зусім крыху, і надыйдзе Той, Які надыходзіць, і не замарудзіць.
бо «яшчэ трохі, зусім крыху, і Той, Хто ма́е прыйсці, прыйдзе і не запо́зніцца.
«А праведны з веры жыць будзе»; і: «Калі хто будзе хістацца, не ўпадабае яго душа Мая».
Праведны ж вераю жыць будзе; а калі хто адсту́піцца, не ўпадаба́е яго душа Мая».
Мы ж ня хісткія на загубу, але [стаім] у веры на здабыцьцё душы.
Але мы не з тых, хто адступа́ецца на пагібель, а стаім у веры дзеля ўратава́ння душы́.