Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.
Быў жа із хварысэяў чалавек, начальнік жыдоўскі, імя яму Мікадым.
Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».
Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў, Вучыцель, бо ніхто ня мо́жа рабіць такіх Цудаў, якія Ты робіш, калі б ня быў зь ім Бог.
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».
Адказаў Ісус і сказаў яму: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны Звыш, ня мо́жа бачыць Гаспадарства Божага.
Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»
Мікадым кажа Яму: як чалавек можа быць народжаным, будучы стары? Няўжо ён можа другі раз увайсьці ў чэрава маткі сваёй і быць народжаным?
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.
Ісус адказаў: Праўду, Праўду кажу табе: калі хто ня бу́дзе народжаны ад Вады й Духа, ня мо́жа ўвайсьці ў Гаспадарства Божае.
Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.
Народжанае ад цела ёсьць цела, а народжанае ад Духа ёсьць дух.
Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.
Ня дзіву́йся, што Я сказаў табе: трэба вам быць народжанымі Звыш.
Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».
Дух дыхае, дзе хоча, і голас Ягоны чуеш, але ня ве́даеш, скуль прыходзе і куды адыходзе: гэтак ёсьць усякі, што народжаны ад Духа.
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»
Мікадым адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?
Ісус адказаў і сказаў яму: ты — вучыцель Ізраэлявы, і гэтага ня ве́даеш?
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.
Праўду, Праўду кажу табе: Мы кажам Тое, Што Мы ведаем, і Мы сьведчым (пра) Тое, Што Мы бачылі, і вы Сьведчаньня Нашага ня прыйма́еце.
Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?
Калі Я сказаў вам (пра) зямныя, і (вы) ня ве́рыце, як паверыце, калі скажу вам (пра) Нябесныя?
І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.
І ніхто ня ўзыйшо́ў на Неба, толькі Той, Хто зыйшоў зь Неба, Сын Чалавечы, Які ёсьць на Небе.
І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
І, як Масей узьняў гадзюку ў пустэльні, так мусіць быць узьняты Сын Чалавечы,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
Бо гэтак палюбіў Бог сьвет, што аддаў (у ахвяру) Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, ня загінуў, але меў Жыцьцё Вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
Бо ня пасла́ў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб асудзіць сьвет, але каб сьвет быў уратаваны празь Яго.
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто верыць у Яго, ня бу́дзе асуджаны, а хто ня ве́рыць, (той) ужо асуджаны, бо ня ўве́рыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.
Такі ж ёсьць суд, што Сьвятло́ прыйшоў у сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за Сьвятло, бо ўчынкі іхныя былі благія.
Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.
Бо кожны, хто робіць благое, нянавíдзіць Сьвятло і ня йдзе́ да Сьвятла, каб ня былі раскрытыя ўчынкі ягоныя, (бо яны благія).
А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».
А хто робіць Праўду, ідзе да Сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю юдэйскую; і там быў зь імі і хрысьціў.
Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,
Быў жа і Яан, каторы хрысьціў у Эноне, нядалёка ад Саліму, бо вады там было шмат, і прыходзілі і былі ахрышчаны;
бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.
бо Яан яшчэ ня быў укінуты ў вязьніцу.
І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.
І вось узьнялася ў Яанавых вучняў спрэчка з юдэямі аб ачышчэньні.
І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».
І прыйшлі да Яана і сказалі яму: раббі, Той, Хто быў з табою за Ярданам, пра Якога засьведчыў ты, вось, Ён хрысьціць, і ўсе прыходзяць да Яго.
Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.
Адказаў Яан і сказаў: ня мо́жа чалавек нічога (сам) узяць, калі ня бу́дзе дадзена яму зь Неба.
Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.
Самі вы мне сьведчыце, што я сказаў: я ня Хрысто́с, але што я пасланы перад Ім.
Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.
Хто мае нявесту, Той ёсьць Малады, а друг Маладога, што стаіць і слухае Яго, радасьцяй цешыцца з голасу Маладога. І вось гэтая радасьць мая збылася ў поўні.
Яму трэба расьці, а мне — малець».
Ён мае ўзрастаць, а мне меншаць.
Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,
Хто з Вышынí прыходзе, Той ёсьць над усімі, (а) каторы ёсьць ад зямлі, ён (і) ёсьць ад зямлі, і ад зямлі гаворыць. (А) Хто зь Неба прыходзе, Той ёсьць над усімі,
і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.
і што Ён бачыў і чуў, (аб) тым сьведчыць, і Сьведчаньня Ягонага ніхто ня прыйма́е.
Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.
Хто прыняў Ягонае Сьведчаньне, той пацьвердзіў, што Бог — Праўдзівы.
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Боскія, бо ня ме́раю даець Бог Духа.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
Бацька любіць Сына і ўсё аддаў у Руку Ягоную.
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.
Хто верыць у Сына, мае Жыцьцё Вечнае, а хто ня ве́рыць Сыну, ня ўба́чыць Жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім.