1 царстваў 24 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І пайшоў Давід адтуль, і абжыўся ў месцах умацаваных у Эн-Гэдзі.
 
І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.

І калі вярнуўся Саўл з вайны з Філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гэдзі».
 
Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.

І Саўл узяў тры тысячы ваяроў, выбранцоў з усяго Ізраіля, і пайшоў, каб шукаць Давіда і людзей ягоных на ўсходнім баку скалаў Дзікіх Козаў.
 
І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.

І прыйшоў ён да загарадак авечых пры дарозе, і была там пячора. І ўвайшоў Саўл туды, каб накрыць ногі свае, а Давід і людзі ягоныя хаваліся ў пячоры.
 
І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.

І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Вось дзень, пра які казаў табе ГОСПАД: “Вось, Я даю ў рукі твае ворага твайго і зробіш з ім тое, што добра ў вачах тваіх”». І ўстаў Давід, і адрэзаў цішком крысо плашча Саўла.
 
І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.

Але потым задрыжэла сэрца Давіда, што ён адрэзаў крысо плашча Саўла,
 
Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.

і ён сказаў людзям сваім: «Няхай даруе мне ГОСПАД, каб я зрабіў такую рэч гаспадару майму, памазанцу ГОСПАДАВУ, каб выцягнуў руку маю на яго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ».
 
І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.

І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім, каб яны напалі на Саўла. А Саўл устаў, і выйшаў з пячоры, і працягваў шлях свой.
 
І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.

І ўстаў пасьля гэтага Давід, і выйшаў з пячоры, і закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, валадар!» І глянуў Саўл назад, а Давід упаў абліччам на зямлю і пакланіўся яму,
 
Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.

І сказаў Давід Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”?
 
І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?

Вось, сёньня бачаць вочы твае, што ГОСПАД выдаў цябе ў пячоры ў рукі мае. І гаварылі мне, каб я забіў цябе, але я пашкадаваў цябе, і сказаў: “Ня выцягну рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — памазанец ГОСПАДАЎ”.
 
Вось, сёньня бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.

Дык пабач, бацька мой, крысо плашча твайго ў руцэ маёй, бо я адрэзаў крысо плашча твайго і не забіў цябе. І даведайся, і пабач, што няма ў руцэ маёй ані зла, ані бунту, і не саграшыў я супраць цябе. А ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.
 
Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.

Няхай судзіць ГОСПАД мяне і цябе, і няхай адпомсьціць ГОСПАД табе за мяне, але ня будзе рукі маёй супраць цябе.
 
Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,

Як кажа прыказка старадаўняя: “Ад ліхіх ліха паходзіць”. Але рука мая ня будзе супраць цябе.
 
як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.

Каго гоніць валадар Ізраіля? Каго ты перасьледуеш? Сабаку здохлага і адну блыху?
 
Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.

Няхай ГОСПАД будзе судзьдзёю і судзіць мяне і цябе. Няхай убачыць і разьбярэ справу маю? і вырве мяне з рукі тваёй».
 
Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.

І скончыў Давід казаць словы гэтыя да Саўла, і Саўл сказаў: «Ці ж гэта голас твой, сыне мой Давід?» І ўзьняў Саўл голас свой, і заплакаў.
 
Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,

І сказаў ён Давіду: «Ты больш праведны, чым я. Бо ты адплочваеш мне дабром, а я адплочваю табе ліхам.
 
і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, бо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;

І ты засьведчыў сёньня, што ты робіш дабро да мяне, бо калі ГОСПАД выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
 
ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусьціў бы яго ў добрую дарогу? Няхай ГОСПАД узнагародзіць цябе дабром за тое, што ты сёньня зрабіў адносна мяне.
 
Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёньня.

Вось, я цяпер ведаю, што ты будзеш валадаром, і будзеш мець у руках сваіх валадарства Ізраіля.
 
І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.

І цяпер прысягні мне на ГОСПАДА, што ня зьнішчыш насеньне маё пасьля мяне і не сатрэш імя майго з дому бацькі майго».
 
Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.

І Давід прысягнуў Саўлу. І вярнуўся Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя пайшлі ў месца ўмацаванае.
 
І прысягнуў Давід Саўлу. І пайшоў Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя ўвайшлі ў месца ўмацаванае.