Захарыі 11 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Адчыні, Лібане, дзьверы свае, і пажарэ агонь кедры твае.
 

Галасі, кіпарысе, бо кедр упаў, бо слаўныя зруйнаваныя; галасіце, дубы Башану, бо паваліўся лес непраходны.
 

Голас ляманту пастухоў, бо гонар іхні зруйнаваны; голас рыканьня львянятаў, бо зруйнаваная веліч Ярдану.
 

Гэтак кажа ГОСПАД, Бог мой: «Пасьві авечкі, [якія] на зарэз,
 

якіх рэжуць тыя, якія купляюць [іх], і не вінаватыя, а тыя, што прадаюць іх, кажуць: “Дабраслаўлёны ГОСПАД, што я ўзбагацеў!” І пастухі іхнія не шкадуюць іх.
 

Бо Я ня буду болей шкадаваць жыхароў зямлі, кажа ГОСПАД. І вось, Я аддам чалавека, кожнага ў руку бліжняга ягонага і ў руку валадара ягонага, і яны будуць таўчы зямлю, і Я ня вызвалю з рукі іхняй».
 

І я пачаў пасьвіць авечак, [якія] на зарэз, бедных авечак. І я ўзяў сабе два кіі. Адзін я назваў “Хараство”, а другі назваў “Згода”, і пасьвіў авечак.
 

І я прыбраў трох пастухоў за адзін месяц, і адвярнулася душа мая ад іх, і таксама душа іхняя грэбуе мною.
 

І я сказаў: «Ня буду пасьвіць вас. Тая, што мае памерці, няхай памірае, і тая, што мае загінуць, няхай гіне, а пазасталыя няхай ядуць цела адна адной».
 

І я ўзяў кій свой “Хараство”, і зламаў яго, каб разарваць запавет мой, які я заключыў з усімі народамі.
 

І ён быў разарваны ў той дзень, і гэтак даведаюцца бедныя авечкі, якія пільнуюцца мяне, што гэта — слова ГОСПАДА.
 

І я сказаў ім: “Калі [гэта] добра ў вачах вашых, дайце плату маю; а калі не, пакіньце [сабе]”. І яны адважылі плату маю — трыццаць срэбнікаў.
 

І сказаў мне ГОСПАД: «Кінь іх для ганчара, ладная цана, якою яны ацанілі Мяне!» І я ўзяў трыццаць срэбнікаў, і кінуў іх у Доме ГОСПАДА для ганчара.
 

І я зламаў другі кій свой — “Згоду”, каб разарваць братэрства паміж Юдам і Ізраілем.
 

І сказаў ГОСПАД мне: «Зноў вазьмі сабе рэчы пастуха бязглуздага.
 

Бо вось, Я пастаўлю ў зямлі пастуха, які [авечкі], якая прападае, не наведае, згубленай ня будзе шукаць, пакалечанай ня будзе лячыць, здаровай ня будзе карміць, але мяса сытых будзе есьці і капыты іхнія будзе адрываць.
 

Гора пастуху нягоднаму, які пакідае авечак! Меч на рамяно ягонае і на правае вока ягонае! Рамяно ягонае сухасьцю ссохне, і правае вока ягонае цемраю зацемрыцца».