Захарыі 6 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І я павярнуўся, і ўзьняў вочы мае, і глядзеў, і вось, чатыры калясьніцы выяжджаюць паміж двух гор; і горы тыя — горы мядзяныя.
 

У першай калясьніцы коні чырвоныя, а ў другой калясьніцы коні чорныя;
 

а ў трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні стракатыя, [усе яны] моцныя.
 

І я адказаў, і сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта, пане мой?”
 

І адказаў анёл, і сказаў мне: “Гэта чатыры духі нябесныя, якія выходзяць пасьля стаяньня перад Госпадам усёй зямлі.
 

Той, у якога коні чорныя, ідуць у зямлю паўночную, а [коні] белыя ідуць за імі, а [коні] стракатыя ідуць у зямлю паўднёвую”.
 

І выйшлі [коні] моцныя, і шукалі, каб ісьці па зямлі. І ён сказаў: “Ідзіце, прайдзіце па зямлі”, і яны прайшлі па зямлі.
 

І ўсклікнуў ён да мяне, і прамовіў да мяне, кажучы: “Глядзі, тыя, якія пайшлі ў зямлю паўночную, супакоілі Дух Мой у зямлі паўночнай”.
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

“Вазьмі [дары] ў тых, [якія прыйшлі], у Хэлдая, і ў Товіі, і ў Едаі, якія прыйшлі з Бабілону, і прыйдзеш у той самы дзень, і пойдзеш у дом Ёшыі, сына Сафоніі.
 

І возьмеш срэбра і золата, і зробіш кароны, і ўложыш на галаву Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага,
 

і скажаш яму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: 'Вось Муж, Парастак імя Ягонае, і Ён вырасьце з месца Свайго, і пабудуе сьвятыню ГОСПАДА.
 

І Ён пабудуе сьвятыню ГОСПАДА, і будзе насіць славу, і сядзе, і будзе панаваць на пасадзе Сваім, і будзе сьвятаром на пасадзе Сваім, і рада супакою будзе паміж імі абодвума'”.
 

А тыя кароны будуць для Хэлема, для Товіі, для Едаі і для Хэны, сына Сафоніі, як памятка ў сьвятыні ГОСПАДА.
 

І далёкія прыйдуць, і будуць будаваць сьвятыню ГОСПАДА; і вы даведаецеся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да вас. І гэта станецца, калі вы слуханьнем слухаць будзеце голас ГОСПАДА, Бога вашага».