Захарыі 6 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І абярнуўся я, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і вось, чацьвёра цялежак выяжджаюць з памеж дзьвюх гор; і горы тыя — горы мядзяныя.
 

У першых цялежках коні рудыя, а ў другіх цялежках коні вараныя;
 

І ў трэйціх цялежках коні белыя, а ў чацьвертых цялежках коні з бодкамі й гнядыя.
 

І адказаў я, і сказаў Ангілу, каторы гутарыў з імною: «Што гэта, Спадару мой?»
 

І адказаў Ангіл, і сказаў імне: «Гэта чатыры духі нябёсныя, што выходзяць стаяць перад Спадаром усяе зямлі,
 

Вараныя коні, што ў іх, ідуць да паўночнага краю, і белыя коні йдуць за імі, а гнядыя коні йдуць да паўднявога краю».
 

І вышлі гнядыя, і імкнуліся прайсьці зямлю; і сказаў: «Ідзіце, прайдзіце зямлю», — і яны прайшлі па зямлі.
 

І гукаў ён мяне, і гукаў імне, кажучы: «Гля, тыя што вышлі да паўночнага краю, супакоілі дух Мой у паўночным краю».
 

І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:
 

«Вазьмі ў тых із палону, у Гэлдая а ў Тоўі а ў Едаі, што прышлі з Бабілёну, і прыйдзі таго самага дня, і йдзі да дому Ёсі Софонёнка,
 

І вазьмі срэбра а золата, і зрабі кароны, і ўзлажы на галаву Ігошуі Егосадачонку, найвышшаму сьвятару,
 

І скажы яму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў, кажучы: ’Во Муж, Каторага імя Пагон, і Ён вырасьце із Свайго месца, і збудуе палац СПАДАРОЎ.
 

Ён і збудуе палац СПАДАРОЎ, і прынясець славу, і сядзе й будзе радзіць на пасадзе Сваім, і будзе сьвятаром на пасадзе Сваім, і рада супакою будзе меж іх абодвых’".
 

І тыя кароны будуць Гэлему а Тоўі а Едаі а Гэне Софонёнку на памятку ў палацу СПАДАРОВЫМ.
 

І далёкія прыйдуць, і будуць станавіць палац СПАДАРОЎ»; і вы даведаецеся, што СПАДАР войскаў паслаў мяне да вас; і гэта станецца, калі вы шчыра будзеце слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго.