Захарыі 10 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Прасіце ў СПАДАРА дажджу ў пару апошняга дажджу: СПАДАР блісьнець маланкаю й дасьць лівун, кажнаму траву на полю.
 

Бо хатнія балваны гукалі пустое, і варажбіты бачылі ману і манлівыя сны абяшчалі, яны дарма цешаць; затым яны пацягнуліся, як чарада, гаравалі, бо ня было пастыра.
 

«На пастыроў загарэўся гнеў Мой, і да казлоў Я даведаўся, бо даведаўся СПАДАР войскаў да чарады Свае, дому Юдзінага, і пастанавіў іх, як прыгожага каня Свайго на вайне.
 

Зь яго — вугол, зь яго — гвозд, зь яго — ваенны лук, зь яго выйдуць усі дзяржаўцы разам.
 

І яны будуць, як дужасілы, каторыя топчуць вулічнае балота ў бітве, і будуць біцца, бо СПАДАР ізь імі, і засаромяць коньнікаў на конях.
 

І ўмацую дом Юдзін, і дом Язэпаў выбаўлю, і зьвярну іх; бо Я паспагадаў ім, і яны будуць, быццам Я ня кідаў іх, бо Я СПАДАР, Бог іхны, і адкажу ім.
 

І Яхрэм будзе, як дужасіл, і разьвяселіцца сэрца іхнае, як ад віна; нават сынове іхныя абачаць і пацешацца; сэрца іхнае будзе цешыцца ў СПАДАРУ.
 

Засьвішчу ім і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх, і будуць мнажыцца, як мнажыліся;
 

І расьсею іх меж людаў, і ў далёкіх краёх яны будуць успамінаць Мяне, і будуць жыць ізь дзецьмі сваімі, і зьвернуцца;
 

І зьвярну іх ізь зямлі Ягіпецкае, і з Асыры зьбяру іх, і да зямлі Ґілеадзкае а да Лібану прывяду іх, і ня стане месца ім.
 

І ён пройдзе мора ў немарасьці, і зразе ў мору хвалі, і высахнуць усі глыбіні ракі, і зваліцца пыха Асыры, і ськіпетра ад Ягіпту адыймецца.
 

І Я змацню іх у СПАДАРУ, і ў іменю Ягоным будуць хадзіць», — агалашае СПАДАР.