Яна 9 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І, праходзячы, убачыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
 
І, праходзячы, абачыў чалавека, нявіснога ад нараджэньня.

І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Раббі! Хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сьляпы?»
 
І вучанікі папыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто ізграшыў, ён, ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся нявісны?»

Адказаў Ісус: «Не саграшыў ані ён, ані бацькі ягоныя, але каб былі выяўленыя праз яго справы Божыя.
 
Ісус адказаў: «Ані гэты ізграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб выяўлены былі ўчынкі Божыя на ім.

Мне трэба рабіць справу Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль дзень; прыходзіць ноч, калі ніхто ня можа рабіць.
 
Я маю спраўляць справы Таго, хто паслаў Мяне, пакуль ё дзень; надыходзе ноч, калі ніхто ня будзе спраўляць.

Пакуль Я ў сьвеце, Я —сьвятло сьвету».
 
Пакуль Я на сьвеце, Я сьвятліня сьвету».

Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сьліны балота і памазаў балотам вочы сьляпому,
 
Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, і зрабіў балотца ізь сьліны, і памазаў балотцам, як масьцяй, вочы нявісному,

і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў сажалцы Сілаам, — што перакладаецца Пасланы». Тады той пайшоў, і абмыўся, і прыйшоў відушчы.
 
І сказаў яму: «Ідзі, умыйся ў копані Сылоам (што перакладаецца: Пасланы)». Дык ён пайшоў, і ўмыўся, і прышоў празерыўшы.

Суседзі ж і тыя, што бачылі яго раней, як быў сьляпы, казалі: «Ці ж ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?»
 
Затым суседзі а тыя, што звычайна бачылі яго ўперад, што ён быў убогі, сказалі: «Ці ня тый ён, што сядзеў а прасіў?»

Адны казалі: «Гэта ён», а іншыя: «Падобны да яго». Ён жа сказаў: «Гэта я».
 
Некатрыя казалі: «Гэта ён», а іншыя казалі: «Не, але падобны да яго»; тый жа сказаў: «Гэта я».

Тады сказалі яму: «Як адчыніліся вочы твае?»
 
Тады яны сказалі яму: «Як твае вочы адчыніліся?»

Адказаў ён і сказаў: «Чалавек, называны Ісус, зрабіў балота, памазаў вочы мае і сказаў мне: “Ідзі да сажалкі Сілаам і абмыйся”. Я пайшоў, абмыўся і стаў бачыць».
 
Ён адказаў: «Чалавек, званы Ісус, зрабіў балотца, памазаў вочы мае і сказаў імне: "Ідзі да Сылоаму і ўмыйся". Затым я пайшоў, умыўся й празерыў».

Тады сказалі яму: «Дзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».
 
Тады сказалі яму: «Ідзе Ён?» Ён кажа: «Ня ведаю».

Вядуць гэтага былога сьляпога да фарысэяў.
 
Вядуць яго, былога нявіснога, да фарысэяў.

А была субота, калі Ісус зрабіў балота і адчыніў яму вочы.
 
А была сыбота таго дня, калі Ісус зрабіў балотца і ачысьціў вочы яму.

Тады ізноў спыталіся ў яго фарысэі, як ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: «Балота палажыў Ён на вочы мае, і я абмыўся, і бачу».
 
І фарысэі ізноў пыталіся ў яго, як ён празерыў. І ён сказаў ім: «Ён паклаў балотца на вочы мае, і я ўмыўся, і бачу».

Сказалі тады некаторыя з фарысэяў: «Не ад Бога Гэты Чалавек, бо Ён не захоўвае суботы». Іншыя казалі: «Як можа чалавек грэшны рабіць гэткія знакі?» І быў падзел між імі.
 
Тады некатрыя з фарысэяў сказалі: «Гэны чалавек не ад Бога, бо сыботы не дзяржыць». Іншыя казалі: «Як можа грэшны чалавек чыніць такія знакі?» І быў падзел памеж іх.

Зноў кажуць сьляпому: «Што ты скажаш пра Яго, бо Ён адчыніў табе вочы?» Той гаворыць: «Гэта прарок».
 
Затым ізноў кажуць нявісному: «Што ты кажаш праз тога, што адчыніў вочы табе?» І ён сказаў: «Ён прарока».

Юдэі тады не паверылі, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага [чалавека], які стаў бачыць,
 
І ня верылі Юдэі узглядам яго, што ён быў нявісны і празерыў, пакуль не пагукалі бацькоў таго, што празерыў.

і спыталіся ў іх, кажучы: «Ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што ён нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць?»
 
І пыталіся ў іх, кажучы: «Гэта сын вашы, праз каторага вы кажаце, што ён быў нявісны? Дык як ён цяпер бача?»

Бацькі ягоныя адказалі ім і сказалі: «Мы ведаем, што ён — наш сын, і што ён нарадзіўся сьляпы.
 
І адказалі бацькі ягоныя, і сказалі: «Мы ведаем, што гэты сын нашы і што ён радзіўся нявісны;

А як цяпер бачыць, ня ведаем, таксама, хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем. Ён дарослы, яго спытайцеся; няхай сам пра сябе скажа».
 
Але як ён цяпер бача, ня ведаем, альбо хто адчыніў яму вочы, мы ня ведаем; пытайцеся ў яго, ён вырослы, сам празь сябе скажа».

Так казалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, каб калі хто прызнае Яго за Хрыста, адлучыць ад сынагогі.
 
Бацькі ягоныя казалі гэта, бо баяліся Юдэяў; бо Юдэі ўжо згадзіліся, што, калі б хто вызнаў Яго за Хрыста, тый меў бы быць вылучаны з бажніцы.

Дзеля гэтага бацькі ягоныя сказалі: «Ён дарослы, яго спытайцеся».
 
Затым бацькі ягоныя сказалі; «Ён вырослы, выпытавайце ў яго»

Тады другі раз паклікалі таго чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: «Аддай славу Богу. Мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік».
 
Дык удругава пагукалі чалавека, што быў нявісны, і сказалі яму: «Уздай хвалу Богу, мы ведаем, што гэны чалавек грэшны».

Ён жа адказаў і сказаў: «Ці Ён — грэшнік, ня ведаю. Адно ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу».
 
Ён жа адказаў: «Ці Ён грэшны, я ня ведаю; адно ведаю, што, будучы нявісны, цяпер бачу».

Дык ізноў сказалі яму: «Што Ён зрабіў табе? Як Ён адчыніў твае вочы?»
 
І сказалі яму ізноў: «Што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?»

Адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы ня слухалі. Што яшчэ хочаце пачуць? Няўжо і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?»
 
Ён адказаў ім: «Я ўжо казаў вам, і вы не пачулі? чаму ізноў хочаце чуць? ці ня зычыце вы стаць вучанікамі Ягонымі?»

Тады насварыліся на яго і сказалі: «Гэта ты — Ягоны вучань, а мы — вучні Майсея.
 
І вылаялі яго, і сказалі: «Ты вучанік Гэнага, а мы Масеявы вучанікі.

Мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён».
 
Мы ведаем, што Масеям казаў Бог, а праз Гэнага мы ня ведаем, скуль Ён».

Адказаў чалавек той і сказаў ім: «Гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мае вочы.
 
Адказаў чалавек ім: «Гэта й дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адчыніў імне вочы.

Мы ж ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае; але хто пакланяецца Богу і волю Ягоную выконвае, таго слухае.
 
Мы ведаем, што Бог грэшнікаў ня слухае; але калі хто баіцца Бога й волю Ягоную паўніць, таго слухае.

Ад веку не чуваць было, каб хто адчыніў вочы народжанаму сьляпым.
 
Ад веку ня чувана, каб хто адчыніў вочы нявісному ад нараджэньня.

Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога ўчыніць».
 
Калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы чыніць нічога».

Адказалі і сказалі яму: «У грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас вучыш?» І выгналі яго прэч.
 
Адказалі яны й сказалі яму: «У грахох ты ўвесь нарадзіўся, і ты вучыш нас?» І выкінулі яго вон.

Пачуў Ісус, што выгналі яго прэч, і, знайшоўшы яго, сказаў яму: «Ці верыш ты ў Сына Божага?»
 
Пачуў Ісус, што выкінулі яго вон, і, знайшоўшы яго, сказаў: «Верыш ты ў Сына Людзкога?»

Той адказаў і сказаў: «А хто Ён, Пане, каб мне верыць у Яго?»
 
Гэты адказаў і сказаў: «А хто Ён, Спадару, каб я ўверыў у Яго?»

Ісус жа сказаў яму: «І ты бачыў Яго, і Той, Які гаворыць з табою, — гэта Ён».
 
Сказаў яму Ісус: «І бачыў ты Яго, і Каторы гукае з табою — гэта Ён».

Ён жа сказаў: «Веру, Госпадзе!» І пакланіўся Яму.
 
І ён сказаў: «Веру, Спадару!» і пакланіўся Яму.

І сказаў Ісус: «На суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сьляпыя».
 
І сказаў Ісус: «На суд прышоў Я на сьвет гэты, каб нявідомыя бачылі, а відучыя занявісьнелі».

І пачулі гэта тыя з фарысэяў, якія былі з Ім, і сказалі Яму: «Няўжо і мы сьляпыя?»
 
І пачулі гэта тыя з фарысэяў, што былі зь Ім, і сказалі Яму: «Няго ж і мы нявісныя?»

Ісус сказаў ім: «Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца.
 
Сказаў ім Ісус: «Калі б вы былі нявісныя, ня мелі б грэху; цяпер жа вы кажаце: "Мы бачым", — грэх вашы застаецца.