Выслоўяў Саламонавых 15 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Мяккі адказ уціхамірвае гнеў, а жорсткая размова выклікае лютасць.
Язык мудрых лье веды, вусны бязглуздых выкрыкваюць бязглуздасць.
Ва ўсялякім месцы вочы Госпада. Яны бачаць ліхіх і добрых.
Язык лагодны — дрэва жыцця, а двухсэнсавасць на ім зняважыць дух.
Бязглузды кпіць з настаўлення бацькі свайго, а хто беражэ папрокі — будзе разумнейшы.
У доме справядлівага вельмі многа багацця, а ў набытках бязбожніка — хваляванне.
Вусны мудрых распаўсюдзяць веды; сэрца бязглуздых — не будзе вернае.
Ахвяры бязбожнікаў — агідныя для Госпада; абяцанні справядлівых — мілыя Яму.
Агіднасць для Госпада — дарога бязбожніка; хто ідзе ўслед за справядлівасцю — будзе любімы Ім.
Лютая кара таму, хто пагарджае вернай дарогай; хто ненавідзіць папрокі — памрэ.
Пекла і пагібель — перад вачамі Госпада, а тым больш — сэрцы сыноў чалавечых!
Насмешнік не любіць таго, хто яго абвінавачвае, і да людзей мудрых не ходзіць.
Сэрца радаснае весяліць твар, у смутку душы дух падае.
Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны бязглуздых жывяцца бязглуздасцю.
Усе дні ў бедных — ліхія, а вясёлы ў сэрцы — быццам заўсёды на застоллі.
Лепш трохі са страхам Госпада, чым вялікія скарбы — з трывогай.
Лепш мера гародніны з любоўю, чым адкормленае цяля — з нянавісцю.
Чалавек запальчывы выклікае сваркі; а той, хто з’яўляецца цярплівым, уціхамірвае спрэчкі.
Дарога гультаёў быццам агароджа цярновая, дарога разважлівых — гладкая.
Мудры сын радуе бацьку; а бязглузды чалавек адцураецца маці сваёй.
Бязглуздасць — радасць для таго, хто не мае розуму; а чалавек разважлівы накіроўвае прама крокі свае.
Дзе няма парады — разбягаюцца намеры, а здзяйсняюцца — дзе многа дарадчыкаў.
Весяліцца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і спрыяльная размова — найлепшая.
Сцежка жыцця вядзе ўгару для чалавека вучонага, каб ухіліцца ад пекла ўнізе.
Госпад разбурыць дом пыхлівых, а межы ўдавы ўмацуе.
Агіднасць для Госпада — намеры ліхія, а чыстая размова — найпрыгажэйшая.
Развальвае дом свой той, хто прыслужвае прагнасці, а хто ненавідзіць падарункі — жыць будзе.
Розум справядлівага абдумвае, што адказаць; вусны бязбожнікаў зласловяць.
Ад бязбожнікаў Госпад далёка, а размовы справядлівых Ён выслухае.
Святло вачэй радуе душу, добрая слава ўдобрывае косці.
Вуха, якое слухае папрокі жыцця, застанецца сярод мудрых.
Хто адкідае настаўленне — адцураецца душы сваёй; а хто слухае папрокі — уладар сэрца [свайго].
Страх Госпадаў — настаўленне мудрасці, а славе папярэднічае пакора.