Псалтыр 119 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Шчасныя беззаганныя ў дарозе, якія ходзяць у законе Госпада.
 

Шчасныя, што пільнуюцца сведчанняў Яго і ўсім сэрцам імкнуцца да Яго.
 

Яны не ўчыняюць несправядлівасці, і ідуць Яго шляхамі.
 

Ты загадаў ім, каб моцна пільнаваліся загадаў Тваіх.
 

О, каб трывалымі былі мае дарогі для захавання сведчанняў Тваіх.
 

Тады я не пасаромлюся, калі буду зважаць на ўсе Твае загады.
 

Буду вызнаваць Цябе ў шчырасці сэрца, у тым, што я навучыўся судам справядлівасці Тваёй.
 

Буду захоўваць я пастановы Твае, не пакідай мяне ніколі.
 

Якім чынам юнак захавае чыстай дарогу сваю? Пільнуючыся слоў Тваіх.
 

Усім сэрцам маім шукаю я Цябе, зрабі так, каб я не адступіўся ад пастановаў Тваіх.
 

У сэрцы сваім берагу словы Твае, каб не грашыць супраць Цябе.
 

Дабраславёны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
 

Вуснамі маімі палічыў я ўсе прысуды вуснаў Тваіх.
 

Адчуў я асалоду на дарозе сведчанняў Тваіх, як Тваіх найвялікшых багаццяў.
 

Спасцігаю прыказанні Твае і аглядаю шляхі Твае.
 

Буду захапляцца пастановамі Тваімі, не забуду словы Твае.
 

Рабі дабро слузе Твайму, і я буду жыць і пільнавацца слоў Тваіх.
 

Раскрый вочы мае, і я буду аглядаць цуды закону Твайго.
 

Госць я на зямлі, не хавай ад мяне загадаў Тваіх.
 

Змарнела душа мая ў імкненні да судоў Тваіх у любы час.
 

Паўшчуваў я пыхлівых, праклятыя, што адступаюцца ад загадаў Тваіх.
 

Аддалі ад мяне ганьбу і пагарду, бо пільнуюся я сведчанняў Тваіх.
 

Калі нават князі сядзяць і гавораць супраць мяне, слуга Твой будзе спасцігаць пастановы Твае.
 

Бо і сведчанні Твае — асалода мая, і парада мая — пастановы Твае.
 

Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго.
 

Дарогі мае абвясціў я, і Ты выслухаў мяне, навучы мяне пастановам Тваім.
 

Дарогу прыказанняў Тваіх дай мне зразумець, і я буду спасцігаць цуды Твае.
 

Душа мая ў смутку роніць слёзы, хай кіруе мною слова Тваё.
 

Дарогу маны павярні ад мяне, а закон Твой дай мне прыхільна.
 

Дарогу праўды выбраў я, прысуды Твае паставіў я перад сабою.
 

Прынік я да сведчанняў Тваіх, Госпадзе; не пасарамаці мяне.
 

Дарогаю прыказанняў Тваіх пабягу, бо пашырыў Ты сэрца маё.
 

Усталюй закон мне, Госпадзе, дарогу пастановаў Тваіх, і я трымацца буду яе заўсёды.
 

Дай мне разуменне, і я буду выконваць закон Твой і пільнавацца яго ад усяго сэрца майго.
 

Вядзі мяне сцежкай загадаў Тваіх, бо я жадаю яе.
 

Нахіні сэрца маё да сведчанняў Тваіх, а не да нажывы.
 

Адвярні вочы мае, каб не глядзелі на марнасць; на дарозе Тваёй ажыві мяне.
 

Узнаві для слугі Твайго прырачэнне Тваё; яно — дзеля ўшанавання Твайго.
 

Ухілі ганьбу маю, якой я напалоханы, бо прысуды Твае спагадныя.
 

Вось жа жадаю я Тваіх пастаноў: па законнасці Тваёй ажыві мяне.
 

Дык хай сыдзе на мяне міласэрнасць Твая, Госпадзе, збаўленне Тваё паводле Твайго прырачэння.
 

І дам я слова ў адказ тым, якія мяне зневажаюць, бо ўскладаю я надзею на словы Твае.
 

Не ўхіляй ніколі ад вуснаў маіх слова праўды, бо маю надзею ў рашэннях Тваіх.
 

І буду пільнавацца закону Твайго заўсёды, павечна і ў векі вечныя.
 

Ды буду хадзіць прасторнай [дарогай]; бо шукаю я прыказанняў Тваіх.
 

Буду гаварыць пра прыказанні Твае перад царамі і не пасаромеюся.
 

І буду захапляцца загадамі Тваімі, бо люблю іх.
 

Падымаю рукі мае да загадаў Тваіх, якія люблю; і буду спасцігаць пастанаўленні Твае.
 

Помні пра слова Тваё слузе Твайму, якім Ты даў мне надзею.
 

Яно пацешыла мяне ў прыніжэнні маім, бо слова Тваё ажывіла мяне.
 

Пыхліўцы кпяць з мяне нахабна, але я ад закону Твайго не адступаю.
 

Помню і пра адвечныя суды Твае, Госпадзе, і яны цешаць мяне.
 

Абурэнне апанавала мяне праз грэшнікаў, што пакідаюць закон Твой.
 

Песнямі сталіся для мяне пастановы Твае ў месцы падарожжа майго.
 

І ноччу помню я імя Тваё, Госпадзе, і буду пільнавацца закону Твайго.
 

Гэта сталася са мною, што стаў выконваць я прыказанні Твае.
 

Доля мая — Госпад: паабяцаў я пільнавацца слоў Тваіх.
 

Звярнуўся я малітоўна да аблічча Твайго ад усяго сэрца майго; злітуйся нада мной паводле Твайго прырачэння.
 

Абдумваю я шляхі свае і павяртаю ногі свае да Тваіх сведчанняў.
 

Паспяшаўся і не замарудзіў, каб пільнавацца загадаў Тваіх.
 

Аплялі мяне кругом путы грэшнікаў, а закону Твайго я не забыўся.
 

Устаю апоўначы, дзякаваць Табе за прысуды справядлівасці Тваёй.
 

Я саўдзельнік усіх тых, што шануюць Цябе і пільнуюцца прыказанняў Тваіх.
 

Поўная зямля міласэрнасці Тваёй, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.
 

Дабрадзейства даў Ты слузе Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
 

Дабрачыннасці, разважнасці і веданню навучы мяне, бо паверыў я загадам Тваім.
 

Перш чым быў прыніжаны, блудзіў я, цяпер жа буду трымацца прырачэння Твайго.
 

Добры Ты і дабрачынны, навучы мяне пастановам Тваім.
 

Пыхліўцы плануюць подступы на мяне, а я ўсім сэрцам выконваю прыказанні Твае.
 

Атлусцела сэрца іх, быццам тук, а я захапляюся законам Тваім.
 

Добра для мяне, што быў я прыніжаны, каб навучыўся пастановам Тваім.
 

Лепш для мяне закон вуснаў Тваіх, чым тысячы золата і срэбра.
 

Рукі Твае стварылі мяне і аформілі мяне; дай мне разуменне, і я навучуся загадам Тваім.
 

Тыя, што шануюць Цябе, убачаць мяне і ўзвесяляцца, бо трывала ўсклаў я надзею на словы Твае.
 

Спазнаў я, Госпадзе, што прысуды Твае — справядлівасць, і па справядлівасці прынізіў Ты мяне.
 

Калі будзе міласэрнасць Твая, каб суцешыць мяне, паводле прырачэння Твайго слузе Твайму.
 

Спашлі на мяне ласкі Твае, каб я мог жыць, бо закон Твой — асалода мая.
 

Хай пасаромеюцца пыхліўцы, бо падступна прыгняталі яны мяне, я буду спасцігаць прыказанні Твае.
 

Хай павернуцца да мяне тыя, што шануюць Цябе, і тыя, што пазналі сведчанні Твае.
 

Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў пастановах Тваіх, і не пасаромлюся.
 

Марнее, [прагнучы] збаўлення, душа мая, і трывала ўскладаю я надзею на слова Тваё.
 

Тупеюць вочы мае, [шукаючы] прырачэння Твайго, кажучы: «Калі Ты суцешыш мяне?»
 

Бо стаў я, як мех [скураны] у дыме, пастановаў жа Тваіх не забыўся.
 

Колькі дзён слугі Твайго? Калі ўчыніш суд над пераследнікамі маімі?
 

Накапалі для мяне ям пыхліўцы, і яны — не паводле закону Твайго.
 

Усе загады Твае — справядлівасць; падступна яны пераследы мне чынілі: успамажы мне.
 

Ледзь не забілі яны мяне на зямлі, але я не пакінуў прыказанняў Тваіх.
 

Паводле міласэрнасці Тваёй ухавай мяне жывым, а я захаваю напамінанні Твае.
 

Навечна, Госпадзе, слова Тваё ўсталявана на небе.
 

На ўсе пакаленні — праўда Твая; умацаваў Ты зямлю, і яна трывае.
 

Паводле прысудаў Тваіх трывае яна сёння, бо ўсё служыць Табе.
 

Каб закон Твой не быў мне асалодай, тады я адразу прапаў бы ў прыніжанасці маёй.
 

Век не забуду прыказанні Твае, бо праз іх ажывіў Ты мяне.
 

Я Твой, збаў мяне, бо адшукаў я прыказанні Твае.
 

Цікуюць на мяне грэшнікі, каб загубіць мяне, я зразумеў сведчанні Твае.
 

Я ўбачыў абмежаванасць любой дасканаласці; загад Твой — бязмежна шырокі.
 

Як жа палюбіў я закон Твой, Госпадзе; цэлы дзень — роздум мой [пра яго].
 

Закон Твай зрабіў мяне разумнейшым за непрыяцеляў маіх, бо ён са мною навечна.
 

Стаўся я мудрэйшым за ўсіх тых, што вучылі мяне, бо сведчанні Твае — роздум мой.
 

Разумею я лепш за старцаў, бо выконваю прыказанні Твае.
 

Ад усякай ліхой дарогі ўстрымліваю я ногі мае, каб упільнавацца слова Твайго.
 

Ад прысудаў Тваіх я не ўхіляюся, бо Ты навучыў мяне.
 

Якія ж салодкія для паднябення майго прырачэнні Твае, лепш за мёд — для вуснаў маіх!
 

Праз прыказанні Твае атрымаў я разуменне; таму ненавіджу любую дарогу маны.
 

Паходня для ног маіх — слова Тваё і святло сцежкі маёй.
 

Даю я прысягу і пастанаўляю пільнавацца прысудаў справядлівасці Тваёй.
 

Прыніжаны я вельмі, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.
 

Хай будуць пажаданымі добразычлівасці вуснаў маіх, Госпадзе, і прысудам Тваім навучы мяне.
 

Жыццё маё заўсёды ў небяспецы, а законаў Тваіх я не забываюся.
 

Грэшнікі паставілі пастку на мяне, а я не зблудзіў ад прыказанняў Тваіх.
 

Сведчанні Твае — спадчына мая навечна, бо яны — радасць сэрца майго.
 

Схіліў я сэрца маё, каб чыніць пастановы Твае вечна, да канца.
 

Ненавіджу я двудушных, а люблю закон Твой.
 

Ты покрыва і шчыт мой, трывала ўсклаў я надзею на слова Тваё.
 

Адхіліцеся ад мяне ліхадзеі, і буду я выконваць загады Бога майго.
 

Падтрымай мяне паводле прырачэння Твайго, і я буду жыць; і не пасарамаці мяне ў чаканні маім.
 

Падмацуй мяне, і буду збаўлены, і буду захапляцца пастановамі Тваімі заўсёды.
 

Адцураешся Ты ўсіх адступнікаў ад пастановаў, бо задума іх — мана.
 

За шлак лічыш Ты ўсіх грэшнікаў зямлі; таму палюбіў я сведчанні Твае.
 

Трымціць ад страху Твайго цела маё; баюся я судоў Тваіх.
 

Учыніў я суд і справядлівасць; не выдавай мяне тым, што ўзводзяць паклёп на мяне.
 

Забяспеч слугу свайго дабром, каб не ўзводзілі паклёп на мяне пыхліўцы.
 

Вочы мае стамляюцца ад чакання дапамогі Тваёй і справядлівых прырачэнняў Тваіх.
 

Учыні са слугой Сваім паводле міласэрнасці Тваёй і навучы мяне пастановам Тваім.
 

Слуга Твой я; дай мне разуменне, каб ведаў я сведчанні Твае.
 

Пара дзейнічаць, Госпадзе, бо расцерушылі закон Твой.
 

Дзеля таго люблю я загады Твае больш за чыстае золата,
 

таму кіраваўся я ва ўсім прыказаннямі Тваімі, узненавідзеў любую дарогу маны.
 

Дзівосныя сведчанні Твае, трымалася іх душа мая.
 

Абвяшчэнне слоў Тваіх прасвятляе і дае разуменне малым.
 

Раскрываю вусны мае і ўцягваю паветра, бо прагну загадаў Тваіх.
 

Павярніся да мяне і злітуйся нада мной паводле прысуду Твайго для тых, што любяць імя Тваё.
 

Накіроўвай крокі мае паводле прырачэння Твайго, і не запануе нада мною аніякая несправядлівасць.
 

Адкупі мяне ад паклёпаў людскіх, каб пільнаваўся я прыказанняў Тваіх.
 

Прасвятлі аблічча Тваё на слугу Твайго і навучы мяне пастановам Тваім.
 

Ручаі слёз выцякаюць з вачэй маіх, бо не пільнуюцца яны закону Твайго.
 

Справядлівы Ты, Госпадзе, і праўдзівы суд Твой.
 

Перадаў Ты ў справядлівасці сведчанні Твае ў чыстай праўдзе.
 

Марнуе мяне руплівасць мая, бо забываюцца пра словы Твае непрыяцелі мае.
 

Прырачэнне Тваё надзвычай агністае, і слуга Твой палюбіў яго.
 

Малюсенькі я і занядбаны, прыказанняў Тваіх не забыўся.
 

Твая справядлівасць — вечная справядлівасць, і закон Твой — праўда.
 

Бяда і ўціск наваліліся на мяне, загады Твае — асалода мая.
 

Сведчанні Твае — вечная справядлівасць; дай мне разуменне, і я буду жыць.
 

Крычу я ад усяго сэрца майго: выслухай мяне, Госпадзе; выканаць хачу пастановы Твае.
 

Крычу я да Цябе: збаў мяне, і буду выконваць загады Твае.
 

Апярэджваю я раніцу і клікаю, трывала ўскладаю надзею на словы Твае.
 

Апярэдзяць вочы мае світанне, каб абдумаць мне прырачэнні Твае.
 

Пачуй голас мой паводле міласэрнасці Тваёй, Госпадзе, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.
 

Наблізіліся тыя, што пераследуюць мяне ў ліхасці, але ад закону Твайго аддаліліся яны.
 

Блізка Ты, Госпадзе, і ўсе загады Твае — праўда.
 

Ад пачатку даведаўся я пра сведчанні Твае, што заснаваў Ты іх навечна.
 

Паглядзі на прыніжэнне маё і вырві мяне; бо закону Твайго я не забыўся.
 

Рассудзі справу маю і адкупі мяне, пры дапамозе прырачэння Твайго ажыві мяне.
 

Далёка збаўленне ад грэшнікаў, бо яны не адшукалі пастановаў Тваіх.
 

Вялікая Твая, Госпадзе, міласэрнасць, паводле прысуду Твайго ажыві мяне.
 

Многа пераследуючых мяне і засмучаючых мяне; ад напамінаў Тваіх я не ўхіляюся.
 

Бачу я адступнікаў і брыджуся, бо прырачэнняў Тваіх яны не берагуць.
 

Госпадзе, люблю Твае прыказанні, з міласэрнасці ўхавай мяне жывым.
 

Аснова слоў Тваіх — праўда, і вечныя ўсе прысуды справядлівасці Тваёй.
 

Князі чыняць пераслед мне без прычыны, а сэрца маё шануе слова Тваё.
 

Весялюся з прырачэнняў Тваіх, як тыя, што натрапілі на вялікую здабычу.
 

Ненавіджу я ману і брыджуся; але Твой закон люблю.
 

Сем разоў на дзень хвалю Цябе за справядлівыя прысуды Твае.
 

Шчодры супакой тым, што любяць закон Твой, і няма для іх спакушэння.
 

Маю надзею на дапамогу Тваю, Госпадзе, і выконваю загады Твае.
 

Дапільнавалася душа мая сведчанняў Тваіх, і палюбіў я іх надзвычайна.
 

Выконваю прыказанні Твае і сведчанні Твае, бо ўсе дарогі мае на віду ў Цябе.
 

Хай наблізіцца маленне маё да Цябе, Госпадзе; згодна з словам Тваім дай мне разуменне.
 

Хай дойдзе да Цябе маленне маё; паводле прырачэння Твайго вызвалі мяне.
 

Выпусцяць гімн вусны мае, калі навучыш мяне пастановам Тваім.
 

Хай апявае язык мой прырачэнне Тваё, бо ўсе загады Твае — справядлівасць.
 

Хай рука Твая станецца такой, каб успамагала мне, бо выбраў я прыказанні Твае.
 

Запрагнуў я збаўлення Твайго, Госпадзе, і закон Твой — асалода мая.
 

Хай жыве душа мая і хваліць Цябе, і прысуды Твае ўспамагаюць мне.
 

Блукаю я, як авечка, што прапала; шукай слугу Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываюся.