Псалтыр 4 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кіраўніку хору. На струнах. Псальм Давідаў.
 

Калі я клічу Цябе, выслухай мяне, Божа справядлівасці маёй. У турбоце Ты даваў мне прастору; злітуйся нада мною і выслухай маленне маё.
 

О сыны чалавечыя, дакуль жа будзеце благімі сэрцам? Чаму вы любіце марнасць і шукаеце хлусню?
 

Ведайце, што Госпад цудоўна ўслаўляе святога Свайго. Бог выслухае, калі буду Яго клікаць.
 

Калі гневаецеся, не грашыце; разважце ў сэрцах вашых на ложках вашых і супакойцеся!
 

Складзіце ахвяру праўды і майце надзею ў Богу.
 

Шмат якія кажуць: «Хто паказвае нам даброты?» Узнімі над намі, як знак, святло аблічча Твайго!
 

Надаў Ты большую радасць у сэрца маё, чым калі памнажаюцца ў іх пшаніца ды віно.
 

У спакоі кладуся і засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе, даеш мне жыць ў бяспецы.