1 царстваў 28 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка

 
 

А ў тыя дні сталася, што сабралі філістынцы дружыны свае, каб падрыхтаваць іх да вайны супраць Ізраэля. І Ахіс сказаў Давіду: «Ведаючы, ведай цяпер, што ты пойдзеш са мною ў лагер, ты і людзі твае».
 

І сказаў Давід Ахісу: «Таму і ты даведаешся, што будзе рабіць паслугач твой». І Ахіс сказаў Давіду: «Таму стаўлю я цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».
 

А Самуэль памёр; і плакаў па ім увесь Ізраэль, і пахавалі яго ў горадзе яго, у Раме. І Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны.
 

І філістынцы сабраліся і прыйшлі, і сталі лагерам у Сунаме. А Саўл таксама сабраў увесь Ізраэль і расклаўся лагерам у Гэльбоэ.
 

І паглядзеў Саўл на лагер філістынцаў, і спалохаўся, і надта задрыжэла ў ім сэрца.
 

І пытаўся ён у Госпада, і Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.
 

І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў; і я пайду да яе, і запытаюся праз яе». І паведамілі яму паслугачы яго: «Ёсць жанчына, якая выклікае духі, у Эн-Доры».
 

І змяніў Саўл адзенне сваё, і апрануўся ў іншае адзенне, і пайшоў сам, а разам з ім двое мужчын; і прыйшлі яны да той жанчыны ноччу, і кажа ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу».
 

І жанчына кажа яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл і як ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны; дык чаму цікуеш ты на маё жыццё, каб забіць мяне?»
 

І Саўл прысягнуў ёй Госпадам, кажучы: «Жыве Госпад, бо не будзе табе нічога благога з-за гэтай справы».
 

І запыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».
 

Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Бо ты — Саўл!»
 

І сказаў ёй цар: «Не бойся. Што ты бачыш?» І жанчына кажа Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі».
 

І ён сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Сказала яна: «Стары чалавек выходзіць, і апрануты ён у плашч». Зразумеў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам сваім да зямлі, і пакланіўся.
 

А Самуэль сказаў Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і турбуеш мяне?» І Саўл сказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы. Бо філістынцы ваююць супраць мяне, і Бог адступіўся ад мяне і не жадае слухаць мяне, ані праз прарокаў, ані праз сон; дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць».
 

І кажа Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі Госпад адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?
 

Бо зрабіў Госпад так, як казаў праз мяне; і Ён забраў царства з рукі тваёй і аддаў яго блізкаму твайму, Давіду,
 

бо ты не слухаў голас Госпада і не споўніў лютага гневу Яго ў адносінах да Амалека. Таму ты церпіш тое, што ўчыніў табе Госпад сёння.
 

І аддасць Госпад таксама Ізраэль разам з табою ў рукі філістынцаў; заўтра ж ты і сыны твае будзеце са мною, але і лагер Ізраэля аддасць Госпад у рукі філістынцаў».
 

І адразу ж Саўл упаў усім целам на зямлю; бо ахапіў яго жах з-за слоў Самуэля, і пакінула яго сіла, бо не еў ён хлеба ўвесь дзень той і ўсю тую ноч.
 

І падышла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы; і сказала яму: «Вось, паслугачка твая паслухала размову тваю, і паклала душу сваю ў руку тваю, і паслухалася загаду твайго, які ты мне даў.
 

Дык цяпер і ты паслухай голасу паслугачкі сваёй, каб я паклала перад табою лусту хлеба і каб ты, з’еўшы яе, паздаравеў і змог выбрацца ў дарогу».
 

Ён адмовіўся і казаў: «Не буду есці». А паслугачы яго і жанчына тая ўпрошвалі яго; і ён, нарэшце, паслухаўшы слоў іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку.
 

Жанчына ж тая мела кормнае цяля ў доме, і яна паспяшалася і зарэзала яго, і, узяўшы муку, яна рашчыніла яе і напякла праснакоў.
 

І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад паслугачамі яго. Калі яны пад’елі, яны сабраліся і адышлі ў тую ж самую ноч.