Сьвятая Бібля 18

Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Агулам усё стварыў Той, Хто жыве вечна. Адзіны Бог будзе апраўданы і застанецца непераможным Валадаром навек.
 

Хто зможа распавесці дзеянні Яго?
 

Ды хто прасочыць вялікія справы Яго?
 

А хто зможа высказаць магутнасць велічы Яго? Або хто патрапіць расказаць пра Яго міласэрнасць?
 

Нельга ані што зменшыць, ані дадаць, ды нельга прасачыць вялікія справы Божыя;
 

калі чалавек думае, што скончыў, тады ён толькі пачынае, і калі спыняе, не ведае, што далей рабіць.
 

Што гэта чалавек, чаго яму не хапае, ды якая з яго карысць? І якое дабро яго або якое зло яго?
 

Лік дзён чалавечых добра, як сто гадоў, як капля вады марской, яны падлічаны, і як крупінка пяску, такія кароткія гады яго ў вечнасці.
 

Дзеля таго Бог цярплівы да людзей і вылівае на іх Сваю міласэрнасць.
 

Ён бачыць сапсаванасць сэрца іх, што ліхое яно; ды ведае пераваротнасць іх, што благая яна.
 

Таму напоўніў іх Сваёю ласкаю і паказаў ім дарогу справядлівасці.
 

Міласэрнасць чалавека — адносна свайго блізкага, а міласэрнасць Божая — над усім жывым.
 

Ён асуджае, вучыць і гадуе, як пастыр, які накіроўвае свой статак.
 

Шкадуе тых, хто прымае павучэнне літасці і якія шчыра спаўняюць законы Яго.
 

Сыне, калі што добрае, — не сквапся, і пры кожным падарунку не засмучай ліхім словам.
 

Ці ж спякоту не ахалоджвае раса? Так і добрае слова лепш, чым падарунак.
 

Ці ж вось не лепшае слова за падарунак? Але адно і другое — у ветлівага чалавека.
 

Неразумны будзе неміласэрна дакараць, і падарунак пераваротнага высушвае вочы.
 

Перад судом — прыгатуй сабе абаронцу і, перш чым пачнеш гаварыць, падумай.
 

Перад хваробай — ужыві лякарства, і перад судом спытай самога сябе, і ў час наведвання знойдзеш ласку.
 

Перш чым пачуеш хваробу, упакарыся, і калі ўпадзеш у грэх — дай доказ навяртання.
 

Не дазваляй, каб табе што перашкодзіла скласці абяцанае ў адпаведны час, ды не марудзь аж да смерці, каб быць апраўданым, бо адплата Бога будзе трываць вечна.
 

Перад абяцаннем — падрыхтуй сваю душу, ды не будзь, як той чалавек, які спакушае Госпада.
 

Памятай пра гнеў у дзень смерці, і пра адплату ў свой час, [калі Госпад] адварочвае аблічча.
 

Памятай пра голад у час дастатку, і пра патрэбу беднасці ў дзень багацця.
 

Ад раніцы аж да вечара час змяняецца, і ўсё хутка прабягае на вачах Бога.
 

Чалавек мудры ва ўсім будзе асцярожны, і ў днях злачынстваў усцеражэцца ад ліха.
 

Кожны разумны пазнае мудрасць і таму, хто знайшоў яе, дасць вызнанне.
 

Разумныя ў словах і самі мудра вялі сябе, і разумелі праўду і справядлівасць, ды вылілі, як дождж, прыказкі і прысуды.
 

Аб стрыманасці душы: Не ідзі за пажаднасцямі сваімі, ды ўстрымайся ад хаценняў сваіх;
 

калі дасі волю душы тваёй на пажадлівасць, выставіць яна цябе на пацеху тваім ворагам.
 

Не шукай упадабання ў частым баляванні, бо падвойная доля — убогасць яго.
 

Не будзь гулякам і п’яніцам, калі не маеш нічога ў капшуку: бо будзеш злоснікам свайму жыццю.