1 царстваў 24 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Такім чынам, Давід адышоў адтуль і абжыўся ў месцах самых недасягальных у Эн-Гадзі.
 

І калі вярнуўся Саўл з пагоні за філістынцамі, паведамілі яму, кажучы: «Вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі».
 

Дык Саўл, узяўшы тры тысячы ваяроў, адабраных з усяго Ізраэля, пайшоў, каб шукаць Давіда і яго людзей ля скал Дзікіх Коз.
 

І прыйшоў ён да загародкаў авечых пры дарозе. І была там пячора, у якую ўвайшоў Саўл для сваёй патрэбы; а тым часам Давід і яго людзі хаваліся ў глыбіні пячоры.
 

І казалі ваяры Давіда яму: «Вось дзень, аб якім казаў табе Госпад: “Я выдам табе ворага твайго, і ты зробіш яму, як спадабаецца табе”». Устаў, такім чынам, Давід і адрэзаў цішком крысо плашча Саўлавага.
 

Потым задрыжэла сэрца Давіда, што адрэзаў крысо плашча Саўлавага,
 

і сказаў ён сваім людзям: «Хай Госпад будзе міласэрны да мяне, каб я не зрабіў такую рэч гаспадару майму, намашчэнцу Госпадаваму, каб не выцягнуў руку маю на яго, ён бо намашчэнец Госпадаў».
 

І стрымаў Давід ваяроў сваіх гэтымі словамі, і не дапусціў іх, каб яны напалі на Саўла. Тым часам Саўл, падняўшыся, выйшаў з пячоры і працягваў свой шлях.
 

Устаў таксама і Давід за ім і, выйшаўшы з пячоры, закрычаў ззаду за Саўлам, кажучы: «Гаспадару мой, цар!» І глянуў Саўл назад, і Давід, упаўшы тварам на зямлю, пакланіўся яму,
 

і сказаў Саўлу: «Навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: “Давід шукае зла для цябе”?
 

Вось, бачаць вочы твае, што Госпад выдаў цябе сёння ў пячоры ў рукі мае; і гаварылі мне, каб я забіў цябе, але пашкадавала цябе вока маё, бо я казаў: “Не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён — намашчэнец Госпадаў і бацька мой”.
 

А лепш пабач і пазнай крысо плашча твайго ў маёй руцэ, бо, калі я адрэзаў крысо плашча твайго, я не хацеў забіць цябе. Звярні ўвагу і пераканайся, што ў руцэ маёй няма зла і несправядлівасці і не зграшыў я супраць цябе; а ты цікуеш на жыццё маё, каб забраць яго.
 

Госпад будзе суддзёю паміж мной і табою, і хай адпомсціць Госпад табе за мяне; а я не выцягну рукі сваёй на цябе.
 

Як і ў старадаўняй прыказцы гаворыцца: “Ад бязбожнікаў бязбожнасць паходзіць” — а рука мая не звернецца супраць цябе.
 

Каго гоніць цар Ізраэля? Каго ты пераследуеш? Сабаку здохлага і адну блыху.
 

Хай Госпад будзе суддзёю і рассудзіць мяне і цябе, і хай убачыць і разбярэ справу маю, і вырве мяне з рукі тваёй».
 

Калі ж Давід скончыў гаварыць гэтыя словы Саўлу, Саўл сказаў: «Ці ж гэта твой голас, сын мой Давід?» І пачаў Саўл голасна плакаць.
 

І сказаў ён Давіду: «Ты за мяне справядлівейшы, бо ты аказваеш мне дабро, а я адплачваю табе ліхам.
 

І ты засведчыў сёння, што ставішся да мяне добра, бо калі Госпад выдаў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
 

Бо хто, спаткаўшы ворага свайго, пусціў бы яго ў добрую дарогу? Але хай Госпад аддасць табе за гэты выпадак, за тое, што ты сёння зрабіў адносна мяне.
 

І цяпер, бо я ведаю, што ты напэўна будзеш царом і будзеш мець у руцэ сваёй царства Ізраэльскае,
 

прысягні мне Госпадам, што не знішчыш нашчадкаў маіх пасля мяне і не сатрэш імя майго з роду бацькі майго».
 

І Давід прысягнуў Саўлу. Такім чынам, вярнуўся Саўл у дом свой, і Давід і людзі яго пайшлі ў горы, у месца недасяжнае.