Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Браты мае, няхай нямногія з вас імкнуцца стаць настаўнікамі, ведаючы, што будуць асуджаны больш сурова.
 
Ня многія рабіцеся настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што мы большы атрымаем прысуд,

Бо ўсе мы спатыкаемся шмат у чым. Калі хто не грашыць словам, гэта чалавек дасканалы, здольны ўтаймаваць таксама ўсё цела.
 
бо ўсе мы шмат спатыкаемся. Хто не спатыкаецца ў слове, той дасканалы чалавек, які мае моц, каб зацугляць і ўсё цела.

Калі мы кладзем цуглі ў рот коням, каб яны слухаліся нас, то і кіруем усім іхнім целам.
 
Вось, мы ўкладаем цуглі ў рот коням, каб мець пэўнасьць у іх, і кіруем усім целам іхнім.

Вось і караблі, хоць такія вялікія і гоняць іх моцныя вятры, аднак маленькае стырно скіроўвае іх, куды пажадае воля стырнавога.
 
Вось і караблі, такія вялікія, і вятры магутныя іх носяць, а невялікім стырном кіруюцца, куды корнік хоча.

Так і язык — малая частка цела, а хваліцца многім. Паглядзі, які малы агонь падпальвае вялізны лес!
 
Гэтак і язык — малы член, а шмат узносіцца. Вось, маленькі агонь, а які вялікі лес запальвае.

Язык — гэта агонь, свет несправядлівасці; змешчаны паміж нашых членаў, язык апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцця, а сам запальваецца ад геены.
 
І язык — агонь, сьвет няправеднасьці. Язык гэтак зьмяшчаецца сярод членаў нашых, што апаганьвае ўсё цела, і запальвае круг жыцьця, і сам запальваецца ад геенны.

Бо ўсялякі від звяроў, птушак, паўзуноў і марскіх стварэнняў утаймоўваецца і ўтаймаваны чалавечай істотай,
 
Бо ўсякая прырода зьвяроў, і птушак, і паўзуноў, і марскіх жывёлаў таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечаю,

аднак ніхто з людзей не можа ўтаймаваць язык — нястрымнае зло, поўнае смяротнай атруты.
 
а языка ніхто з людзей утаймаваць ня можа; ён — нястрымнае ліха, поўны сьмяротнай атруты.

Ім мы благаслаўляем Пана і Айца і ім праклінаем людзей, створаных на Божае падабенства.
 
Ім дабраслаўляем Бога і Айца і ім праклінаем людзей, што створаны на падабенства Бога;

З тых самых вуснаў выходзіць благаслаўленне і праклён. Не павінна, браты мае, так быць.
 
з тых самых вуснаў выходзіць дабраслаўленьне і праклён. Не павінна быць гэтак, браты мае.

Ці ж з той самай крыніцы выцякае салодкая і горкая вада?
 
Ці з аднаго жарала крыніцы выцякае салодкая і горкая [вада]?

Ці можа, браты мае, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы? Так і салёная крыніца не можа даваць салодкай вады.
 
Ня можа, браты мае, фігавае дрэва радзіць аліўкі, або вінаградная лаза — фігі; гэтаксама адна крыніца — даваць салёную і салодкую ваду.

Хто з вас мудры і разумны? Няхай добрымі паводзінамі пакажа свае ўчынкі ў мудрай лагоднасці.
 
Хто з вас мудры і мае розум, няхай пакажа гэта справамі сваімі праз добры лад жыцьця з ціхасьцю мудрасьці.

Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, то не хваліцеся і не хлусіце насуперак праўдзе.
 
А калі ў вашым сэрцы вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, не вывышайцеся і не хлусіце насуперак праўдзе.

Бо гэта не мудрасць, якая прыходзіць звыш, але зямная, цялесная, д’ябальская.
 
Гэта ня ёсьць мудрасьць, якая з вышыні зыходзіць, але зямная, душэўная, дэманава,

Дзе зайздрасць і сварлівасць, там бязладдзе і ўсякая ліхая справа.
 
бо дзе зайздрасьць і сварлівасьць, там бязладзьдзе і ўсякія благія рэчы.

А мудрасць, якая прыходзіць звыш, найперш — чыстая, потым — міралюбная, ласкавая, пакорлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронняя, некрывадушная.
 
Але мудрасьць, якая з вышыні, па-першае, — чыстая, пасьля — мірная, спагадная, саступлівая, поўная літасьці і добрых пладоў, бесстаронная і некрывадушная.

А плод справядлівасці сеюць у спакоі тыя, хто чыніць спакой.
 
Плод жа праведнасьці ў супакоі сеецца тымі, якія робяць супакой.