Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая служыць Касцёлу ў Кенхрах.
 
Паручаю вам Фебу, сястру нашую, дыяконьніцу Касьцёла ў Кэнхрах. Яна там на паслузе.

Прыміце яе ў Пану, як належыць святым, і забяспечце яе тым, чаго яна магла б патрабаваць ад вас, бо і яна была апякункай многіх ды і мяне самога.
 
Прыміце яе ў Госпаду, як належыцца сьвятых прымаць. Памажыце ёй ва ўсіх справах, дзе ваша помач патрэбна. Яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітайце Прысцылу і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Езусе,
 
Прывітайце супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Езусе: Прыскілу і Аквілу,

якія рызыкавалі сабой дзеля мяне, якім не толькі я дзякую, але і ўсе Касцёлы язычнікаў.
 
каторыя для захаваньня майго жыцьця падставілі свае галовы, каторым ня толькі я ўдзячны, але ўсе касьцёлы між паганаў.

Прывітайце таксама Касцёл, які збіраецца ў іх доме. Прывітайце ўмілаванага майго Эпэнэта, які першым адкрыў Азію для Хрыста.
 
Прывітаньне і касьцёлу ў іх доме. Прывітайце мне мілага Епенэта, каторы першы хрысьціянін у Азіі.

Прывітайце Марыю, якая шмат працавала для вас.
 
Прывітайце Марыю, каторая многа папрацавала для вас.

Прывітайце Андроніка і Юнія, родных маіх і сувязняў маіх, якія вылучаюцца між Апосталаў і былі ў Хрысце раней за мяне.
 
Прывітайце Андроніка і Юнію і сяброў вязьніцы, праслаўленых сярод Апосталаў, каторыя перада мною ўверылі ў Хрыста.

Прывітайце Ампліята, умілаванага майго ў Пану.
 
Прывітайце дарагога мне ў Госпаду Ампліята.

Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысце, і Стахія, умілаванага майго.
 
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысьце Урбана ды мілага мне Стахіса.

Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысце. Прывітайце тых, хто з дому Арыстобуля.
 
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысьце Апелёса. Прывітайце тых, што з дому Арыстобуля.

Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, хто з дому Нарцыза, якія належаць Пану.
 
Паздароўце Гэродыёна майго сваяка. Паздароўце тых, што з дому Нарцыза, належачых да Госпада.

Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць у Пану. Прывітайце ўмілаваную Персіду, якая шмат папрацавала ў Пану.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфозу, паслугуючых у Госпаду. Паздароўце мілую Пэрсыду, каторая многа папрацавала для Госпада.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Пану, ды маці яго і маю.
 
Прывітайце выбраньніка ў Госпадзе Фуфуса і яго матку і маю.

Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Гермеса, Патроба, Гермаса ды іншых з імі братоў.
 
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Гэмэса, Патробу, Гэрмаса ды братоў, што разам з намі.

Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх з імі святых.
 
Паздароўце Філолога і Юлью, Нэрэя і яго сястру, Олімпаса ды ўсіх сьвятых, што разам з намі.

Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Касцёлы Хрыста.
 
Прывітайце ўзаемна адны другіх сьвятым пацалункам. Вітаюць вас усіх Хрыстовыя касьцёлы.

Прашу вас, браты, сцеражыцеся тых, хто сее падзелы і спакусы насуперак вучэнню, якому вы навучаныя. Ухіляйцеся ад іх.
 
Прашу вас яшчэ, браты, сьцеражыцеся тых, што пашыраюць нязгоду і недавер'е да навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

Бо такія служаць не Пану нашаму Хрысту, а свайму чэраву, і мілай гаворкай ды красамоўствам зводзяць сэрцы прастадушных.
 
Такія людзі ня служаць нашаму Госпаду Хрысту, але жывому свайму. Салодкімі і патураючамі зводзяць нявінныя душы.

Вашая паслухмянасць вядома ўсім, таму радуюся за вас. Хачу, каб вы былі мудрыя ў добрым і незаплямленыя злом.
 
Ваша паслухмянасьць вядомай усім людзям. Дык радуюся з вас, прагну, каб вы былі разумнымі ў тым, што добрае ды што благое.

А Бог спакою неўзабаве скрышыць сатану пад вашымі нагамі. Ласка Пана нашага Езуса Хрыста няхай будзе з вамі.
 
Ускорасьці Бог супакою сатрэ шатана пад вашымі нагамі. Ласка Госпада нашага Езуса Хрыста хай будзе з вамі!

Вітае вас Цімафей, супрацоўнік мой, ды Луцый, Язон і Сасіпатар, сваякі мае.
 
Вітае вас супрацоўнік мой Цімахвей і Люцый, Язон — мае сваякі.

Вітаю вас у Пану і я, Тэрцый, які напісаў гэтае пасланне.
 
Вітаюць вас у Госпаду і я, Тэрцый, які пісаў гэты ліст.

Вітае вас Гай, які прымае мяне, і ўвесь Касцёл. Вітае вас Эраст, гарадскі скарбнік, і брат Кварт.
 
Вітае вас Гаюс, каторы ёсьць маім ды ўсяго Касьцёла гаспадаром.

[отсутсвует]
 
Вітае вас Эраст, скарбнік горада і Квартус — брат.

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі,
 
Таму, каторы мае моц уцьвердзіць вас паводле Эвангеліі ды маім вяшчэньнем Езуса Хрыста, згодна з аб'яўленай тайнай (таямніцай) даўнейшым вяком схаванай,

але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры,
 
а цяпер аб'яўленай прароцкімі лістамі па загаду спрадвечнага Бога абвешчанай ўсім народам, для падчыненьня іх веры,

адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.
 
Богу, Каторы адзіна мудры, праз Езуса Хрыста — хай будзе хвала ў вякі вечныя. Амэн.