Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема.
 
І былі сабраўшыся да Яго хварысэі і нікаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ярузаліму.

І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі.
 
І ўбачыўшы нікаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі гэта значыць няўмытымі рукамі, асуджалі (іх).

Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук.
 
Бо хварысэі і ўсе жыды, трымаючыся наказу старэйшых, ня ядуць пакуль ня ўмыюць старанна ру́кі.

І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў.
 
І (прыйшоўшы) з торгу, пакуль ня абмыюцца, ня ядуць. Ёсьць і (яшчэ) многае іншае, чаго яны пастанавілі трымацца: абмыцьцё чараў і кубкаў і катлоў і ўслонаў.

Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?»
 
Потым пытаюцца ў Яго хварысэі і кніжнікі: чаму вучні Твае ня жывуць згодна наказаў старэйшых, але няўмытымі рукамі ядуць хлеб?

Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,а сэрца іх далёка ад Мяне.
 
Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: добра прарочыў пра вас крывадушнікаў Гісая, як напісана: народ гэты шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае знаходзіцца далёка ад Мяне;

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”.
 
але марна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам, прыказаньням чалавечым (Гісая 29:13).

Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».
 
Бо пакінуўшы прыказаньне Бога трымаецеся загадаў чалавечых: абмываньня кубкаў і чараў і многага другога падобнага таму трымаецеся.

І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю.
 
І казаў ім: ці добра што вы адкідаеце прыказаньне Бога, каб трымацца вашых наказаў?

Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
 
Бо Масей сказаў: шануй бацьку твайго і матку тваю: і хто зьняважа́е бацьку ці матку няхай памрэ сьмерцяй.

А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”,
 
А вы гаворыце: калі чалавек скажа бацьку ці матцы: корван, — што азначае: «дар (Богу) — чым бы ты ад мяне карыстаўся»,

то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці.
 
і ўжо дазваляеце яму нічога ня рабіць бацьку свайму ці матцы сваёй,

Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».
 
абяссільваючы Слова Бога наказам вашым, які вы пастанавілі; і робіце шмат падо́бнага да гэтага.

Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!
 
І паклікаўшы ўвесь народ, казаў ім: слухайце Мяне ўсе і разумейце:

Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго».
 
няма нічога, што ўваходзіць у чалавека звонку, што можа яго апаганіць; але тое, што выходзіць зь яго, гэна апаганьвае чалавека.

[отсутсвует]
 
Калі хто мае вушы чуць, хай слухае!

А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці.
 
І калі Ён увайшоў у дом ад народу, вучні Ягоныя пыта́ліся ў Яго пра прыповесьць.

І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым,
 
І кажа ім: настолькі і вы няцямныя? няўжо ж ня разумееце, што нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа яго апаганіць?

бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай.
 
Бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, але ў страўнік, і выходзіць вонкі, ачышчаючы ўсякую ежу.

Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым.
 
І казаў: што выхо́дзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека.

Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы,
 
Бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, пералюбы, блудадзействы, забойствы,

чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства.
 
крадзяжы, прагавíтасьць, злосьць, ашу́ка, бессарамяжнасьць, ліхое вока, блюзьне́рства, пыха, няразумнасьць.

Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».
 
Усё гэтае ліха з нутра выходзіць і апаганьвае чалавека.

Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца.
 
І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тыра і Сідона. І ўвайшоўшы ў дом, ня хацеў, каб хто-небудзь даведаўся, але ня здолеў утаіцца.

Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног.
 
Бо жанчына, дачка якой мела ў сабе нячыстага духа, пачуўшы пра Яго, прыйшоўшы ўпала да Ног Ягоных;

А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі.
 
а была тая жанчына пага́нка, родам сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.

Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
 
Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.

Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей».
 
А яна адказала Яму і кажа: так, Госпадзе! але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей.

Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі».
 
І сказаў ёй: дзеля гэтага слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.

Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.
 
І прыйшоўшы ў свой дом (яна) знайшла, што дэман выйшаў, і дачка ляжыць на ложку.

Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса.
 
І ізноў выйшаўшы зь зямель Тыра і Сідона прыйшоў да мора Галілеі пасярод земляў Дзесяціместа.

Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку.
 
І прыводзяць да Яго глухога гугнявага і просяць Яго, каб усклаў на яго Руку́.

Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка.
 
І адвёўшы яго ўбок асобна ад натоўпу, уклаў Пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся языка ягонага.

Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся».
 
І глянуўшы ўверх да неба ўздыхнуў і кажа яму: Эўпата, што значыць: расчыніся!

Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
 
І адразу быў расчынены слых яго́ны, і разьвязаны путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш.
 
І загадаў ім ніко́му ня расказваць. Але ко́лькі Ён ім ні забараняў, яны яшчэ больш разгалошвалі.

Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»
 
І вельмі моцна зьдзіўляліся, кажучы: усё добра зрабіў: і глухіх робіць чуячымі, і нямых — гаворачымі.