Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
 
І казаў ім: праўду кажу вам, што ёсьць нікаторыя з тых, што стаяць тут, якія ня ўбачаць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Бога, прыйшоўшае ў сіле.

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
 
І цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пятра і Якуба, і Яана і ўзводзіць на гару высокую асобна іх адных. І пераабразіўся перад імі.

Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
 
І адзеньне Ягонае зрабілася бліскучым, вельмі белым, як сьнег, ды як бялільшчык на зямлі ня можа выбяліць.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
 
І зьявіліся ім Ільля з Масеям ды гутарылі зь Ісусам.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
І, загаварыўшы, Пётра кажа Ісусу: Раўві! добра нам тут быць. Дык зробім тры буданы: Табе адзін і Масею адзін і Ільлі адзін.

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
 
Сам таго ня разумеў, што сказаў, бо былі ў страху.

І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
 
І зьявілася воблака, якое іх ахіну́ла, і прыйшоў голас з воблака, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
 
І раптам аглядзеўшыся наўкола нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
 
І калі яны зыходзілі з гары, (Ён) загадаў ім, каб нікому ня расказвалі пра тое, што ўбачылі, да таго часу калі Сын Чалавечы ўваскрэсьне зь мёртвых.

Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
 
І (яны) захавалі гэтае слова, разважаючы паміж сабою: што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
І спыталіся ў Яго кажучы: чаму кніжнікі гавораць, што Ільля мае прыйсьці раней?

Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
 
Ён жа адказаўшы сказаў ім: Ільля сапраўды прыйшоў раней, каб усё аднавіць; а пра Сына Чалавечага напісана, каб многа перацярпе́ў і быў панíжаны.

Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
 
Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і яму зрабілі што хацелі, як напісана пра яго.

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 
І прыйшоўшы да вучняў убачыў шмат народу каля іх ды кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі.

Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
І ўвесь натоўп убачыўшы Яго быў зьдзіўлены (Ягоным раптоўным зьяўленьнем) і, падбягаючы (да Яго) віталі Яго.

Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
 
І запытаўся ў кніжнікаў: аб чым спрачаецеся зь імі?

Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
 
І, адказаўшы, адзін з натоўпу сказаў: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына свайго, які мае духа нямога.

Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
 
І дзе б (ён) ім ня авало́даў, кíдае яго (на зямлю), і (той) пускае пену і скрыгоча зубамі сваімі і пруцянее. І я сказаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і ня здо́лелі.

Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Ён жа адказаўшы яму, кажа: о, род няверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне.

Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос яго, і ўпаўшы на зямлю валяўся пускаючы пену.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
 
І спытаўся (Ісус) у ба́цькі ягонага: як даўно гэта зрабілася зь ім? Ён жа адказаў: зь дзяцінства.

Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
 
І шмат разоў (дух) кíдаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі.

Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
 
А Ісус адказаў яму: калі можаш паверыць, усё магчыма для верніка.

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
 
І адразу загаласіўшы бацька хлопца са сьлязьмі казаў: веру, Госпадзе! памажы мне (пры маёй) слабой веры.

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
Ісус жа, убачыўшы, што зьбіраецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі! Я зага́дваю табе: выйдзі зь яго і больш ня ўваходзь у яго.

І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
 
І закрычаўшы і моцна страсянуўшы яго, выйшаў; і (хлопец) зрабіўся як бы мёртвы, так што многія казалі, што (ён) памёр.

Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
 
Але Ісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго, і (той) устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
 
І калі Ён увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго насамоце: чаму мы ня змаглі выгнаць яго?

А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
 
І адказаў ім: гэты род ніяк ня можа выйсьці, ня інакш як толькі ад малітвы і по́сту.

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
 
І выйшаўшы адтуль праходзілі праз Галілею, і (Ён) ня хацеў, каб хто даведаўся.

Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
 
Бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім: Сын Чалавечы аддаецца ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і пасьля забойства ў трэйці дзень уваскрэсьне.

Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Але яны ня разумелі гэтага слова, а спытацца ў Яго баяліся.

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
 
І прыйшоў у Капэрнавум; і знаходзячыся ў доме пытаўся ў іх: пра што вы ў дарозе між сабою дыскутавалі?

Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
 
А яны маўчалі; бо яны ў дарозе спрачаліся паміж сабою, хто большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
 
І сеўшы паклікаў дванаццаць і кажа ім: калі хто хоча (сярод вас) быць першым, хай будзе для ўсіх апошнім і ўсім слугою.

Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
 
калі хто прыйме адно з такіх дзяцей у Імя Маё, Мяне прыймае, а калі хто Мяне прыйме, ня Мяне прыймае, але Паслаўшага Мяне.

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
 
А Яан загаварыў да Яго кажучы: Настаўнік! (мы) бачылі нейкага (чалавека), які выганяе дэманаў Імем Тваім, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.

А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
 
Ісус жа сказаў: ня забараняйце яму, бо няма такога, хто ўчыніць цуд Імем Маім і зможа ў хуткасьці Мяне ліхасловіць.

Бо хто не супраць нас, той за нас.
 
Бо хто ня супраць вас, той за вас.

А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
 
І хто напоіць вас кубкам вады ў Імя Маё, затым, што вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
 
А хто ўвядзе ў грэх аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, ле́пей было б яму, калі б яму павесілі на шыю жо́ран і кінулі ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
 
І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі, увайсьці ў геенну, у вагонь няпагасны,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іхны ня памірае, і агонь ня гасьне.

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
 
І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе; ле́пей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым маючы дзьве нагі быць укіненым у геенну, у вагонь няпагасны,

[отсутсвует]
 
дзе чарвяк іхны ня памірае, і вагонь ня гасьне.

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
 
І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго; ле́пей табе аднавокім увайсьці ў Валадарства Бога, чым маючы двое вачэй быць укінутым у геенну вагнявую,

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
 
дзе чарвяк іхны ня ўмірае, і агонь ня гасьне.

Бо кожны будзе пасолены агнём.
 
Бо кожны агнём асо́лены будзе, і ўсякая ахвяра сольлю асо́лена будзе.

Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
 
Соль — добрая (рэч); але, калі соль зробіцца ня салёнай, у чым зробіце яе салёнай? Мейце ў сабе соль і жывіце ў міры паміж сабою.